Мая Кляшторная: споўнілася мая мара

«Споўнілася мая мара — на мяжы Курапатаў усталяваныя памежныя камяні». Пра гэта НЧ  заявіла вядомы дзеяч нацыянальнага адраджэння, дачка забітага 30 кастрычніка 1937 года ў мінскай турме НКУС беларускага паэта Тодара Кляшторнага. 



kurapati_pamezhnija_znak_1.jpg

Усталёўка памежных камянёў

Архітэктар Мая Кляшторная — навуковы кіраўнік гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты». Менавіта яна з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам высакароднага грамадскага праекту — узвядзення ў нацыянальным некропалі памежных камянёў, на ўсталяванне якіх атрыманы дазвол Міністэрства культуры.

Паводле слоў спадарыні Маі, гэты праект быў задуманы год таму і прымеркаваны да 25-годдзя адкрыцця Курапатаў — публікацыі знакамітага артыкулу Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці» ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» за 3 чэрвеня 1988 года.

Як вядома, Мінская кальцавая аўтамабільная дарога раздзяляе Курапаты на дзве часткі — большую, якая знаходзіцца на тэрыторыі Мінскага раёна, і меншую, што ўваходзіць ў межы сталіцы. На пачатку чэрвеня першыя пяць памежных камянёў былі ўсталяваныя па перыметры большай часткі народнага мемарыялу, а 7 жніўня яшчэ чатыры камяні з’явіліся і вакол меншай часткі нацыянальнага некропалю. Менавіта ў адным з найбольш цяжкадаступных для дарожнай тэхнікі месцаў гэтай часткі Курапатаў днямі будзе ўсталяваны дзясяты, апошні, самы маленькі памежны камень.

kurapati_pamezhnija_znak_2.jpg

 Агульны выгляд самага вялікага з усталяваных памежных камянёў вагой каля 5,5 тоны

 

Дарэчы, гэтая частка народнага мемарыялу, на думку Маі Кляшторнай, з’яўляецца «зусім закінутай і знаходзіцца па-за ўвагаю грамадства». «Некаторыя мінчане выгульваюць тут сабак, праводзяць пікнікі і гуляюць у валейбол. У гэтай частцы ўрочышча бамжы нават пабудавалі зямлянку з лежбішчамі», — адзначыла навуковы кіраўнік нацыянальнага некропалю.   

Памежныя камяні ўяўляюць сабою рознага памеру, вагі (ад 1,2 да 5,5 тон) і формы вялікія апрацаваныя валуны, на паліраванай частцы вонкавага баку якіх — выява ахоўнага знаку помніка гісторыі і археалогіі з гербам Рэспублікі Беларусь і тэкстам: «Гісторыка-культурная каштоўнасць. Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій. 1930–1940-я гады. Прычыненне шкоды караецца па закону». Унізе на вонкавым баку валуноў высечаны памятныя даты: «1937–1941», на якія прыйшліся найбольш масавыя расстрэлы ва ўрочышчы ахвяраў сталінізму. На адваротным баку камянёў змешчаны шасціканцовы крыж найсвяцейшай Ефрасінні Полацкай — нябеснай заступніцы Беларусі. 

kurapati_pamezhnija_znak_3.jpg

Выява ахоўнага знаку на вонкавым баку памежнага каменя

Трэба падкрэсліць, што камяні зроблены вельмі прафесійна — якасна, з душою. Можна толькі ўявіць, колькі высілкаў патрабавалі працы па пошуку валуноў у Лагойскім раёне Мінскай вобласці і Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, іх дастаўцы, апрацоўцы, аздабленню і ўзвядзенню.

Як адзначыла спадарыня Мая, дакладна вызначаныя спецыялістамі і адзначаныя на мясцовасці з дапамогай камянёў межы помніка гісторыі і археалогіі дазволяць кожнаму ўявіць яго сапраўдныя памеры. «Я сёння шчаслівая, што гэта зроблена, бо зараз на мясцовасці ёсць канкрэтныя аб’екты, ад якіх можна браць адлік пры вызначэнні ахоўных межаў народнага мемарыялу», — сказала яго навуковы кіраўнік   

kurapati_pamezhnija_znak_4.jpg

Выява крыжа Ефрасінні на адваротным баку памежнага каменя

 

Акрамя таго, днямі ў Курапатах актывісты Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ усталявалі ўздоўж МКАД каля дзесяці металічных чатырохканцовых крыжоў, якія павінны замяніць струхнелыя драўляныя памятныя знакі, узведзеныя раней.

kurapati_pamezhnija_znak_5.jpg

Металічныя крыжы ў Курапатах каля МКАД

 

Як адзначыла Мая Кляшторная, гранітныя памежныя камяні і металічныя крыжы з цягам часу будуць пастаўленыя на ўлік ў Міністэрстве культуры. Аўтар праекту выказала вялікую ўдзячнасць усім тым, хто прычыніўся да гэтай справы, у тым ліку супрацоўнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры.   

Фота Марата Гаравога