У Еўрасаюзе з'явіцца пасада спецпрадстаўніка па пытаннях украінцаў на тэрыторыі ЕС

Дональд Трамп заявіў, што Расія і Украіна ўжо маглі дасягнуць мірнай угоды, і ён расчараваны, што гэтага не адбылося. Тым часам ЕС бярэ на сябе больш значную ролю ў пытанні падтрымкі Украіны і яе грамадзян. Ідзе 1206-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з ren.tv

Фота з ren.tv

На франтах ва Украіне за мінулыя суткі зафіксавана 209 баявых сутыкненняў. Па-ранейшаму самым напружаным застаецца Пакроўскі кірунак, дзе абаронцы Украіны спынілі 66 штурмавых і наступальных дзеянняў расіян ў раёнах Міралюбаўкі, Андрэеўкі, Лісоўкі, Малінаўкі, Мірнага, Лізаветаўкі, Удалага, Новасергіеўкі і іншых.

На Новапаўлаўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 34 атакі праціўніка ў раёнах Вясёлага, Багатіру, Беднага, Фёдараўкі, Навасёлкі, Свабоднага Поля, Шаўчэнка і іншых.

На Тарэцкім кірунку расіяне здзейснілі 23 атакі паблізу Дыліеўкі, Тарэцку, Шчарбінаўкі, Раманаўкі і іншых.

На Ліманскім кірунку армія РФ атакавала 22 разы ў раёнах Надзеі, Новага Свету, Ямпалаўкі, Торскага.

На Купянскім кірунку за мінулыя суткі адбылося 9 атак арміі РФ, на Краматорскім кірунку зафіксавана сем боесутыкненняў.

На Курскім кірунку за мінулыя суткі адбылося 27 баявых сутыкненняў рознай інтэнсіўнасці. 

* * *

Увечары 12 расійскія войскі атакавалі Гуляйпольскую суполку Запарожскай вобласці, у выніку чаго адзін чалавек загінуў і трое атрымалі раненні, паведаміў начальнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Фёдараў. З ягоных слоў, расійцы нанеслі мінімум чатыры авіяўдары. Былі разбураныя дамы, загінуў 60-гадовы мужчына, яшчэ двое мужчын 65 і 62 гадоў і 58-гадовая жанчына дастаўленыя ў бальніцу.

Паводле звестак сацсетак, у ноч на 13 чэрвеня ў акупаваным Крыме былі пралёты дронаў і раздаваліся выбухі. Выбухі былі чутныя ў Еўпаторыі, Севастопалі, Бахчысарайскім раёне, Феадосіі, Алушце, Саках, Новофедоровке, Каче, Кіраўскім, Бахчысарайскім раёнах.

У сацсетках адзначалі, што, паводле папярэдніх звестак, дроны нібыта даляцелі да аэрадромаў «Сакі», «Гвардзейскае» і «Кіраўскае».

* * *

505531440_1066258472353897_4103444458095025680_n.jpg

* * *

У Еўрасаюзе створаць пасаду спецыяльнага прадстаўніка па пытаннях украінцаў на тэрыторыі ЕС. Яе зойме Ілва Ёхансан — еўракамісар па ўнутраных справах з 2019 па 2024 гады, паведамляе Politico.

Роля спецыяльнага прадстаўніка будзе заключацца ва «ўзмацненні каардынацыі, прадстаўленні інтарэсаў украінцаў і ўкараненні практычных інструментаў падтрымкі» іх у Еўрасаюзе.

Ёхансан неаднаразова наведвала Украіну, у прыватнасці лагер бежанцаў на мяжы з Румыніяй, а ў 2022 годзе была ўзнагароджана ордэнам Украіны «За заслугі» II ступені.

* * *

Украінскі Каардынацыйны штаб у пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі заклікаў расійскі бок не зацягваць узгодненыя ў Стамбуле абмены палоннымі. 

