«Вынікі таго расстрэлу мы адчуваем і цяпер! Страх, што ўеўся ў нашыя гены...»

29 кастрычніка 1937-га, у дзень Ленінскага камсамола і, напэўна, у гонар 20-годдзя Кастрычніцкага перавароту, у сталіцы Беларусі адбылася акцыя, аналагаў якой яшчэ не ведала гісторыя чалавецтва. На працягу ночы былі расстраляныя каля 100 грамадскіх, культурных і палітычных дзеячаў Беларусі.

2_749.jpg


Па крупінках, на працягу дзесяці гадоў, мне лёсіла сабраць звесткі пра пакутнікаў. Спачатку былі адшуканы імёны чатырнаццаці закатаваных, потым дваццаці двух, трыццаці пяці, шасцідзесяці васьмі...

Паралельна збіралася інфармацыя і пра сталінскіх апрычнікаў, нелюдзяў, якія катавалі і расстрэльвалі... І гэта аказалася самым цяжкім: бальшавікі правялі татальнае знішчэнне слядоў арганізаванага імі генацыду супраць эліты беларускага народа: спачатку забілі тых, хто расстрэльваў, а потым і галоўных выканаўцаў...

У Архіве прэзідэнта Расійскай Федэрацыі (вопіс № 24, справа № 411) захоўваецца «Список лиц, подлежащих суду военной коллегии Верховного суда Союза ССР». У спіс уключаны «ворагі народа» з усяго Савецкага Саюза ад Далёкаўсходняга краю, ад паўночнай ледзяной Комі АССР да сонечнай курортнай Крымскай АССР. Спіс датаваны 7 верасня 1937 года. І падпісаны І. Сталіным, В. Молатавым, К. Варашылавым, М. Яжовым. 

Спіс асуджаных па першай катэгорыі (да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу) па Беларускай ССР налічвае 103 чалавекі, па другой катэгорыі (прыгавораны да 10 і больш гадоў зняволення ў канцлагерах) — 6. Спіс па Беларускай ССР датаваны 15 верасня 1937 г. і падпісаны І. Сталіным, В. Молатавым і начальнікам 8 аддзела Галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнай бяспекі СССР старшым маёрам У. Цэсарскім.

Згоду, дакладней, загад на знішчэнне па ўсім СССР тысячаў (атрымаецца мільёнаў) ні ў чым не вінаватых людзей далі вышэйшыя кіраўнікі краіны. Загад дадзены, і яго трэба было выконваць, а лепш... перавыконваць. Што і было зроблена ў невыпадкова прызначаную ноч.

2_a_1.jpg

29 кастрычніка 1937 года на працягу начы ў сутарэннях унутранай турмы НКВД (так званай «амерыканкі») былі расстраляны паэты Алесь Дудар, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Ізі Харык (даданы ў смяротны спіс, як і шэраг іншых дзеячаў культуры ўжо мясцовымі энкавэдыстамі), Сяргей Мурзо, Зяма Півавараў, Міхась Чарот, Арон Юдэльсон, празаікі Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Васіль Сташэўскі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Анатоль Вольны, літаратурныя крытыкі Якаў Бранштэйн, Саламон Левін, Пятро Хатулёў, Макар Шалай, журналісты Павел Шастакоў і Віктар Вайноў, наркамы асветы Аляксандр Варончанка, Аляксандр Чарнушэвіч, крытык, публіцыст Хацкель Дунец, наркам юстыцыі БССР Максім Ляўкоў, нам. наpкама земляробства БССР Аскар Сапрыцкі, адказны сакратар СНК БССР Іван Бурдыка, другі сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Дзеніскевіч, загадчык асобага сектара ЦК КП(б)Б Міхаіл Лабадаеў, сакратар Барысаўскага РК КП(б)Б Леў Маісееў, начальнік упраўлення па ахове аўтарскіх правоў пры СП БССР Іосіф Кудзелька, начальнік планава-фінансавага ўпраўлення наркама асветы БССР Дзмітрый Сялоў, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, педагог, рэдактар Аляксей Кучынскі, дзяржаўны дзеяч, педагог, публіцыст Язэп Каранеўскі, загадчык секцыі геаграфіі Інстытута эканомікі АН БССР Сцяпан Маргелаў, загадчык вучэбнай часткі Мінскага вышэйшага педінстытута Міхаіл Рыдзеўскі, фізік Яўген Успенскі, вучоны-аграхімік Рыгор Пратасеня, выкладчык Мінскага Белпедтэхнікума Ігнат Афанасьеў, настаўнік Іван Жывуцкі, студэнт гістфака Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта Саламон Лямперт — і многія іншыя невіноўныя ахвяры бальшавіцка-камуністычнага рэжыму...

