Дзеці расстраляных. Дочкі Кляшторнага: цуд выжывання, добрыя людзі і вяртанне ў Беларусь

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі былі бязлітаснымі і да блізкіх рэпрэсаваных: жонак «ворагаў народа» ссылалі ў лагеры, а дзяцей аддавалі ў дзіцячыя дамы, дзе ў іх гадавалі нянавісць і агіду да сваіх бацькоў. Многія з іх пачулі дзіўнае слова «Беларусь» толькі ў досыць свядомым узросце, але ўсё роўна вярнуліся на незнаёмую радзіму, каб адрадзіць памяць пра сваіх бацькоў і іншых ахвяраў тэрору. «Наша Ніва» распавядае адну з такіх гісторый — пра дачок беларускага паэта Тодара Кляшторнага.

Мая Кляшторная, дачка расстралянага паэта, якая здолела вярнуцца на Радзіму і адрадзіць памяць пра бацьку. Фота: Наша Ніва 

Мая Кляшторная, дачка расстралянага паэта, якая здолела вярнуцца на Радзіму і адрадзіць памяць пра бацьку. Фота: Наша Ніва 


Творчасць беаларускага паэта Тодара Кляшторнага была мінорна-меланхалічнай, але пры гэтым дзіўным чынам спалучался з іроніяй. Ён парадзіраваў, яўна ці прыхавана, творы іншых творцаў, дражніў іх, не дбаў пра свой выгляд і гэтак жа не адшліфоўваў кожны свой радок. Да ўсяго ж быў членам аб’яднання з жартаўлівай назвай Таварыства аматараў выпіць і закусіць. 

Яго творчасць была папулярнай сярод моладзі, але крытыкі бязлітасна грамілі яе. Так, напрыклад, крытык Уладзімір Сядура заяўляў, што «…гэтая п’яная, падгітарная лірыка з'яўляецца выражэннем настрояў падонкаў сучаснага грамадства». Многія з пісьменнікаў, каго Сядура абвінавачваў у «нацдэмаўскіх» і «трацкісцкіх» адхіленнях, пазней былі арыштаваныя і зніклі, але і сам сталінскі крытык быў рэпрэсаваны.

Здымкі бацькі Тодара Кляшторнага (ужо ў турме, змучанага) і маці Яніны Германовіч

Здымкі бацькі Тодара Кляшторнага (ужо ў турме, змучанага) і маці Яніны Германовіч

Дзеля развалу літаратурнага аб’яднання «Узвышша» савецкія спецслужбы запрашалі маладых членаў у ЦК партыі, дзе з імі праводзілі гутаркі і настройвалі супраць сваіх калег. Адным з такіх быў Кляшторны, які быў схільны да алкаголю, а таму яго там падпойвалі. У нейкі час ягоныя калегі пачалі падазраваць, што Кляшторнага завербавалі ў ГПУ ў якасці агента-інфарматара.

Глядзіце таксама

Але сам Кляшторны гэтай сістэмай пагарджаў і адкрыта пісаў у сваёй паэме, што «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ — пад ГПУ». Арыштаваны Тодар Кляшторны быў 3 лістапада 1936 года ў Менску. 

Справа па абвінавачанні Германовіч Яніны Міхайлаўны ў архіве КДБ

Справа па абвінавачанні Германовіч Яніны Міхайлаўны ў архіве КДБ

Дапытвалі і жонку Яніну, якая засталася адна з дочкамі. На момант допыту маці старэйшай дачцэ Тадзіяне (яе імя складзена з пачаткаў імёнаў Тодара і Яніна) было 6 гадоў, сярэдняй Весналіне — 4 гады. Малодшая дачка Мая нарадзілася ў апошні дзень мая 1937-га, праз паўгода пасля арышту бацькі, але ягонай жонцы ўдалося дабіцца спаткання. «Мама бачыла бацьку, бацька бачыў неданошанае, але жывое немаўля», — распавядала пасля Мая Кляшторная. На момант допыту маці ёй было ўсяго 3 месяцы.

