«Расстраляная гісторыя». Як сталінскія рэпрэсіі 1930-х закранулі айчынную гістарычную навуку?

Ужо традыцыйна ноч з 29 на 30 кастрычніка адзначаецца як памятная трагічная дата: «Ноч расстраляных паэтаў». Гэтая дата яшчэ і сімвалічны дзень памяці ўсіх ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тэрор закрануў усе сферы жыцця. Літаратура, навука, культура… Каток рэпрэсій прайшоўся і па беларускай гістарычнай навуцы.

00_vokladka_42.jpg

Сталінскія рэпрэсіі знішчылі маладую гістарычную школу Савецкай Беларусі: фізічна і ментальна. Канешне, традыцыю айчынных гістарычных даследаванняў можна выводзіць і з ранніх часоў, перакінуць масткі ў даўнія часы да штудый Мацея Стрыйкоўскага, Альберта Віюк-Каяловіча, не абмінуць кола гісторыкаў Віленскага ўніверсітэта… Можна і шмат спрачацца аб якасці і ідэалагічным напаўненні беларускіх гістарычных навуковых прац 1920-х –1930-х гадоў, але трэба прызнаць фенаменальнасць з’явы: за некалькі год часоў так званай палітыкі беларусізацыі ў краіне аформілася ўласная традыцыя гістарычных даследаванняў, свая гістарычная школа: з хібамі, зонамі росту, але свая, беларуская. І любая навуковая школа — гэта людзі. 

У Дзень памяці ахвяр рэпрэсій згадаем рэпрэсіраваных беларускіх гісторыкаў. Ці сапраўды рэпрэсіі пакінулі моцны след на айчыннай гістарычнай навуцы? Будзем разбірацца.

У чым галоўная трагедыя чыстак? 

Пачнём з галоўнага: глабальных наступстваў.

На піку развіцця гістарычная школа была знішчаная. Рэпрэсіі закранулі ўсіх: і масцітых навукоўцаў з ступенямі і званнямі, і маладых перспектыўных даследчыкаў. Што казаць, нават у тую знакамітую кастрычніцкую ноч чэкісцкая куля закранула навуку і асвету: быў забіты рэктар БДУ Дзякаў і наркам асветы Варончанка.

Чысткі, тэрор, даносы, дух страху і падазронасці… Гэтыя ўмовы не спрыялі развіццю не толькі гістарычнай навукі, але і навукі наогул. Але парадокс: мінула больш за 80 год, а ацаніць урон ад рэпрэсій усё яшчэ складана. І справа нават не ў тым, што калегі тых, рэпрэсіраваных, гісторыкаў не маюць доступу да архіўных дакументаў арганізацый, якія чынілі тэрор. Не, загваздка ў тым, што рэпрэсіі — паняцце досыць шырокае, а наступствы ад іх — яшчэ шырэйшае. Гэта не толькі фізічнае вынішчэнне людзей ці гіганцкія турэмныя тэрміны, але ж гэта і высылкі, і звальненні, і ціск на працы, творчыя абмежаванні, цэнзура і самацэнзура, дыктат у выбары тэм і метадаў даследавання, уплыў ідэалагічны… 

А ў плане ацэнкі наступстваў дык наогул можна разгуляцца! Рэпрэсіі супраць гісторыкаў — гэта не напісаныя артыкулы і манаграфіі, не здзейсненыя археалагічныя раскопкі, экспедыцыі, гэта не выяўленыя і не апрацаваныя архіўныя дакументы… 

Інбелкульт — пачатак школы

Гістарычная школа пачала складвацца ў знакамітым Інстытуце беларускай культуры. У пачатку 1925 года пры Інбелкульце была створаная адмысловая секцыя, якая аб’ядноўвала і каардынавала працу гісторыкаў, якія засталіся ў Савецкай Беларусі. Усё ж быў такі час, што былі і навукоўцы ў Заходняй Беларусі, і на эміграцыі. Ужо ў кастрычніку таго ж 1925-га секцыя вырасла да гісторыка-археалагічнай камісіі. Пачалася сапраўды грунтоўная і сур’ёзная справа: жніва на гістарычнай ніве было шмат, а вось працаўнікоў на ім — замала.

