«Гэта загад Пуціна». У Арменіі расійскія вайскоўцы затрымалі грамадзяніна РФ, які ўцёк ад вайны

Расійскія вайскоўцы затрымалі ў Арменіі грамадзяніна РФ Дзмітрыя Сетракова, які збег ад вайны ва Украіне. Пра гэта «Новай газеце. Еўропа» распавёў заснавальнік праекта «Ідзіце лесам» Рыгор Свярдлін.

7_317.webp

Сетракова мабілізавалі 24 верасня 2022 года. 22 красавіка 2023-га ён самавольна пакінуў частку і хаваўся. 11 кастрычніка мужчына здаўся з павіннай і знаходзіўся ў вайсковай частцы корпуса ваеннай паліцыі.

— Ён спачатку сваімі сіламі спрабаваў [збегчы], — паведаміў Свярдлін. — Яго адпусцілі ў адпачынак, і ён адтуль не вярнуўся. Яго затрымалі, даставілі назад у частку. Потым ён ужо звязаўся з намі, і мы ўжо больш пісьменна дапамаглі яму дэзерціраваць і выехаць з краіны. На яго заведзеная справа [у РФ] аб самавольным пакіданні часткі.

30 лістапада расіец прыехаў у Ерэван.

Паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі «Хельсінкская грамадзянская асамблея — Ванадзор», 6 або 7 снежня 2023 года Сетракова затрымалі супрацоўнікі паліцыі 102-й расійскай вайсковай базы ў горадзе Гюмры. Мужчыну перавялі на тэрыторыю базы. Супраць яго распачатая крымінальная справа аб самавольным пакіданні часткі. Сетракова арыштавалі на 27 дзён.

— Мы не ведаем, на жаль, навошта ён паехаў у Гюмры, — кажа Свярдлін. — Уся далейшая інфармацыя ўжо ад яго жонкі. Ён патэлефанаваў ёй 7 снежня, яму па гучнай сувязі далі магчымасць патэлефанаваць. Ён сказаў, што яго затрымалі, што знаходзіцца ён на расійскай вайсковай базе. І далей гэтая інфармацыя ўжо пацвердзілася, таму што мы звязаліся з армянскімі праваабаронцамі.

7 снежня да яго падышлі людзі, якія прадставіліся армянскай ваеннай паліцыяй. Але раз ён апынуўся на расійскай вайсковай базе, відавочна, што гэта насамрэч былі расійскія вайскоўцы ці расійскія спецслужбы. Сёння мы вырашылі, што ўжо часу выдаваць справу агалосцы, таму што здаецца, што без гэтага яго проста вывезуць у Расію.


Глядзіце таксама

Гэта першы такі выпадак, наколькі мы з калегамі ведаем. Былі выпадкі, калі армянская паліцыя затрымлівала расійцаў, якія былі ў Расіі ў вышуку, але іх заўсёды адпускалі. І, вядома, ніколі гэтыя расійцы не ўтрымліваліся на расійскіх вайсковых базах. Гэта значыць, па сутнасці, гэта выкраданне чалавека на тэрыторыі іншай дзяржавы.

Пакуль праваабаронцы нічога не могуць сказаць, спрабуюць дамагчыся нейкіх адказаў ад афіцыйных армянскіх уладаў. Але гэта, мабыць, не раней за панядзелак адбудзецца.

Кіраўнік арганізацыі Артур Сакунц таксама заявіў у інтэрв'ю армянскай службе «Радыё Свабоды», што Сетракоў быў расійскім кантрактнікам, але пасля пачатку вайны пераехаў у Арменію.

На расійскай вайсковай базе ў Гюмры праваабаронцу пацвердзілі факт затрымання і дадалі, што «гэта загад прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна — арыштоўваць усіх такіх адмоўнікаў».

Расследаванне крымінальнай справы вядзе расійскі 519-ты вайсковы следчы аддзел, які размешчаны на тэрыторыі Арменіі.

Паведамляецца, што пасля вынясення прысуду ён можа быць вернуты ў Расію для адбыцця пакарання.

«На тэрыторыі Арменіі свабода чалавека можа быць абмежаваная толькі праваахоўнымі органамі рэспублікі, а супрацоўнікі ваеннай паліцыі РФ не маюць права прадпрымаць падобныя дзеянні, так як яны раўнасільныя замаху на суверэнітэт і прававую сістэму краіны. Мы патрабуем ад урада, Генеральнай пракуратуры і іншых праваахоўных органаў Арменіі прыняць усе неабходныя меры для вяртання Дзмітрыя Сетракова пад прававую абарону краіны і распачаць крымінальны пераслед па факце незаконных дзеянняў ваеннай паліцыі РФ», — заявілі ў «Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі».