Міністэрства культуры будуць пікетаваць, калі сітуацыя з «Бульбаш-холам» не зменіцца

Пра гэта 30 ліпеня падчас чарговай талакі ў Курапатах заявіла каардынатар грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька. 



talaka_30_7_13_1.jpg

Курапаты

Яна не выключае, што праектам дэтальнага планавання тэрыторыі і наваколля ўрочышча, што распрацоўваецца КУП «Мінскграда», прадугледжваецца захаванне чатырох домікаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» у ахоўнай зоне Курапатаў у сувязі з нібыта няправільным вымярэннем адлегласці паміж гэтымі будынкамі і мяжой помніка.

«У гэтай сітуацыі мы вырашылі зноў звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта, Генеральную пракуратуру, Міністэрства культуры і ў Камітэт дзяржаўнага кантролю, каб была праведзена праверка законнасці ўзвядзення «Бульбаш-холу» каля Курапатаў», — сказала Шапуцька.

На яе думку, незаконныя працы ў ахоўнай зоне Курапатаў цягнуць за сабою крымінальную адказнасць паводле артыкула 346 «Здзек з гісторыка-культурных каштоўнасцяў» Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь і пакаранне грамадскімі працамі альбо штрафам, альбо арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленнем волі на такі ж тэрмін.

Акрамя таго, як лічыць Шапуцька, была парушана законнасць пры прыняцці пастановы Міністэрства культуры ад 12 траўня 2004 года «Аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты». Паводле яе слоў, справа ў тым, што гэтай пастановай зацверджана схема зонаў аховы помніка, якая супярэчыць аналагічнай схеме, распрацаванай спецыялістамі сталічнага УП «Праектрэстаўрацыя» і зацверджанай 20 мая 2003 года Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.

«Менавіта гэтую схему ахоўных зонаў Курапатаў, на нашае меркаванне, трэба ўзяць за аснову пры падрыхтоўцы праекта дэтальнага планавання тэрыторыі і наваколля ўрочышча», — падкрэсліла каардынатар ініцыятывы.

Яна паведаміла, што калі гэтыя захады не здымуць праблему пераносу «Бульбаш-холу» ад Курапатаў у іншае месца, грамадскасць будзе вымушаная пікетаваць Міністэрства культуры.

Нагадаем, што шматдзённая талака ў Курапатах пройдзе ў тры этапы. Першы этап, прысвечаны 25-м угодкам публікацыі артыкула «Курапаты — дарога смерці» Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалева ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» ад 3 чэрвеня 1988 года, праводзіўся штодзень з 27 па 31 траўня і 1 чэрвеня.  

Другі этап талакі, прысвечаны Еўрапейскаму дню памяці ахвяраў сталінізму і нацызму (23 жніўня), пройдзе з 15 па 22 жніўня, а трэці этап, прысвечаны Дню памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі (29 кастрычніка), — з 21па 28 кастрычніка. Між этапамі талака адбываецца раз на тыдзень па аўторках (пачатак а 17.00).

talaka_30_7_13_4.jpg

talaka_30_7_13_2.jpg

talaka_30_7_13_3.jpg

Талака ў Курапатах

Фота Марата Гаравога