«Украіна выразна прытрымліваецца дамоўленасцяў аб абменах палоннымі, якія былі ўзгодненыя ў Стамбуле і спадзяецца на гатоўнасць да гэтага расійскага боку. Але пасля паспяхова праведзенага чарговага этапу абмену цяжкапараненых і цяжкахворых палонных, расійскі бок заявіў, што нібыта Украіна "не гатовая да штодзённых абменаў"», — гаворыцца ў паведамленні штаба.

У штабе расцэньваюць такую заяву як працяг інфармацыйных маніпуляцый і чарговую порцыю дэзінфармацыі з боку РФ, якімі суправаджаюцца ўсе этапы абменаў. На самай справе менавіта расійскі бок прапанаваў перанесці абмены на пазнейшыя тэрміны, але па патрабаванні ўкраінскай перамоўнай групы абмены працягнуцца, і яны запланаваныя ўжо на бліжэйшыя дні.

* * *

Амбасадарка ЗША ў Расіі Лін Трэйсі завяршае сваю місію і пакідае пасаду, паведаміла амбасада ЗША ў Расіі.

Лін Трэйсі больш за два гады выконвала дыпламатычную місію ў Расіі. Гэта быў перыяд крайняй напружанасці паміж Вашынгтонам і Масквой, выкліканай, у прыватнасці, поўнамаштабнай вайной Расіі супраць Украіны.

На пасадзе амбасадара Трэйсі неаднаразова публічна заклікала Расію спыніць агрэсію і вызваліць незаконна ўтрыманых грамадзян ЗША, у прыватнасці журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча і былога марскога пяхотніка Пола Уілана. Падчас кадэнцыі Трэйсі амерыкана-расійскія адносіны заставаліся вельмі складанымі. Масква абвінавачвала ЗША ў «гібрыднай вайне», а Вашынгтон абвінавачваў Крэмль у злачынствах супраць Украіны. Амбасада ЗША ў Маскве працягвала працаваць у абмежаваным складзе, трываючы пастаянны ціск з боку расійскіх уладаў.

Дзярждэпартамент ЗША пакуль не зрабіў афіцыйнай заявы пра прычыны адстаўкі Трэйсі. Эксперты мяркуюць, што яе адкліканне можа быць сігналам да перагляду дыпламатычнай стратэгіі ў дачыненні да РФ, і таксама пакуль незразумела, у які бок. Аналітыкі не выключаюць, што адстаўка Трэйсі можа сімвалізаваць новую фазу ў адносінах паміж ЗША і Расіяй — магчыма, менш жорсткую або, наадварот, яшчэ больш рашучую.

У Дзярждэпе не паведамілі, хто стане пераемнікам Трэйсі. Чакаецца, што Вашынгтон абвесціць новага кандыдата на пасаду амбасадара найбліжэйшым часам.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мяркуе, што Украіна і Расія ўжо нібыта маглі дамовіцца пра мірную ўгоду, і ён расчараваны, што гэтага не адбылося, заявіў амерыканскі лідар падчас размовы з журналістамі.

«Я вельмі расчараваны ў Расіі, але я расчараваны і ва Украіне, таму што, на мой погляд, можна было б дасягнуць угоды», — распавёў Трамп.

Украіна і Расія губляюць 5-6 тысяч чалавек на тыдзень. Гэта «пераважна ваенныя», але таксама і мірныя жыхары, бо па іх наносяць ракетныя ўдары. «Як бы вам спадабалася жыць у будынку, калі б вы ведалі, што ўвечары ёсць вялікая верагоднасць, што ў яго патрапіць ракета? Гэта жудасна. Павінна быць жудасна так жыць», — дадаў Трамп.

Нагадаем, ЗША пазіцыянуюць сябе як пасярэдніка ў перамовах паміж Украінай і Расіяй. Але ў апошні час Вашынгтон надае ўсё менш увагі такой ролі. ЗША аддаліліся ад пошуку мірнага ўрэгулявання пасля таго, як Расія адмовілася ад безумоўнага спынення агню як мінімум на 30 дзён. Аднак больш рашуча ціснуць на Маскву Вашынгтон не спяшаецца.