Будынак Інстытуту беларускай культуры

Будынак Інстытуту беларускай культуры

Але ж гэта былі гучныя імёны і постаці айчыннай гістарычнай навукі. Старшыні камісіі — У. Пічэта і М. Доўнар-Запольскі, вучоны сакратар — Д. Даўгяла, чальцы — гісторыкі В. Дружчыц, М. Мялешка, археолагі А. Ляўданскі, С. Дубінскі, К. Палікарповіч, этнограф І. Сербаў. Справы ішлі, людзі далучаліся. У другой палове 1927-га камісія была падзеленая на асобныя археалагічную і гістарычную.

Інбелкульт (1927)

Інбелкульт (1927)

Канешне, пра дзейнасць на навуковай ніве гістарычнай камісіі Інбелкульта можна скласці цэлую манаграфію. Калі коратка, то яна займалася наступным.

Па-першае, камісія пачала сістэматычныя навукова-даследчыя працы. Вынік быў адразу: у 1925-м і 1926-м выйшлі з друку першыя зборнікі гістарычных дакументаў і матэрыялаў, а таксама зборнікі навуковых артыкулаў.

Па-другое, быў наладжаны выпуск перыядычных навуковых выданняў. У беларускіх гісторыкаў з’явілася ўласная пляцоўка для публікацыі вынікаў сваіх навуковых даследаванняў.

Па-трэцяе, былі ўзноўлены археалагічныя даследаванні, наладжана праца навуковых экспедыцый. 

Пачатак — добры, перспектывы — каласальныя. Але ж не трэба забываць, у якім палітычным рэжыме гэта ўсё адбывалася. Хмары рэпрэсій згушчаліся над навукоўцамі…    

Першыя прафесары БДУ

Першыя прафесары БДУ

Першымі трапляюць лепшыя

Адным з першых, яшчэ ў 1925-м годзе ад савецкай улады пацярпеў патрыярх айчыннай гістарычнай навукі Мітрафан Доўнар-Запольскі

Навуковец падрыхтаваў грунтоўную працу — «Гісторыя Беларусі». Але яна выклікала абурэнне палітычных уладаў БССР, паміж Доўнар-Запольскім і чыноўнікамі ўзнік ідэалагічны канфлікт. У студзені 1926-га закрытае пасяджэнне бюро ЦК КПБ прыняло адразу два рашэнні. Першае па кнізе: не выдаваць яе, бо праца з’яўляецца «катэхізісам нацыянал-дэмакратызму». Кнігу забараніць, а рукапіс канфіскаваць. Другое рашэнне датычылася аўтара: арганізаваць яго выезд з БССР не пазней за 1 чэрвеня таго ж года.

Мітрафан Доўнар-Запольскі (1926 год)

Мітрафан Доўнар-Запольскі (1926 год)

Пасля гэтага Доўнар-Запольскі быў вымушаны пераехаць, практычна ён быў высланы ў Маскву і ніколі больш не вяртаўся ў Беларусь. Доўнар-Запольскі не быў фізічна вынішчаны, часы былі яшчэ не тыя. Але нацярпеўся навуковец добра. Напачатку 1930-х ён быў рэзка раскрытыкаваны за «нованародніцтва», яму прыпісвалася аўтарства ідэйнай базы «нацыянал-дэмакратызму», яго называлі «агентам фашызму», ён і яго навуковая школы былі палітычна выкрыты і разгромлены… 

Мітрафан Доўнар-Запольскі (1930-я)

Мітрафан Доўнар-Запольскі (1930-я)

Смерць прафесара ў 1934-м выратавала яго ад пакут у засценках НКУС. Але і з мёртвым навукоўцам савецкая ўлада таксама расправілася. 3 чэрвеня 1937 году Галоўліт БССР выдала загад са спісам літаратуры, якая падлягала канфіскацыі з бібліятэк: усе кнігі Мітрафана Доўнара-Запольскага прадпісвалася спаліць.

