Буйныя ветры і вішнёвыя хвалі паэзіі Паўлюка Труса
120 гадоў таму нарадзіўся адзін з самых арыгінальных і таленавітых беларускіх паэтаў мінулага стагоддзя Паўлюк Трус. Яму выпала на долю ўсяго 25 гадоў, але ён паспеў за гэты кароткі час напісаць незабыўныя вершы, засвоіць цвёрдыя формы і адкрыць беларусам лірыку чыстага кахання і пачуццёвасці.
Беларуская літаратура пачатку мінулага стагоддзя, якая перажыла рэвалюцыю, але яшчэ не была выразаная сталінскімі рэпрэсіямі, была надзвычай цікавай і шматабяцальнай з'явай. Павярніся гісторыя іншым чынам — і мы мелі б не адзін і не два зборнікі вершаў найлепшых еўрапейскіх узораў, паэзіі выспелай, адабранай самім часам праз бурапеннасць і зменлівыя вятры.
Гаворачы пра гэта, я маю на ўвазе перш за ўсё, канешне, тых маладых, таленавітых, адкрытых сэрцам, многія з якіх не дажылі і да трыццаці, спазнаўшы гвалтоўную смерць. Але ёсць у нас некалькі прыкладаў магутных талентаў, чые ніткі жыцця спадарыня з касою перарэзала сама — рана, раптоўна і несправядліва. Першым на думку прыходзіць Максім Багдановіч, цяперашні класік, а тады — улюбёнец многіх аматараў прыгожага слова. Яму было адведзена ўсяго 26 гадоў, за якія ён паспеў зрабіць тое, на што многія творцы кладуць дзесяцігоддзі (і часцяком няўдала) — адкрыць беларускую паэзію свету, а свет — для беларускай паэзіі, выйсці па-за межы фальклорных песень і сялянскіх рыфмаванак, зрабіць наша слоўнае мастацтва сапраўды мастацтвам.
За ім пайшлі іншыя, і ў некаторым сэнсе з яго лірыкі, як з улоння магутнай ракі, пасля выцякае праект «Узвышша». Шмат хто абавязаны сваім стылем, сваёй паэтыкай Багдановічу, і ў іх шэрагу — паэт, чый лёс быў такім жа кароткім і трагічным, несправядліва і рана перарваным смерцю ад хваробы. Паўлюк Трус прабыў на зямлі ўсяго 25 гадоў, большая частка з якіх прайшла далёка не весела. Як часта пішуць, ён меў узорную для пралетарыя біяграфію, бо паходзіў з беднай сялянскай сям'і — настолькі беднай, што, як бы цяжка ні працавалі яны на сваёй зямлі, гэтага не хапала, каб пракарміцца.
Яго школай была барана, а настаўніцай — глеба, з якой трэба было шмат працаваць малому, часам у слязах ад роспачы кідаючы цяжкі нструмент і беручыся за яго зноў, каб здабыць самыя важныя веды ў сваім жыцці: лёгка не будзе ніколі.
Блізкасць да зямлі, сувязь з прыродай, навакольным светам, поўным хараства, ляглі ў падмурак таго, якім вырас юнак і што было яму блізка. Веды, здабытыя ў маленстве, сталі асновай вершаў Паўлюка Труса — тых, на якія яшчэ не лёг цень пралетаршчыны, дзе яшчэ можна было не ўсхваляць рэвалюцыю і партыю.
***
Апала сінь… цвіце па-над раўнінай,
Вяргіні цвет асыпалі даўно,
І стынуць ў золаце асмуглыя рабіны,
Стаяць і журацца увечар пад акном.
І ў жоўтацвецені над ярам і далінай
Тане ў каўшах асенняе віно.
І спяць гаі… і сыплюцца лісты…
Звіняць акорды ў сэрцы маладым.
Сэрца паэта і маладосць — вось тыя складнікі, якія дазволілі Паўлюку Трусу пісаць так, як рэдка хто наважваўся ў тыя часы: чуйна, пачуццёва, тонка, нястрымна. Можа быць, менавіта гэта спрыяла папулярнасці юнака, якой зайздросцілі і якую не разумелі. А між тым, рэцэпт просты: шчырасць, нежаданне крывіць душой. Будзь тое пейзажная замалёўка, песня пра каханне, чарговы санет ці трыялет — усё ішло знутры, лілося і пералівалася фарбамі, якімі Трус валодаў як сапраўдны мастак. Уменне граць колерамі ў вершах патрабуе немалога таленту, якога, зрэшты, у гэтым выпадку не бракавала. І нават у тыя часы, калі ўжо пачалі падціскаць на паэта і патрабаваць апявання ладу, партыі і правадыра, сярод звычайных, надзённых тэкстаў у Паўлюка Труса з'яўляліся такія перліны, якіх мо ні ў каго больш і не стрэнеш.