Пазасудовым органам НКВД 29 кастрычніка 1937 года Тодар Кляшторны прызнаны вінаватым у тым, што з 1926 года з'яўляўся ўдзельнікам контррэвалюцыйнай арганізацыі і праводзіў контррэвалюцыйную працу ў Менскім педагагічным тэхнікуме, і асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Яго расстралялі 30 кастрычніка 1937 года, як і больш за сотню прадстаўнікоў эліты беларускага чынавенства, навукі і культуры. 

«Маме казалі: 10 год без права перапіскі, і яна верыла ў гэта — і ў Акмалінскім лагеры, і пасля на пасяленні ў Сібіры, здзіўлялася, чаму бацька нас не шукае, 10 гадоў жа прайшло, «ён, напэўна, ужо дома і нас чакае».

Радзюга, у якую спавівала малую дачку Яніна Германовіч у час ссылкі ў Казахстан, сёння захоўваецца ў экспазіцыі музея на тэрыторыі Акмалінскага лагера жонак «здраднікаў радзімы». Фота: Tut.by

Радзюга, у якую спавівала малую дачку Яніна Германовіч у час ссылкі ў Казахстан, сёння захоўваецца ў экспазіцыі музея на тэрыторыі Акмалінскага лагера жонак «здраднікаў радзімы». Фота: Tut.by

Яніну забралі разам са слабым ад нараджэння немаўлём на руках. Адразу трапіла ў вагон са зняволенымі, дзе толькі і даведалася пра завочны свой прысуд, стандартны для членаў сям’і рэпрэсаваных — 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў.

Разам з дачкой патрапіла ў Акмалінскі лагер для такіх жонак «ворагаў народа» (АЛЖЫР). Дзве старэйшыя дачкі Кляшторных знаходзіліся спачатку пад апекаю сястры Тодара — Аляксандры, якая калісьці даглядала свайго малога брата, а пасля ў дзіцячым доме ў далёкай Мардовіі.

Адзін з вагонаў, на якіх жанчын дастаўлялі ў Акмалінскі лагер. Фота: Wikimedia Commons

Адзін з вагонаў, на якіх жанчын дастаўлялі ў Акмалінскі лагер. Фота: Wikimedia Commons

Маленькая Мая, аднак, запомніла лагернае жыццё як шчаслівы перыяд свайго дзяцінства, бо побач была маці. І не толькі родная, усе зняволеныя жанчыны былі дзецям «маткамі», а ўсе дзеці былі і іхнімі дзецьмі:

«Пры любой магчымасці беглі ў дзіцячы барак, каб абняць, прылашчыць, падкарміць, пагуляць ці са сваім дзіцем, ці з чужым — залежала ад таго, на колькі дзяцей хапала іх жаночага цяпла».

Але ў пяць гадоў шчаслівае дзяцінства рэзка скончылася, калі іх разлучылі з маці, пагрузілі ў кузаў паўтаратонкі і павезлі ў дзіцячы дом, у пасёлак Асакараўка пасярод казахстанскага стэпу. 

Дзеці «Алжыра». Апошняя справа — дачка паэта Мая.

Дзеці «Алжыра». Апошняя справа — дачка паэта Мая.

У дзесяці цесных бараках дзеці спалі на ложачках па двое, валетам. Мая спала па суседстве з Рыдай Рыскулавай, дачкой рэпрэсаванага казахскага палітычнага дзеяча. Мая ўспамінала, што раніцай яны мацалі адна адну, каб праверыць, ці жывыя. Смяротнасць у Асакараўцы была надзвычай вялікай нават для лагернага дзіцячага дома.

Адчуваўся пастаянны холад, голад і варожае, здзеклівае стаўленне з боку супрацоўнікаў. «Вы, вылюдкі, дзеці ворагаў, чаго вас і карміць? Падохніце — ніхто не пашкадуе».

