Пісьменнік Леанід Маракоў знаходзіцца ў хоспісе ў цяжкім стане. Патрэбна дапамога
Пісьменнік Леанід Маракоў знаходзіцца ў хоспісе: у яго пухліна мозга, стан цяжкі. У сацыяльных сетках людзі абмяркоўваюць, чым можна дапамагчы, каб зменшыць пакуты гэтага выбітнага чалавека.
Наталля Самотыя піша ў фэйсбуку: «Дарагія сябры! Па-першае, вялікі дзякуй Алесю Макаеву, які сёння зрабіў добрую справу па догляду за Леанідам: падымаў, усаджваў, праводзіў гігіенічныя працэдуры, карміў, паіў з бутэлечкі, перасцілаў ложак.
Дзень, паверце, быў вельмі цяжкі. У лёгкіх Леаніда застой, не мог адкашляцца, амаль увесь час крычаў, цяжка зразумець, што хоча. Убачылі пролежні. Крычу: «Тэрмінова! Патрэбныя памперсы, вільготныя сурвэткі, можна і трэба наняць сядзелку ... Прабачце, у мяне няма такіх грошай. Давайце дапаможам разам!»
Каб сабраць грошы на аплату сядзелкі для Леаніда Маракова Наталля Самотыя завяла картку: МТББанк 5351 0410 8976 2734 да 02|19.
Па словах Вадзіма Пракопчыка, «цяпер гэтаму нашаму з вамі выбітнаму суачыньніку патрэбныя не спачуваньні, а пазытыўныя візіцёры і галоўнае - дастойны і рэгулярны дагляд. І ня трэба наракаць, што ў тым хосьпісе нехта некаму нешта павінны - мы з вамі дарослыя людзі. Ня маю вопыту з сядзелкамі, але я так разумею, што гэта можа быць проста наняты чалавек (ці два), які будзе некалькі разоў (колькі?) прыязджаць у хоспіс і рабіць неабходную работу. Калі ня так, дайце параду як гэта правільна арганізаваць».
Леанід Уладзіміравіч Маракоў — беларускі пісьменнік, журналіст, гісторык, энцыклапедыст. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2002 года, правамоцны сябра міжнароднага ПЭН-клуба, даследчык рэпрэсій савецкіх уладаў супраць беларускага, польскага, яўрэйскага народаў.