Глядзіце таксама

Сёння ўжо цяжка ўдакладніць, калі — 29-га (у 23:45, да прыкладу) або 30-га (скажам, у 00:15) кастрычніка 1937-га — расстралялі беларускага празаіка і грамадскага дзеяча Янку Нёманскага, паэтаў Тодара Кляшторнага і Юлія Таўбіна, нам. загадчыка сельскагаспадарчага аддзела рэдакцыі газеты «Віцебскі пралетарый» Прохара Іспраўнікава, начальніка ўпраўлення вышэйшай школы наркамасветы БССР Вадзіма Башкевіча, нам. наpкама асветы БССР Іосіфа Гершона, загадчыка аддзела школ і навукі ЦК КП(б)Б Мікалая Арабея, рэктара БДУ Ананія Дзьякава (Дзякава), старшыню ЦК прафсаюзаў БССР Захара Кавальчука, сакратара Варашылаўскага РК КП(б)Б Захара Кавалёва, начальніка ўпpаўлення будаўнічых pабот пры СНК БССР (?) Анатоля Аўгусціновіча, дырэктара трэста «Галоўхлеб» БССР Георгія Барзунова, начальніка ўпpаўлення шкляной прамысловасці наркамата лёгкай прамысловасці БССР Мікалая Кандрашука, дырэктара Белпрамторга Саламона Кантара, загадчыка аддзела хлебнай гpупы наpкамата ўнутpанага гандлю Барыса Малова, сакpатаpа Дзяpжынскага РК КП(б)Б, члена ЦК КП(б)Б (з 1937) Барыса Мар’янава, кансультанта ўпpаўлення справамі СНК БССР Дзям’яна Міхайлава, дырэктара Гідролізнага вопытнага завода наркамата мясцовай прамысловасці Сяргея Міцькова, кансультанта СНК БССР па камунальных і тpанспартных справах Васіля Петрушэню, загадчыка сакpатаpыята СНК БССР Якава Спектара, наркама саўгасаў БССР Андрэя Турлая, загадчыка лабараторыі Віцебскай ветэрынарнай станцыі Івана Карпенку, нам. дырэктара па навуковай рабоце Віцебскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі Элізара Мазеля, загадчыка кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута Якава Сандамірскага, загадчыка лабараторыі Віцебскай навукова-даследчай ветэрынарнай станцыі Паўла Мухіна, загадчыка лабараторыі біяфабрыкі №5 у Віцебску Панцялея Сердзюка…

Цыкл артыкулаў: Лёсы расстраляных паэтаў

Уключаныя ў сталінскі смяротны спіс былі і начальнік ветэрынарнага ўпраўлення наркамата земляробства БССР Міхаіл Львовіч Пасманік (нарадзіўся ў 1903), яго намеснік Аляксандр Васілевіч Іваноў (нар. у 1898) і старшы ветэрынарны ўрач ветэрынарнага ўпраўлення Канстанцін Іосіфавіч Гурскі (нар. у 1903) (разам з машыністам паравознага дэпо станцыі «Мінск» Іосіфам Вікенцьевічам Бяганскім (нар. 1.1.1881), бацькам таксама рэпрэсаванай пісьменніцы Ядвігі Бяганскай і 20-цю іншымі далучанымі да спіса мясцовымі энкавэдыстамі) 17 кастрычніка 1937 года былі асуджаны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны.

Наркам унутранага гандлю БССР Нохім Гіршавіч Гурэвіч (нар. у 1895), падчас арышту беспрацоўны Мікалай Паўлавіч Ермакоў (нар. 1.5.1894; 4.11.1937 была арыштавана, а 28.11.1937 асуджана да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР яго жонка Францішка Іванаўна Ермакова), загадчык кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута Мікалай Іванавіч Міхееў (нар. у 1905), загадчык складам «Галоўнафты» Кузьма Рыгоравіч Пятрашын, падчас арышту беспрацоўны Міхаіл Мікітавіч Пітомцаў (нар. 13.11.1902; 4.11.1937 была арыштавана, а 28.11.1937 асуджана да 8 гадоў ППК і этапавана ў Карагандзінскі канцлагер НКВД Казахскай ССР яго жонка Аляксандра Георгіеўна Пітомцава, настаўніца Мінскай школы №6 ), нам. начальніка штаба, палкавы камісар 16 стралковага корпуса Іван Майсеевіч Паплыка (нар. у 1890; 25.9.1932 органамі АДПУ быў арыштаваны і 2.12.1932 асуджаны за «ўдзел у контррэвалюцыйнай кулацкай арганізацыі» да 5 гадоў ППК Сцяпан Майсеевіч Паплыка, яго брат; 6.11.1937 (разам з сынам Канстанцінам; нар. у 1917) была арыштавана, а 16.5.1938 асуджана да 8 гадоў зняволення і выслана ў Краснаярскі край яго жонка Юлія Іванаўна Паплыка, загадчыца чытальнай залы Магілёўскай цэнтральнай бібліятэкі), вайсковец, старшы афіцэр БВА Апалон Уладзіміравіч Пратапопаў, ветэрынарны ўрач Віцебскай біяфабрыкі Мікалай Платонавіч Чарняк (нар. у 1885; 15.11.1937 была арыштавана, а 16.5.1938 асуджана да 8 гадоў ППК і фельчар Віцебскай чыгуначнай бальніцы Марыя Еўсцігнееўна Чарняк, яго жонка; хутчэй за ўсё былі рэпрэсаваны і іх дзеці), ветэрынарны ўрач Віцебскай біяфабрыкі Канстанцін Георгіевіч Чачура (разам з загадчыкам кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута Віктарам Сымонавічам Кляніцкім (нар. у 1879), загадчыкам кафедры анатоміі гэтага ж інстытута Барысам Аляксандравічам Абуховым, загадчыкам кафедры заагігіены інстытута Васілём Сямёнавічам Старынскім, дацэнтам інстытута Герасімам Артамонавічам Качанавым (нар. у 1907), пробашчам касцёла кармелітаў у Чавусах Магілёўскай вобласці Паўлам Мацвеевічам Казюнасам (нар. 1868), выкладчыкам Магілёўскага сельскагаспадарчага тэхнікума Давыдам Якімавічам Маеўскім-Лукшам (нар. у 1899), прафесарам Віцебскага медыцынскага інстытута Іванам Васілевічам Троіцкім (нар. у 1893), дырэктарам Мінскага (Беларускага) навукова-даследчага інстытута прамысловасці Самуілам Захаравічам Слонімам (нар. 30.9.1888), праваслаўным святаром Аляксандрам Сямёнавічам Раеўскім (нар. у 1868) і 30 далучанымі да спіса мясцовымі энкавэдыстамі) былі асуджаны да ВМП і расстраляныя 31 кастрычніка 1937 года…