Дзяцей апрацоўвалі ідэалагічна, каб прышчапіць любоў да таварыша Сталіна, а нянавісць і агіду за скалечанае жыццё — да сваіх бацькоў, то-бок да «ворагаў» і «здраднікаў». Гэтае выхаванне пакідала нязводны след у галовах дзяцей, мала хто з іх пасля мог ужыцца са сваімі рэабілітаванымі сваякамі. Але дзеці з «Алжыра» трымаліся разам, дапамагалі і падтрымлівалі адно аднаго. 

Дзецям змянялі імёны і прозвішчы, прымушалі адракацца родных. 

«Адзін з самых шчаслівых момантаў, які я памятаю да гэтага часу, гэта калі ў Асакараўку прыехала маці Рыды Рыскулавай, тры дні пражыла ў нашым бараку і кожны вечар спявала нам усім калыханку перад сном. І так было шкада заснуць і праспаць гэтае шчасце…»

Аднойчы ў дзіцячы дом прыйшла незнаёмая жанчына, якая вызвалілася з Карлага і ведала яе бацьку Тодара Кляшторнага. Яна адмыслова адшукала васьмігадовую Маю, каб перадаць ёй сціплы гасцінец — шкляначку семак і два маленькія яблычкі, з якімі дзетдомаўскае дзіця нават не ведала, што трэба рабіць.

Але галоўным падарункам былі словы незнаёмкі:

«Твае бацькі цудоўныя людзі, яны ні ў чым не вінаватыя — ты нікому не вер і нікога не слухай! Ты павінна любіць і ганарыцца сваімі бацькамі. Твой бацька — вядомы беларускі паэт. Твае тата і мама родам з Беларусіі. Запомніла? З Бела-рус-сіі». 

Васьмігадовая дзяўчынка, дачка аднаго з найлепшых беларускамоўных паэтаў свайго часу, упершыню пачула гэтае слова і не мела ўяўлення, дзе гэта. Але гэты выпадак, можна сказаць, вырваў яе з ідэалагічнага савецкага забыцця, пасяліўшы мару аднойчы ўбачыць сваіх бацькоў і незнаёмую Беларусь.

Праўда, гэтага магло ніколі не адбыцца. Ад нараджэння слабая Мая ў лагерным дзіцячым доме канчаткова падарвала сваё здароўе. Маці забрала яе толькі ў 1947 годзе, бо да 8 гадоў лагераў ёй дакінулі яшчэ два гады. У Беларусь, знішчаную вайной, яны тады не вярнуліся, жылі ў пасёлку ў Омскай вобласці. У Маі былі вялікія праблемы з хрыбтом, сем гадоў яна была прыкаваная да бальнічнага ложка. Пасля цяжка перанесла менінгіт, паўгода правяла без прытомнасці. Калі аднойчы дзяўчынка папрасіла вынесці яе на паветра, дактары палічылі, што гэта апошняя яе просьба.

Але яна выжыла і нават выратавала сябе сама — напісала ліст у газету, у якім распавяла пра сябе і іншых дзяцей бальніцы, якія дажывалі тут свой век. Пасля ліста знайшлі хірурга, які ставіў на ногі салдат у час вайны, і здолеў тое ж самае зрабіць з Маяй. 

Дочкі Тодара Кляшторнага: уверсе Мая і Валя, унізе — Тадзіяна з мужам і сынам. 

Дочкі Тодара Кляшторнага: уверсе Мая і Валя, унізе — Тадзіяна з мужам і сынам. 

Старэйшая сястра Тадзіяна, якую ў роднай вёсцы бацькі Парэчча звалі проста Тадзіна, вярнулася ў Беларусь раней, скончыла Лепельскае педагагічнае вучылішча, пасля некалькі гадоў настаўнічала на Браслаўшчыне. Да яе і накіравалася Мая, якая здолела вярнуцца на радзіму, у незнаёмую Беларусь, аж толькі ў 1955 годзе.