Будынак НКУС БССР

Будынак НКУС БССР

У зоне рызыкі былыя эмігранты 

Лёс іншага гісторыка, не менш значнага, склаўся больш трагічна. Гісторык, дыпламат, актыўны чалец нацыянальнага руху, і ўрэшце — міністр замежных спраў ва ўрадзе БНР, старшыня І Усебеларускай канферэнцыі ў Празе. Акрамя таго — аўтар фундаментальнай навуковай працы «Западно-руссизм». 

Гэта — Аляксандр Цвікевіч, чалавек, які паверыў у намеры савецкай улады пабудаваць Беларусь на нацыянальных каштоўнасцях. Паверыў і вярнуўся з эміграцыі ў Мінск. З такім мінулым кляймо ворага савецкай улады было пастаўленае Цвікевічу амаль адразу, а арышт — справа часу.

Аляксандр Цвікевіч у часы працы ва ўрадзе БНР

Аляксандр Цвікевіч у часы працы ва ўрадзе БНР

Аляксандр Цвікевіч з сям’ёй пераехаў у савецкі Мінск у лістападзе 1925-га. Спачатку яго не чапалі, усё ж палітыка была іншай. Спачатку трэба было залагодзіць. Пасля пераезду ў БССР Цвікевіч працаваў кансультантам у Наркамаце фінансаў, потым — вучоным сакратаром Інбелкульта. З 1929-га працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук. У гэты ж час выходзіць яго знакамітая праца ««Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX ст.». У ёй аўтар зрабіў аналіз ідэалогіі і практыкі русіфікацыі Беларусі ў перыяд Расійскай імперыі, даў ацэнку розным кірункам «заходнерусізму»… Праца смелая і ў яўна антыімперскім духам. Але ж імперыя нікуды не знікла: фактычна адразу пасля выхаду гэтая кніга была забаронена, а амаль увесь яе тыраж быў знішчаны.

Аляксандр Цвікевіч (фота са следчай справы)

Аляксандр Цвікевіч (фота са следчай справы)

А далей прадбачаны сюжэт… За Цвікевічам карныя органы прыйшлі 4 ліпеня 1930-га па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Вырак — 5 гадоў ссылкі. Паўторна арыштаваны 17 снежня 1937-га, ужо 30 снежня Аляксандр Цвікевіч быў расстраляны ў Мінску. 

Перавыданне манументальнай кнігі Цвікевіча

Перавыданне манументальнай кнігі Цвікевіча

За настаўнікамі ідуць вучні

За той кароткі час, які М. Доўнар-Запольскі працаваў у Мінску, ён змог стварыць уласную гістарычную школу, прычым досыць якасную. Але яго вучні не толькі займаліся грунтоўнымі гістарычнымі даследаваннямі ўзроўню настаўніка, яны яшчэ і цярпелі пераслед, як і іх навуковы кіраўнік.

Глядзіце таксама

Яскравы прыклад — выпускнік педагагічнага факультэта БДУ, гісторык Мікола Улашчык. Першы раз ён быў арыштаваны 16 чэрвеня 1930 года па абвінавачанні ў тым, што нібыта кіраваў моладзевым цэнтрам выдуманага чэкістамі «Саюза вызвалення Беларусі». Прысуд па першай справе: 5 гадоў высылкі ў г. Налінск. У высылцы ў 1932 годзе даследчыка зноў арыштоўваюць і судзяць: статус ссыльнага мяняецца на статус зняволенага строгага рэжыму, яго этапіруюць у Марыінскі лагер, а потым у пасёлак Суслава Кемераўскай вобласці…

Мікалай Улашчык (1940 год)

Мікалай Улашчык (1940 год)

І гэта пачатак, у лёсе Міколы Улашчыка будуць яшчэ шматлікія арышты, турмы, тэрміны, лагера аж да 1955-га… Але будзе і поспех навукоўца: у 1964-м годзе ён стане доктарам гістарычных навук.

