Навуковец, які вярнуў беларусам летапісы

«Даць народу гісторыю» — так названа кніга ўспамінаў і лістоў выдатнага гісторыка, археографа і вязня ГУЛАГа Мікалая Улашчыка, якая была прэзентаваная на сядзібе ТБМ імя Францыска Скарыны.

Вокладка кнігі ўспамінаў і лістоў М.Улашчыка

Вокладка кнігі ўспамінаў і лістоў М.Улашчыка

Новы дакументальны зборнік, укладальнікам якога з’яўляецца беларускі паэт, перакладчык і выдавец Міхась Скобла, быў выдадзены ў серыі «Беларуская мемуарная бібліятэка» і ўключае ўпершыню апублікаваныя ўспаміны гісторыка, а таксама яго 128 лістоў, знойдзеных у архівах.

На правах гаспадара сядзібы, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, сам гісторык па прафесіі, адзначыў унікальнасць для айчыннай гістарычнай навукі постаці Улашчыка. І не толькі таму, што той зрабіў шмат адкрыццяў, апублікаваў вялікую колькасць важнейшых гістарычных крыніц і матэрыялаў, якія паўплывалі на фармаванне беларусаў як нацыі. Але і таму, што Улашчык перажыў шматлікія арышты (іх было ажно пяць!) і турэмнае зняволенне. Спадар Трусаў успомніў такі ягоны «жарт»: «У адным лагеры я пілаваў сосны і пісаў кандыдацкую працу, выйшаў — абараніў. Зноў лагер — і калі чарговы раз пілаваў сосны, то пісаў ужо доктарскую». Таму гісторык і выжыў у жудасных умовах сталінскіх канцлагераў, бо меў ідэю. А калі такой ідэі не меў бы, то загінуў, падсумаваў Трусаў.

Старшыня ТБМ вітае ўдзельнікаў прэзентацыі новай кнігі

Старшыня ТБМ вітае ўдзельнікаў прэзентацыі новай кнігі

Было падкрэслена, што навуковыя працы Улашчыка значна паўплывалі на светапогляд сучасных гісторыкаў, у прыватнасці Міхася Ткачова і Міколы Ермаловіча, якія здзейснілі сапраўдны прарыў у беларускай гістарычнай навуцы. Таму выхад кнігі ўспамінаў «Даць народу гісторыю» з лістамі і ўспамінамі Улашчыка — справа надзвычай важная і з’яўляецца значным крокам у асэнсаванні яго жыццёвага і навуковага подзвігу.

 

Міхась Скобла — укладальнік і выдавец кнігі успамінаў Улашчыка

Міхась Скобла — укладальнік і выдавец кнігі успамінаў Улашчыка

Складальнік новага тома ўспамінаў Улашчыка, паэт і выдавец Міхась Скобла распавёў, як ішла праца над новым томам серыі. «Даць народу гісторыю — гэта словы самога навукоўца, якія я знайшоў у адным з лістоў да мінскіх сяброў. Чаму гэтая кніга з’явілася сёлета? Таму што ў гэтым годзе Мікалаю Мікалаевічу споўнілася б 110 гадоў. А ўсё пачалося з таго, што «галоўны беларус» Масквы Аляксей Каўка перадаў мне частку архіва Улашчыка. «Ты нешта з ім зробіш», — сказаў ён, перадаючы дакументы. Пры вывучэнні архіва аказалася, што ў ім захоўвалася шмат машынапісных копій лістоў Улашчыка. Таму для даследчыкаў (прынамсі, для мяне) было вельмі зручна працаваць з імі: не трэба было бегаць па архівах і шукаць крыніцы. Адна частка гэтай кнігі створана на падставе лістоў Улашчыка, з архіва, які перадаў Каўка. Другая частка — «Даць гісторыю народу» — складаецца з успамінаў самога Улашчыка пра дзяцінства і юнацтва ў Віцкаўшчыне, Самахвалавічах і Мінску, дзе ён вучыўся».

Міхась Скобла нагадаў, што Улашчык упершыню выдаў і пракаментаваў беларускія летапісы ў серыі «Поўны збор рускіх летапісаў» у 32-м і 35-м тамах. Выдаў ён іх у Маскве, дзе ў той час гісторык жыў. Працаваць над тымі гістарычнымі дакументамі было няпроста, бо пастаянна ўзнікалі цяжкасці з перадрукоўкай старабеларускіх тэкстаў машыністкамі. Таму Улашчыку даводзілася браць на сябе і ролю звышпільнага карэктара. Гісторык вельмі засмучаўся фактам, што ў Беларусь былі адпраўлены ўсяго толькі 8 асобнікаў збору летапісаў. Сам Скобла выказаў думку, што наспеў час перавыдаць 32 і 35 тамы «Поўнага збору…» з беларускімі летапісамі ў тым выглядзе, якімі іх падрыхтаваў Улашчык.