Яна была ўражана багаццем мясцовай прыроды і дзіўнымі беларускімі словамі. Яна любіла гэтую зямлю яшчэ да таго, як упершыню ўбачыла. 

Тадзіяна мела ўласную сям’ю, але прытуліла сваіх малодшых сясцёр, дапамагала ім як магла гадавацца і набываць веды. Пасля заўчаснай смерці мужа ёй давялося адной гадаваць траіх дзяцей. Але гэта, відаць, было яе пакліканне, бо яна таксама стала выхавацелькай у дзіцячым садку. А яшчэ, як бацька, пісала вершы — таксама для дзетак.

Тут, на радзіме, Мая больш не хварэла, скончыла за два гады школу, пасля Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, паступіла ў Маскоўскі інжынерна-будаўнічы інстытут. Ізноў вярнулася ў Беларусь ужо дыпламаванай спецыялісткай-архітэктаркай, працавала ў «Белпрампраекце» ў аддзеле генеральнага планавання, дзе займалася пытаннямі горадабудаўніцтва.

Мая Кляшторная ў маладосці. 

Мая Кляшторная ў маладосці. 

Адной з яе галоўных мэтаў жыцця, было даведацца пра свайго бацьку Тодара Кляшторнага як мага больш. У бібліятэках кніг рэпрэсаванага паэта адшукаць было немагчыма.

Мая пазнаёмілася з усімі пісьменнікамі, хто ведаў Кляшторнага. Пазней яна пазнаёміцца таксама з Алесем Адамовічам і Васілём Быкавым, маральнымі лідарамі новага пакалення беларускай інтэлігенцыі.

Кніга выбраных вершаў Тодара Кляшторнага «Залатое вязьмо», выдання якой у 1960 годзе дамагліся ягоныя дочкі.

Кніга выбраных вершаў Тодара Кляшторнага «Залатое вязьмо», выдання якой у 1960 годзе дамагліся ягоныя дочкі.

Разам з маці па падшыўках газет 1920-х — 1930-х гадоў Мая збірала ягоныя вершы, перапісвала, аднаўляла, і пасля шматгадовай барацьбы з савецкімі крытыкамі ўсё ж дамаглася ў 1960 годзе выдання кнігі выбраных вершаў свайго бацькі «Залатое вязьмо». Па бацькавых вершах яна вывучыла і беларускую мову, якую ў сірочым доме яна не чула.

Маці, якая моцна хварэла, выхаду кнігі не дачакалася і памерла ў 1959 годзе, у 49 гадоў. Маі ва ўшанаванні і папулярызацыі творчасці свайго бацькі заўсёды дапамагала яе родная сястра Тадзіяна. 

У 1980-х Мая Кляшторная стала адной з першых уздымаць пытанне аднаўлення гістарычнай праўды. Адкрыццё ў 1988 годзе Курапатаў, месца расстрэлаў 1937—1941 гадоў, стала сапраўдных узрушэннем у беларускім грамадстве. Тады ж з мэтай раскрыцця масавых рэпрэсій, высвятлення колькасці тых, хто загінуў на Беларусі, у месцах ссылкі і зняволення, ды ўвекавечання іх памяці быў заснаваны «Мартыралог Беларусі».

Першым яго старшынёй быў Зянон Пазняк.

Крыж на сімвалічнай магіле Тодара Кляшторнага ў Курапатах. Фота: Наша Ніва

Крыж на сімвалічнай магіле Тодара Кляшторнага ў Курапатах. Фота: Наша Ніва

У дзейнасць «Мартыралогу Беларусі» актыўна ўключылася і Мая Кляшторная. Яна працавала ў камісіі, якая збірала звесткі пра рэпрэсаваных. Да яе ішлі людзі, якія імкнуліся высветліць лёс рэпрэсаваных родных, якія шукалі і збіралі адпаведныя дакументы. Пасля пераходу Пазняка ў палітыку менавіта Кляшторная ўзначаліла таварыства.