Яго жыццё — прыклад таго, што, калі табе наканавана быць навукоўцам, то нішто гэтаму не перашкодзіць, нават вір і молах жудасных рэпрэсій. І закладзеныя падмуркі гістарычнай школы тут не апошнюю ролю адыгралі. 

Абстаноўка перад чысткамі


Міжваенны Менск

Міжваенны Менск

Рэпрэсіі 1920-х – пачатку 1930-х не былі яшчэ масавымі. Так, вяліся надуманыя справы, людзей арыштоўвалі, катавалі, давалі тэрміны… Не было толькі масавасці, да якой заставаўся адзін крок.

Напачатку 1930-х навука яшчэ развівалася. Нават адбываліся станоўчыя адміністрацыйныя змены і зрухі. У 1929-м годзе Інстытут беларускай культуры быў рэарганізаваны ў Беларускую Акадэмію навук, а гэта зусім іншы статус і магчымасці. У беларускай навуцы, напрыклад, з’явіліся свае акадэмікі, што падвышала ўзровень і аўтарытэт навуковых школ.

Менск, Акадэмічная канфэрэнцыя (1926)

Менск, Акадэмічная канфэрэнцыя (1926)

Пры Акадэміі навук у кастрычніку 1929-га быў створаны Інстытут гістарычных навук. Яго першым дырэктарам стаў акадэмік У. Ігнатоўскі. Пры інстытуце дзейнічалі секцыі па вывучэнні гісторыі народаў СССР і Беларусі, па вывучэнні Заходняй Беларусі, гісторыі Захада, археалогіі і этнаграфіі. Выглядала шыкоўна!

Супрацоўнікі Інбелкульту

Супрацоўнікі Інбелкульту

Усяго ў Інстытуце ў сярэдзіне 1930-х працавала 20 навукоўцаў. Для навуковай установы гэта шмат. Сярод іх былі і дзейсныя члены Акадэміі навук, і акадэмікі па спецыяльнасці «гісторыя», дактары і кандыдаты навук. Фактычна, навуковая гістарычная школа Савецкай Беларусі стала на ногі і нават давала плады, якімі для гістарычнай навукі з’яўляюцца кнігі: да 1936-га было выдадзена 20 грунтоўных манаграфічных даследаванняў, а ўсіх кніг было апублікавана 32. І гэта без уліку навуковых артыкулаў!

Чым займаўся інстытут гісторыі?

Канешне, калі казаць пра гістарычную школу, то нельга абысці ўвагай важнае пытанне: а чым жа займаліся беларускія савецкія гісторыкі 1930-х? Што гэта за дзясяткі гістарычных кніг?

Трэба прызнаць, што «магістральнай тэмай» даследаванняў гісторыкаў была класавая барацьба, гісторыя кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, вывучалася сацыяльная гісторыя савецкага грамадства. Большасць навуковых прац малакаштоўныя для навукі. Яны самі каштоўнасць як люстэрка часу. Чаму? Бо гэтая навука стваралася пад дыктат партыйнай ідэалогіі, высновы падганяліся пад палітычныя выклікі дня. Галоўная каштоўнасць тых прац — прыведзеная факталогія.

Мінскі гістарычны музей

Мінскі гістарычны музей

Але былі і іншыя тэмы, якія распрацоўваліся інстытутам. Так, уплыў ідэалогіі быў і там, але ў даўняй гісторыі яго можна было не так яскрава праяўляць. Увагі вартыя працы па гісторыі ВКЛ, пра паўстанне 1863-га, спробы выдаць абагуленую працу па гісторыі Беларусі. Усё ж гэта быў складаны перыяд для свабодных даследаванняў, а тыя, што і рабіліся, рабіліся насуперак сістэме. 

