Міліцыя: Крыжы ў Курапатах не маюць каштоўнасці
Бараўлянская міліцыя адмовілася заводзіць крымінальную справу і расследаваць факт вандалізму ў Курапатах. Праводзілася праверка для выяўлення прыналежнасці крыжоў.
Праверка паказала, што крыжы не стаяць на балансе ў ніводнай арганізацыі і ніхто не нясе за іх адказнасці. Таксама яны не з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. У сувязі з гэтым выявіць кошт паваленых крыжоў немагчыма. Вырашана адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, — гаворыцца ў адказе з Бараўлянскага аддзелу міліцыі.
Ліст падпісаны капітанам міліцыі Радзюком.
Крыжы ў Курапатах павалілі 2 ліпеня. Гэта заўважылі актывісты грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты», калі ладзілі талаку.
Актывісты выклікалі міліцыянтаў. Тыя склалі пратакол.
Новы акт вандалізму
Новы акт вандалізму ў Курапатах адбыўся 3 ці 4 жніўня.
Невядомыя пашкодзілі металічны крыж памяці палякаў, расстраляных у Курапатах (гэты крыж быў усталяваны жыхарамі Мінску ў 1994 годзе).
Злачынцы пашкодзілі бляшаныя шыльдачкі з надпісамі на крыжы і раскідалі вянкі і кошыкі з кветкамі, якія стаялі каля гэтага і іншых крыжоў.
«Упэўненая, што гэта адбылося невыпадкова, што гэта прысвечана Дню салідарнасці. Відавочна, што сваімі сіламі арганізацыі не змогуць забяспечыць належны парадак
ва ўрочышчы. Таму неабходна, каб дзяржава ўзялася за ахову Курапатаў, каб там былі міліцэйскія патрулі, а таксама думаць пра агароджу. Асабліва па вечарах
і па начах трэба ўзмоцнена ахоўваць», — заявіла Радыё Свабода каардынатарка ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна
Шапуцька.
Даведка Свабоды — Курапаты
Курапаты — урочышча пад Мінскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
У красавіку — траўні 1988 года ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасці Зянона Пазьняка
і грамадскай арганізацыі «Мартыралог Беларусі».
У чэрвені 1988 года была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расследавання,
як пацверджана ў інфармацыйным паведамленні Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 года, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год
супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 гектараў размешчана 510 групавых пахаванняў, з якіх шляхам эксгумацыі было спраўджана 8.
У 6 з іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзенне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут паставілі крыжы, іншыя мемарыяльныя знакі, шчыты
з надпісамі.
У Курапатах не раз чыніліся акты вандалізму.