ОЙ, ЛЮБЛЮ…
У блакітнай высі, цёмна-сінім моры,
Дагаралі зоры —
Зоры залатыя.
А ў ружовых далях, ой, з-за бору,
бору…
Калыхала песня паплавы-прасторы.
Калыхала песня небасхіл імглісты,
Калыхала свістам
Пад гарою гай.
Ой, люблю спяваць я, на мяжы гарыстай
Дзе ў зары празрыстай
Топіцца імгла.
Калыхала песня, вольнае бязмежжа,
А ў грудзёх сярмяжных,
Ой, вішнёвіць жар!
Эх,
Люблю я ў полі, на жытнёвых межах
Упівацца свежым,
Вінным сокам яру.
І тады на крыллях вольна-сакаліных
Поглядам арліным
Мераю прасцяг.
Дый люблю ж я ў полі на прыпол даліны
Сыпаць цвет малінны —
Новага жыцця!.. —
О, цябе я ўспомню, маладая вёска!..
Дзе ў вясновых ўсплёсках
Смутак утапіў,
Дзе з касою вострай, раніцаю роснай
На мурог пракосах
Хмель я шклянкай піў.
У блакітнай высі, цёмна-сінім моры
Пагасалі зоры,
Зоры ды міганні.
А ў ружовых далях, ой з-за лесу-
бору.
Растапіла сонца мклівасць сочна-раннем.
Фальклорныя матывы і «вясковасць» лірыкі Труса апявалі крытыкі, згадвалі ў водгуках на смерць і яшчэ шмат гадоў пасля яе. І ў гэтым насамрэч нельга адмовіць: пісалася і такое. Яшчэ б не пісацца! Хлопец вырас у вёсцы, дый сам час патрабаваў паступовасці. А яна была — бо ад вёскі і прыроды Трус перайшоў да тэмы кахання, напісаўшы дзяўчатам не адзін прыгожы верш. Ужо за адно гэта — за «індывідуалізм», «буржуазныя матывы», «упадніцтва» — ён мог бы скласці галаву, калі б дажыў да лютых 1930-х. Але гэта той самы выпадак, калі заўчасная смерць стала выратаваннем — і ад карнікаў, і ад даносчыкаў, і ад крытыкаў, якія ў 1920-я ўзносілі паэтаў да нябёсаў, а ў 1930-я закопвалі жыўцом.
Любоўная лірыка складае ладны корпус тэкстаў маладога творцы, якому ў рэальным жыцці з каханнем не надта шчасціла. Большую частку часу ён вымушаны быў працаваць, каб хоць неяк утрымліваць сябе і бацькоў, а яшчэ ж гэтае савецкае будаўніцтва, якое пастаянна патрабавала ўключанасці, дзейнасці, справы... І тым не менш, паспяваў Трус — і працаваць, і пісаць, і кахаць.
***
Даліны крыюцца туманам,
І поле ў ветразі завей…
Навошта сэрца я параніў
Чарнявым погладам вачэй?!
Навошта сэрца замарозіў
Вянком халодных тваіх рук?..
Цябе сустрэў я на дарозе,
Сустрэў, як родную сястру.
Не ведаў я, якія сцежкі
Нас так па-свойму развядуць.
Ты толькі ласкавай усмешкай
Мне падарыла краскі дум.
А іх жыццё імчала далей
На хвалях цёмных, як калісь…
І кветкі дзікія завялі,
Ў душы ўспамінам адцвілі!..
І толькі крыюцца туманам
Даліны ў ветразі завей…
Навошта сэрца я параніў
Чарнявым погладам вачэй?!
«Параненасць» — наогул часты стан лірычнага героя, якому і ў жыцці, і ў каханні мала перападала шчаслівых хвілін. Але былі і такія, і пра іх юнак пісаў неабачліва смела, як, можа быць, сабе дазволяць толькі познія савецкія паэты. Так са здзіўленнем чытач, перабіраючы паэтычную спадчыну Паўлюка Труса, адкрые для сябе лёгкую эратычнасць у яго тэкстах, дазволеную аўтарам аголенасць радкоў і пачуццяў, якія з рамантычна-ўзнёслых раптам становяцца вельмі зямнымі, прадметнымі, рэчыўнымі. І гэта не робіць верш горшым, не пазбаўляе яго юнацкай натхнёнасці, але вяртае нас у рэальнасць, у сапраўднасць, дзе каханне — гэта не толькі явар з калінаю, але яшчэ і нешта большае, пра што яшчэ трэба ўмець сказаць.
