Украіна пайшла насустрач Венгрыі ў моўнай спрэчцы. Будапешт усё роўна незадаволены

Венгерскія ўлады лічаць, што Украіна павінна «адкаціць» моўнае заканадаўства аж у 2015 год. А пакуль усяляк шкодзяць Кіеву ў атрыманні дапамогі ў ЕС і ў працэсах еўраінтэграцыі.

Фота ua.depositphotos.com

Фота ua.depositphotos.com

Украіна пайшла на саступкі Венгрыі адносна моўных правоў нацменшасцяў, але ў Будапешце ўсё роўна незадаволеныя. Адпаведную заяву зрабіў дзяржаўны сакратар венгерскага Міністэрства замежных спраў Тамаш Менцэр.

Паводле яго слоў, Украіна «пачала адбіраць правы» ў венгерскай абшчыны восем гадоў таму, а таму вяртаць профільнае ўкраінскае заканадаўства трэба менавіта ў той пункт.

«Вядома, мы будзем уважліва вывучаць пастановы ўкраінскага парламента, але ўжо зразумела, што правы 2015 года яшчэ далёка не вернутыя», – напісаў прадстаўнік венгерскага МЗС у фэйсбуку.

Украінскае выданне unian.net звярнула ўвагу, што ў каментарах пад заявай чыноўніка ёсць шмат амаль аднолькавых допісаў, зробленых як пад капірку з лозунгам «Венгрыя адказная за венграў за мяжой» або яго варыяцыямі. Але значна больш каментароў, у якіх людзі абураюцца, чаму ўрад так ліха абараняе венграў ва Украіне і не клапоціцца пра дабрабыт венграў у самой Венгрыі.


5_589.jpg

Адносіны Украіны і Венгрыі рэзка пагоршыліся восенню 2017 года пасля прыняцця Вярхоўнай Радай новага закона аб адукацыі. У ім, у прыватнасці, было прадугледжана абавязковае выкладанне часткі прадметаў на ўкраінскай мове нават у школах для нацыянальных меншасцяў.

Венгрыя была вельмі незадаволеная украінскім законам, сцвярджаючы, што ён парушае правы венгерскай нацыянальнай меншасці ў Закарпацці. Пасля гэтага Будапешт пачаў сістэмна блакаваць супрацоўніцтва Украіны з NATO і часткова з ЕС.


Глядзіце таксама

Венецыянская камісія ЕС таксама параіла Украіне некалькі змякчыць патрабаванні да мовы выкладання ў школах. У 2020 годзе Вярхоўная Рада прыняла новы закон аб поўнай агульнай сярэдняй адукацыі, які часткова быў саступкай Венгрыі і ЕС, але ўсё роўна не задаволіў Будапешт.

8 снежня гэтага года Вярхоўная рада прыняла яшчэ адзін закон, які ўносіць папраўкі ў шэраг іншых законаў, у прыватнасці, у законы аб адукацыі і аб нацменшасцях. Сярод іншага ён прадугледжвае, што прыватныя ўстановы вышэйшай адукацыі могуць свабодна выбіраць мову навучання з пераліку афіцыйных моў ЕС. Гэта значыць, венгерскую таксама. Таксама ў медыя для нацменшасцяў закон дазволіў выкарыстанне моў ЕС.