29 кастрычніка 1937-га толькі ў Мінскай турме НКВД энкавэдысты расстралялі не менш за 70 чалавек (праўдападобна, больш за 100). І заўважце — каго! Дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, навукоўцы, літаратары, работнікі асветы. Ніколі — ні раней, ні пазней — такога адсеву не рабілася. Вынішчалі эліту беларускай інтэлігенцыі, мозг нацыі... 

Вынікі таго расстрэлу мы адчуваем і цяпер! Страх, што ўеўся ў нашыя гены, душыць, як пятля сціскае нашыя шыі, не дае дыхаць...

У тым юбілейным для бальшавікоў 1937-м, калі іх гвардзейцы-энкавэдысты пачалі татальнае вынішчэнне інтэлектуальнай беларускай эліты, толькі за тры восеньскія месяцы пачварамі таталітарнага рэжыму было рэпрэсавана больш за 500 грамадскіх і культурных дзеячаў Беларусі.

Рэпрэсавана... Знайшлі ж бальшавікі слова! Не канкрэтнае: расстраляны або загублены на катарзе, ці замардаваныя ў высылцы, а замежнае, не кожнаму да канца зразумелае — рэпрэсаваны (з лацінскай repressor — падаўленне, прыцісканне).

Не, гэта было не падаўленне, гэта было вынішчэнне, генацыд супраць беларускага народа!

...А яшчэ першага жніўня 1937 года на вялікім вогнішчы ў «амерыканцы» энкавэдысты Сакалоў (нам. начальніка Мінскай унутранай турмы НКВД), Абрамчык і Гарбацэвіч знішчылі — спалілі! — некалькі дзясяткаў тысячаў (!) рукапісаў беларускіх літаратараў. Гарэлі творы, якія не «прайшлі» цэнзуру або пісаліся ў стол, для нас, нашчадкаў. Гарэлі рукапісы М. Багуна, С. Баранавых, А. Вольнага, П. Галавача, У. Галубка, Ц. Гартнага, С. Дарожнага, А. Дзеркача, А. Дудара, Х. Дунца, М. Зарэцкага, С. Знаёмага, В. Каваля, Т. Кляшторнага, М. Кульбакі, Ю. Лявоннага, В. Маракова, С. Мурзо, Я. Нёманскага, З. Піваварава, С. Ракіты, А. Розны, В. Сташэўскага, Б. Тарашкевіча, Ю. Таўбіна, У. Хадыкі, І. Харыка, М. Чарота, В. Шашалевіча, А. Юдэльсона і многіх іншых. Гарэла амаль уся спадчына пісьменнікаў «першага прызыву»...

Няма чалавека — няма толькі адной праблемы.

Няма рукапісаў — няма пісьменнікаў, няма гісторыі, няма нацыі!

Нашу гісторыю разам з нашым народам ЯНЫ ўвесь час і выкарчоўваюць. Калі мячом, калі агнём...


Леанід Маракоў — беларускі пісьменнік, журналіст, гісторык, энцыклапедыст, даследчык рэпрэсій савецкіх уладаў супраць беларускага, польскага, яўрэйскага народаў, нарадзіўся 15 красавіка 1958 года ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, працаваў на Мінскім заводзе ЭВМ, быў інжынерам-электроншчыкам, з 1999 года займаўся даследчай працай. Ён сабраў звесткі пра больш як 130 тысяч рэпрэсаваных жыхароў Беларусі. Леанід Маракоў пайшоў з жыцця 17 снежня 2016 года праз рак галаўнога мозгу.