Я СПАТКАЎСЯ З ТАБОЙ…
У купальскую ноч, у зялёным бары —
У бары пад кудравымі соснамі,
Я спаткаўся з табой… Месяц долу дарыў
Пацалункі-дары
буйна-росныя.
Я спаткаўся з табой руту-мяту дарыць,
Руту-мяту дарыць зарунелую.
Сосны слёзы-расу асыпалі ў бары
Ой, на грудзі твае
сочна-белыя.
Сосны слёзы-расу асыпалі з галін
І крапілі твае вочы ясныя.
А ў далі небасхіл над прасцягам далін
Усміхаўся ўспамінамі
шчаснымі.
А ў далі небасхіл ў пазалоце тануў,
Сыпаў чары на дол, чары мятныя.
Я схіліўся к табе, ой, на грудзі вясны,
Ой, на грудзі вясны
не памятыя.
Я схіліўся бліжэй да гарачых грудзей,
Да грудзей з залатымі каралямі,
А ў далі небасхіл задумённа глядзеў,
Сыпаў іскры на дол
чырвань-хвалямі.
Акрылены паспяховасцю, Паўлюк Трус адзін за другім паспеў выдаць два зборнікі, перш чым лёс сышоў са звыклых рэек і пусціў жыццё юнака пад адхон. Пасля выхаду пастановы «Аб дзяржаўнай палітыцы ў літаратуры» партыйныя функцыянеры і крытыкі сур'ёзна ўзяліся за творцаў, і паступова знакамітае аб'яднанне «Маладняк» стала ператварацца ў агітпроп, што супярэчыла поглядам і прынцыпам многіх з яго ўдзельнікаў. Не выключэннем быў і Паўлюк Трус, які напісаў заяву на выхад з аб'яднання, але пад ціскам вымушаны быў адмовіцца ад яе, за што на ўсё сваё нядоўгае жыццё застаўся непажаданым сярод сяброў і аднадумцаў ва «Узвышшы», куды ўсёй душой імкнуўся, але не мог трапіць.
Засмучаны сітуацыяй, вымушаны жыць па чужых правілах, ён станавіўся ўсё больш самотным, часта пазбягаў людзей і нават нешматлікіх сваіх сапраўдных сяброў — Кузьму Чорнага і Пятра Глебку. Памёр юнак таксама на самоце, у адной з мінскіх бальніц, куды прыйшоў пешшу са Ждановічаў. Прычынай смерці стаў брушны тыф.
Хавалі паэта ўсім Мінскам і яго ваколіцамі, так што хаця б пасмяротна ён зазнаў народную любоў, бо за труною ішлі не толькі калегі па пяры і літаб'яднаннях, але і простыя людзі, якія любілі яго паэзію — таленавітага аўтара, тонкага лірыка, сына сваёй зямлі.
***
Плакалі ветры ў дуброве параненай,
Плакалі ў лузе шаўковым.
Помніш ты першае наша спатканне?
Плакалі ветры ў дуброве.
Вольна кацілася песня вясновая.
Ёй у грудзях было цесна!..
Смела, свабодна да светлага, новага
Вольна кацілася песня!
Плакалі ветры, ў дуброве галосячы,
Плакаў і бор смуглабровы.
Помніш ты наша спатканне увосень?
Плакалі ветры ў дуброве...
САНЕТ
Над кубкам возера глыбокім і шкляным,
У тонкай просіні між кросен багавіння,
Лілеі плакалі ў хвалях сініх, —
Ў прадонне цёмнае ўглядаліся яны.
І плынню кволаю навеяныя сны,
Як вобразы далёкіх успамінаў,
Узорам слаліся над сплеценаю цінай,
Дзе ўсплывалі водгукі вясны.
Так кветкі гінулі пад ветрамі у полі…
Ў праменнях сонца, ў квецені раздолля
Прыгожа-стройныя на волі расцвілі.
І воды чыстыя жыццёвых пераліваў
Змываюць цьмянае з грудзей зямлі,
Губляюць сцень на дне вякоў бурлівых.
ПАСЛЯ БУРЫ
Сціхлі грымоты сярдзітыя,
Сэрца не страшыць іх водгулле.
Дожджыкам буйным абмыты я
Смела вяслую ў прыволле.
Сонца з лазоравай высі
Поіць крамяныя гоні.
Вабіць: ідзі падзівіся! —
Што за раздолле сягоння.
Бор старажытны, зруйнованы,
Вырваны імпатам буры,
Песні складаюцца новыя
Тут па-над лесам панурым.
Тут, дзе раней бушавалі,
Посвісты буры віхрыстай,
Сёння бунтарскія хвалі
Поўняць мяне агнявіста.
Поўныя грудзі запалу,
Зірк абнімае бязмежжа,
Мы спарахнелае палім,
І быльняговыя межы.