Асобна варта сказаць пра археалогію, куды марксізм і класавасць праніклі не так моцна. Асабліва бачныя поспехі ў палявой археалогіі. Толькі факты: па стане на канец 1930-х навукоўцамі было выяўлена і даследавана каля 700 стаянак эпохі мезаліту, неаліту і бронзавага веку, больш за 800 гарадзішч і 200 паселішчаў жалезнага веку. Гэта вельмі сур’ёзная праца!

А потым пачаліся чысткі… 

Ракавая пасада дырэктара

Адным з першых, хто трапіў пад рэпрэсіі з Інстытута гісторыі, быў яго першы дырэктар Усевалад Ігнатоўскі. Менш за год Ігнатоўкі займаў пасаду, бо ўжо 26 снежня 1930 года зняты з пасады прэзідэнта БелАН, а 16 студзеня 1931 году ЦК КП(б)Б выключыла Ігнатоўскага з партыі як «лідара нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі». Усевалад Макаравіч неаднаразова выклікаўся на допыты ў ДПУ, пасля аднаго з іх не вытрымаў і скончыў жыццё самагубствам.

Усевалад Ігнатоўскі

Усевалад Ігнатоўскі

Наогул, пасада дырэктара інстытута гісторыі была як нейкая «чорная метка». Пераемнікам Ігнатоўскага стаў доктар гістарычных навук, акадэмік Павел Горын, які ўзначальваў Акадэмію ў 1931–1936 гадах і праявіў сябе перш за ўсё, як арганізатар навукі: пры ім у Акадэміі пачала стварацца ўласная сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў — інстытут аспірантуры (1932 год) і дактарантура (1934 год). У 1936 годзе ён быў пераведзены ў Маскву, а 28 жніўня 1937 года арыштаваны НКУС і прыгавораны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1938 года за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да расстрэлу. Прысуд акадэміка прывялі ў выкананне ў той жа дзень.

Павел Горын

Павел Горын

Затым дырэктарам Інстытута стаў доктар гістарычных навук, акадэмік Васіль Шчарбакоў. У жніўні 1936 года выключаны з КП(б)Б і зняты з пасады, а 21 чэрвеня 1937 года арыштаваны НКУС. Акадэмік быў уключаны ў сталінскі расстрэльны спіс ад 10 чэрвеня 1938 года па «1 катэгорыі» і 29 чэрвеня 1938 года выязной сесіяй Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу «як член нацыянал-фашысцкай арганізацыі».

Васіль Шчарбакоў

Васіль Шчарбакоў

Яскравым супрацоўнікам Інстытута гісторыі, які таксама трапіў у молах чыстак, быў Зміцер Жылуновіч. Пісьменнік, паэт і перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, акадэмік і супрацоўнік інстытута, даследчык гісторыі. Жылуновіч быў арыштаваны 15 лістапада 1936-га і  неўзабаве пераведзены ў Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр пры загадкавых абставінах.

Зміцер Жылуновіч

Зміцер Жылуновіч

Феномен Уладзіміра Пічэты

Нават у рэпрэсіўных правілах бываюць шчаслівыя выключэнні. Гэта — лёс гісторыка Уладзіміра Пічэты. Акадэмік Пічэта стаяў каля вытокаў беларускай гістарычнай школы ў Беларускім Дзяржаўным Універсітэце. Займаў пасаду рэктара БДУ, быў адным з арганізатараў Інбелкульта БелАН.

Рэктар БДУ Пічэта са студэнтамі

Рэктар БДУ Пічэта са студэнтамі

У 1929 годзе была сфабрыкаваная так званая «акадэмічная справа». Пічэта быў арыштаваны і пазбаўлены звання акадэміка, сасланы на 5 гадоў у Вятку. Але тут здараецца той рэдкі выпадак, калі справа перагледжаная. У самы пякельны час — 1937 год — гісторык вяртаецца да свайго рамяства ў Інстытуце гісторыі АН СССР.

Бывалі і такія выпадкі.

