«Памяць пра нашых продкаў — падмурак, на якім мы зможам бараніць будучыню Беларусі». Сёння дзень памяці Леаніда Маракова
Ужо восем гадоў няма з намі Леаніда Маракова. Чалавека, які першым расказаў пра лёсы многіх невядомых ахвяр сталінскіх катаў, сабраў вялікую колькасць інфармацыі пра жыццё родных вуліц і вярнуў голас расстралянаму паэту Валерыю Маракову.
Леанід Маракоў — беларускі пісьменнік, журналіст, гісторык, энцыклапедыст, даследчык рэпрэсій савецкіх уладаў супраць беларускага, польскага, яўрэйскага народаў, нарадзіўся 65 гадоў таму ў Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, працаваў на Мінскім заводзе ЭВМ, быў інжынерам-электроншчыкам, з 1999 года займаўся даследчай працай.
Склаў 10-томны энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі», што ўключае ў сябе біяграфіі больш як 6 тысяч беларускіх інтэлігентаў, якія страцілі жыццё ў ГУЛАГу і былі расстралянымі. Прычым большая частка матэрыялаў былі раней невядомымі.
Таксама апублікаваў энцыклапедычны даведнік «Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі. 1917-1967» у двух тамах, за што атрымаў мянушку «Чалавек-энцыклапедыя».
Дзякуючы Маракову свет пабачыла ўнікальнае выданне «Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 гг.» — гісторыі галоўнай вуліцы Мінска, мела больш за дзесяць розных назваў. У выданні сабраныя гісторыі людзей, якія жылі на праспекце Незалежнасці — каля 7500 прозвішчаў, а таксама 4000 ілюстрацый.
Увогуле даследчыцкая праца Леаніда Маракова пачалася з вывучэння лёсу яго дзядзькі — беларускага паэта і перакладчыка Валерыя Маракова, вучня Янкі Купалы, які быў расстраляны супрацоўнікамі НКУС у ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 года, разам з амаль сотняй прадстаўнікоў беларускай культуры і літаратуры. Збіраючы інфармацыю пра свайго сваяка, Леанід Маракоў паступова стварыў цэлы архіў лёсаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій і стварыў сайт, дзе размешчаны іх біяграфіі. Гэта больш за 4000 настаўнікаў, 3000 каталіцкіх і праваслаўных святароў, 1500 медыцынскіх і ветэрынарных работнікаў, больш за 1000 літаратараў і навукоўцаў, дзеячаў культуры, грамадства, прамысловасці Беларусі. Усяго сабраны звесткі пра 20 000 ахвяр.
«Калі Леанід Маракоў даведаўся, што я непасрэдна займалася архівамі КДБ і вяла тэму рэпрэсаванай літаратуры ў Інстытуце літаратуры, ён часта прыязджаў да мяне ў інстытут, а потым і дадому, карыстаўся маімі выпіскамі. А потым пачаў выдаваць і перавыдаваць творы свайго дзядзькі Валерыя Маракова, які быў расстраляны ў самым росквіце, у 27 гадоў. Спачатку давёў да ладу зборнік "Рабінавая ноч", аднавіў у творах Валерыя Маракова ўсе купюры, якія былі зроблены цэнзурай у 1920-я — 1930-я гады. Ён паказаў лёс сям’і Мараковых, у яго ж і дзед быў рэпрэсаваны і высланы, дзядзька Валерый быў расстраляны.
Леанід напісаў кнігу "Ахвяры і каты", дзе паказаў, хто дапытваў і знішчаў ні ў чым не вінаватых людзей. Да мяне даходзілі чуткі, што родзічы гэтых катаў, якія таксама працавалі ў гэтым страшным ведамстве, пагражалі яму, чаму ён абнародаваў гэтыя рэчы.
Леанід Маракоў напісаў і шмат мастацкіх апавяданняў на гэтую тэму — ён праявіў сябе і як таленавіты празаік», — дзялілася з «Радыё Свабода» літаратуразнаўца Лідзія Савік.
Маракоў выпусціў таксама дакументальнае даследаванне «Ахвяры і карнікі», дзе сабраў біяграфіі ахвяр і тых, хто мае дачыненне да рэпрэсій у Беларусі. Паводле афіцыйных звестак, у нашай краіне з 1921 да 1953 гады ахвярамі тэрору сталі не менш за 680 тысяч чалавек, прычым большасць з іх пацярпела ў 1937-1939 гады.
На пачатку 2016 года даследчык перажыў інсульт, а пасля злёг з пухлінай галаўнога мозгу. Памёр ён 17 снежня 2016 года, пахаваны на Заходніх могілках.
Шмат хто шанаваў Леаніда Уладзіміравіча і яго тытанічную працу. Напрыклад, літаратуразнавец, празаік, публіцыст, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс і даследчык гісторыі беларускай культуры і літаратуры, грамадскі дзеяч Анатоль Сідарэвіч называлі працу Маракова подзвігам.
А вось што гаварыла пра Маракова дачка іншага расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная:
«Чалавек — інжынер па адукацыі, тэхнар, але павярнуўся да гэтай тэмы і пайшоў без аглядкі, і зрабіў вялікую справу. Хоць многія браліся, але не давялі да канца, не паднялі. А ён здолеў гэта зрабіць! Яго ўнёсак у высвятленьне праўды пра рэпрэсіі быў вельмі значным. І калі б такіх неабыякавых людзей было больш, магчыма, жылі б мы ў іншым грамадстве».
Сам Леанід Уладзіміравіч да апошняга не спыняў сваёй працы, ён сабраў звесткі пра больш як 130 тысяч рэпрэсаваных жыхароў Беларусі. «Памяць пра нашых продкаў — падмурак, на якім мы зможам бараніць будучыню Беларусі, яе Свабоду і Незалежнасць!», — лічыў Леанід Маракоў, і мы сёння, як ніколі раней, можам упэўніцца ў праўдзівасці яго слоў.