 

Вячаслаў Чамярыцкі распавядае пра сумесную працу з Улашчыкам

Вячаслаў Чамярыцкі распавядае пра сумесную працу з Улашчыкам


Кандыдат філалагічных навук Вячаслаў Чамярыцкі ў свой час дапамагаў Улашчыку ў працы над беларускімі летапісамі. Вячаслаў Антонавіч успамінае: «Ужо з паўсотні гадоў, як літаратуразнаўца і крытык, я цікавіўся беларускімі і літоўскімі летапісамі. Таму аднойчы Улашчык, ведаючы мае захапленні, прапанаваў падрыхтаваць для 32-га тома «Хроніку Быхаўца», а потым, праз тры гады — «Магілёўскую хроніку» на польскай мове, рукапіс якой захоўваўся ў Ленінградзе. Для гэтага, па фотакопіі гэтай хронікі на друкарскай машынцы з лацінскім шрыфтам сам набіраў гэты складанейшы тэкст два ці тры месяцы. Такім чынам дапамог Улашчыку ў падрыхтоўцы летапісаў і хронік. Для гэтай кнігі я перадаў Міхасю некалькі дзясяткаў лістоў Улашчыка, бо вельмі рады, што спадчына Улашчыка вяртаецца на радзіму».


a.sidarevicz____i_praz_sto_hadou_budzem_pamjatac_logo.jpg

Беларускі гісторык і палітолаг Анатоль Сідарэвіч, які ў 80-я гады мінулага стагоддзя працаваў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», актыўна паспрыяў таму, што публікацыі Улашчыка пабачылі свет і на радзіме. Анатоль Міхайлавіч зазначыў, што Улашчык сам звярнуўся ў рэдакцыю са сваімі артыкуламі, што вельмі здзівіла тагачасных супрацоўнікаў «ЛіМа»: «Той самы Улашчык?»
«Цяпер я ведаю, — працягвае Сідарэвіч, — што і праз сто год, маладому даследчыку, які будзе займацца гісторыяй Беларусі, гісторыяй Вялікага княства Літоўскага абавязкова спатрэбяцца два тамы беларускіх летапісаў Улашчыка, а таксама яго ўнікальнае даследаванне «Уводзіны ў вывучэнне беларуска-літоўскага летапісання». На маю думку, чый аўтарытэт не могуць аспрэчыць нават «вучоныя» снобы — гэта аўтарытэт Улашчыка, які разам з Ермаловічам, здзейснілі сапраўдны подзвіг ў айчыннай гістарыяграфіі».


Радзім Гарэцкі кажа пра спробы Улашчыка вярнуцца ў Беларусь

Радзім Гарэцкі кажа пра спробы Улашчыка вярнуцца ў Беларусь

Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі падзяліўся ўспамінамі пра тое, як яго бацька Гаўрыла Гарэцкі разам з паэтам Петрусём Броўкам, звярталіся да кіраўніцтва Акадэміі навук з прапановай дапамагчы вяртанню Улашчыка ў Беларусь. На жаль, гэтаму працівіліся тыя, хто лічыў вучонага «ворагам народа». Радзім Гарэцкі распавёў і гісторыю стварэння і ўдзелу ў яго выданні Улашчыка «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» І. Бялькевіча — мужа старэйшай сястры М. Улашчыка Ніны, якая таксама зазнала цяжкі лёс вязня ГУЛАГа.

 

Леанід Лыч памятае знаёмства з М. Улашчыкам

Леанід Лыч памятае знаёмства з М. Улашчыкам

Доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч распавёў, што ў 60-я гады і да канца існавання СССР увесь Інстытут гісторыі АН Беларусі ведаў Улашчыка, нават тыя, хто непасрэдна не займаўся яго тэматыкай, не сутыкаўся з яго даследаваннямі. Амаль усе супрацоўнікі захапляліся яго дасягненнямі, яго лёсам, але былі ў яго і праціўнікі, нядобразычліўцы.

«Улашчык заўсёды шукаў магчымасці для сустрэч з беларусамі, і вось аднойчы ён запрасіў мяне да размовы. Мы пазнаёміліся, паразмаўлялі на цікавыя для нас тэмы, а праз некаторы час зноў сустрэліся ў Інстытуце гісторыі. Улашчык з радасцю паведаміў, што хутка, з упэўненасцю амаль на сто адсоткаў, будзе працаваць разам з намі. Але гэтыя мары і надзеі Улашчыка не спраўдзіліся з прычынаў, пра якія вёў размову акадэмік Гарэцкі», — кажа Лыч.

Леанід Лыч падкрэсліў ролю беларускага калекцыянера і стваральніка першага ў Беларусі прыватнага музея Анатоля Белага ў праве ўшанавання памяці выдатнага гісторыка. Менавіта на тэрыторыі яго музея ў Старых Дарогах, у нацыянальным Пантэоне славутых беларусаў адкрыты адзіны ў краіне помнік Улашчыку. Вядучы прэзентацыі Міхась Скобла выказаў надзею, што прыйдзе час, калі ўсе помнікі, усталяваныя дзякуючы руплівасці Анатоля Белага, «раз’едуцца» па ўсё Беларусі і будуць сведчыць пра выдатных дзеячаў беларускай гісторыі.

 

Спявае Наталля Матыліцкая

Спявае Наталля Матыліцкая

Асаблівымі апладысментамі ўдзельнікі прэзентацыі ўганаравалі фальклорную спявачку Наталлю Матыліцкую, якая заспявала некалькі народных песень з рэгіёну, дзе нарадзіўся і доўгі час жыў Улашчык. Спевы «Чаго лосеньку, чаго сівенькі…» і «Голуб на чарэшні, галубка на вішні» (з рэпертуару фолк-гурта «Ліцьвіны») выклікалі не толькі эмацыянальны водгук слухачоў, але і цікавасць да тых абставін, як і дзе яны былі запісаны фалькларыстамі.

z_novaj__knihaj_pra_vjalikaha_belaruskaha_vuczonaha_logo.jpg

Наступная прэзентацыя кнігі ўспамінаў і лістоў Мікалая Улашчыка «Даць гісторыю народу» адбудзецца ў Маскве.