In memorial: хто трапіў у вір рэпрэсій?

Пасля дырэктараў узяліся за супрацоўнікаў, не зважаючы на тытулы і званні, навуковыя дасягненні. Каток рэпрэсій прайшоўся па ўсіх, пацярпелі супрацоўнікі рознага статусу: ад аспіранта да доктара навук. І амаль усе арыштаваныя ў адзін «чорны» год: 1937-мы. Вось гісторыкі, ахвяры сталінскага тэрору:

Гольдберг Шалом, кандыдат гістарычных навук, арыштаваны 3 сакавіка 1937-га, расстраляны.

Даўгяла Дзмітры, узначальваў бібліятэку Акадэміі навук Беларусі, аўтар прац па гісторыі беларускіх гарадоў, рэдактар і складальнік «Беларускага архіву». Арыштаваны 10 снежня 1937-га, памёр у зняволенні ў 1942 годзе.

Даўгяла Дзмітры

Даўгяла Дзмітры

Кернажыцкі Канстанцін, кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ. Даследаваў аграрную гісторыю Беларусі, адзін са складальнікаў зборніка дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». Арыштаваны 11 снежня 1937 года, памёр у зняволенні ў 1942 годзе.

Каваленя Аляксандр, археолаг, даследчык старажытных стаянак. Арыштаваны ў 1937 годзе, расстраляны.

Лябовіч Мартын, вучоны сакратар Інстытута гісторыі, цудам перачакаў 1937-мы, але быў арыштаваны ў лютым 1938-га. Пасля звесткі аб ім не сустракаюцца.

Лібман Ганна, даследчыца гісторыі Захаду, арыштаваная ў 1936 годзе, з 1942-га звесткі пра яе лёс губляюцца.

Ляўданскі Аляксандр, кандыдат гістарычных навук, археолаг, які арганізаваў першыя навукова-археалагічныя экспедыцыі ў БССР. Акрамя таго — загадчык аддзела археалогіі Беларускага дзяржаўнага музея, вучоны сакратар, загадчык секцыі археалогіі Інстытута гісторыі, дацэнт БДУ. Арыштаваны 19 мая 1937-га, прыгавораны да расстрэлу.

Ляўданскі Аляксандр

Ляўданскі Аляксандр

Матулайціс Кацярына, супрацоўнік камісіі па даследаванні Заходняй Беларусі. Арыштаваная 9 жніўня 1937-га, расстраляная.

Матулайціс Стасіс, доктар гістарычных навук, акадэмік. Дырэктар Інстытута нацыянальных меншасцей, аўтар прац па гісторыі Літвы, даследаваў рэвалюцыйныя падзеі 1863 годзе ў Літве. Акадэмік быў арыштаваны 17 лютага 1937-га і прыгавораны да высылкі ў Казахстан тэрмінам на 5 гадоў. Але яму пашчасціла: Матулайціс адбыў тэрмін, вярнуўся ў Вільню ў канцы 1945-га і працаваў у Інстытуце гісторыі АН Літвы. Яго дачцэ Кацярыне так не пашчасціла…

Матулайціс Стасіс

Матулайціс Стасіс

Поташ Маісей, прафесар, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі партыі. Арыштаваны 10 снежня 1937-га. Пасля адбыцця тэрміну ў снежні 1945-га вярнуўся ў Акадэмію, але нанова быў зняволены ў 1948-м.

Сербента Віталь, доктар гістарычных навук, акадэмік. Займаў пасаду прафесара БДУ, загадваў сектарам Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. Арыштаваны 22 мая 1937-га, абвінавачаны ў патуранні антыпартыйным групам у беларускай гістарычнай навуцы і асуджаны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Акадэмік Сербента адбыў тэрмін, і з 1957-га працаваў у сваім інстытуце. Аўтар навуковых прац па філасофіі і сацыяльнай думцы ў Беларусі і Літве.

Слабадзецкі Антон, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі. Арыштаваны 9 студзеня 1938-га і асуджаны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Звесткі пра яго далейшы лёс губляюцца.