«Гэта было абуджэннем народа. У людзей нібы шоры з вачэй упалі. Ужо тады з’явілася публікацыя «Курапаты — дарога смерці», былі праведзеныя даследаванні, дакументаваліся ўспаміны сведкаў. Сярод ініцыятараў стварэння «Мартыралогу» першым быў Васіль Быкаў. Ён паспрыяў таму, каб артыкул пра масавыя расстрэлы ў Курапатах быў надрукаваны ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва». А першым слова «мартыралог» прамовіў Зянон Пазняк», — успамінала Мая Тодараўна.

Мая Кляшторная на «Чарнобыльскім шляху». 

Мая Кляшторная на «Чарнобыльскім шляху». 

У 1989 годзе за подпісам усіх трох дачок Кляшторнага быў надрукаваны ліст, якім распачыналася размова пра тое, якім быць помніку ў Курапатах.

«Цяжкія нягоды выпалі на наша жыццё, на жыццё сям’і «ворага народа», але варта было іх цярпець і жыць хоць бы дзеля таго, каб дажыць да гэтых дзён — дзён Праўды і Справядлівасці. Курапаты — гэта кавалачак шматпакутнай нашай Радзімы, гэта наш боль, наш смутак, наша горкая непазбыўная памяць…»

Кляшторная была сталай удзельніцай усіх памятных шэсцяў на Курапаты. Гэтаму мемарыялу яна прысвяціла сябе не толькі як актывістка, але і як спецыялістка ў галіне архітэктуры і горадабудаўніцтва — яна стала навуковым кіраўніком комплексу.

Мая Кляшторная. Фота: Наша Ніва

Мая Кляшторная. Фота: Наша Ніва

Па просьбе Кляшторнай для Курапатаў былі выраблены першыя дубовыя і сасновыя крыжы, а потым і самы вялікі крыж. Па яе ж ініцыятыве ў 2013 годзе на мемарыяле былі пастаўлены вялікія межавыя камяні з датамі «1937—1941». Марыла Кляшторная і пра музей у гэтым месцы, але планам гэтым пакуль не наканавана збыцца. 

Глядзіце таксама

Як навуковы кіраўнік мемарыяльнага комплексу «Курапаты» Мая Кляшторная заклікала Лукашэнку спыніць будаўніцтва скандальнага «Бульбаш-Хола», але гэтыя просьбы пачутыя не былі.

У 2017 годзе, у час лукашэнкаўскай «адлігі», беларускія кадэбісты дазволілі Кляшторнай упершыню ўбачыць справу яе бязвінна асуджанай маці, разам з якой у казахскія стэпы была выслана і яна. У Беларусі масавага рассакрэчвання дакументаў, датычных рэпрэсій, не было. Архівы КДБ дагэтуль застаюцца закрытымі для беларусаў.

Мая Кляшторная са справай сваёй маці. Фота: Sb.by

Мая Кляшторная са справай сваёй маці. Фота: Sb.by

Некалькі разоў Кляшторная вярталася і ў сам Казахстан, на месца Акмалінскага лагера, дзе ў музеі захоўваецца коўдрачка-радзюжка, у якую маці спавівала яе ў ссылцы. 

Імкненне таталітарнай сістэмы знішчыць нязгодных, памяць, спадчыну і мінулае, іхніх блізкіх, а дзяцей перабіць на манкуртаў у выпадку сясцёр Кляшторных не спрацавала. Праўда і справядлівасць мацнейшыя за любое зло. Адно цёплае слова незнаёмкі пра бацькоў і радзіму разбурылі тое, што гадамі ўбівалася дзецям у галовы пра «ворагаў» і «здраднікаў».

Дзеці вярнуліся, і яны зрабілі ўсё, каб сярод беларусаў гучалі імёны іхніх бацькоў, а не імёны катаў і забойцаў.