Якубчык Сямён, кандыдат гістарычных навук, дырэктара Мінскага гістарычнага музея. Арыштаваны 15 верасня 1937-га, расстраляны.

Наогул, паводле літаратуры, у 1930-я гады савецкія ўлады фізічна і ментальна знішчылі 32 гісторыкі, іх выдалілі з навуковага жыцця, а навуковыя працы выкінулі з навуковых бібліятэк. Здзейсніць поўны падлік рэпрэсіраваных гісторыкаў — зараз вельмі складана. Гэта асобная навукова-даследчая праца, якая абавязкова павінна з’явіцца. Прынамсі з павагі да памяці калег па цэху…

Спроба падлічыць: наступствы ў некаторых лічбах і фактах

У даследчай літаратуры можна сустрэць звесткі, што ад рэпрэсій 1930-х гадоў у Беларусі пацярпелі 26 акадэмікаў і 6 сябраў-карэспандэнтаў Беларускай акадэміі навук. З 139 аспірантаў, якія былі ў 1934 годзе, засталося толькі шэсць чалавек. Даследаванні ў галіне гуманітарных навук практычна спыніліся. Гэта для навукі агулам.

А вось наступствы для гістарычнай навукі можна акрэсліць з апорай на красамоўныя ўскосныя факты. Напрыклад, да пачатку 1940-х Інстытут гісторыі быў рэарганізаваны і там засталося толькі тры секцыі: гісторыі народаў СССР і БССР, археалогіі, этнаграфіі. Зніклі прафесіяналы, зніклі тэмы іх даследаванняў, а на аднаўлення навуковага патэнцыялу трэба нямала часу.

Спынілася і публікацыйная актыўнасць. У 1936 годзе ў Інстытуце выйшла кніга акадэміка Матулайціса, а вось наступная пабачыла свет толькі ў 1940-м. Пры тым, што раней Інстытут штогод выдаваў па дзве-тры навуковыя кнігі. Дарэчы, пра выданне кніг. Было падлічана, што ў 1922–1930 гады апублікавана гістарычных кніг у два разы больш, чым у 1931–1941 гадах ці ў 1945–1955… Дваццаць год на аднаўленне патэнцыялу!

Што казаць, яшчэ ў сярэдзіне 1930-х Інстытут вёў працу над стварэннем абагуленай кнігі па гісторыі Беларусі. Яна выйшла, але толькі ў сярэдзіне 1950-х!

Удар па айчыннай гістарычнай навуцы быў нанесены моцны. Сярэдні ўзрост рэпрэсіраваных даследчыкаў — 40–45 год, а гэта, як кажуць, усё лепшае ў навуцы яшчэ наперадзе. 

Трэба прызнаць, што сучасныя беларускія гістарычныя даследаванні выглядаюць сціпла на фоне даследаванняў калег з Заходняй Еўропы ці ЗША (калі параўноўваць, то з лепшымі ж!). Сярод іншага, прычына і ў падзеях 1930-х. У нас шмат таленавітых даследчыкаў, прафесіяналаў справы, але «яма» тых часоў даецца ў знакі. Разбуранае цяжка аднавіць, а было парушанае галоўнае — пераемнасць. У гістарычнай навуцы нельга ўсё пачынаць кожнаму новаму пакаленню з нуля, гісторыкі будучага карыстаюцца напрацоўкамі гісторыкаў мінулага — такі закон прафесіі. Знішчаныя ў розным сэнсе людзі — моцны ўдар па навуцы, гэта таксама закон прафесіі.

***

Наогул, у любым грамадстве людзей, пакліканых да любой навукі — вельмі мала. Гэта каштоўныя людзі, яны адораныя. Знішчаць іх фізічна ці маральна — вялікае злачынства супраць усяго грамадства. На аднаўленне страт патрэбныя дзесяцігоддзі. Шкада, што ў таталітарных сістэмах гэтага не разумеюць.