Паўлюк Трус: паэт крыштальнай чысціні

«Здароў, Паўлюк!» — так пачынаецца ліст Алеся Дудара да Паўлюка Труса. Гэтае маладое заліхвацкае вітанне і цяпер найлепш пасуе да аднаго з самых выбітных паэтаў-маладнякоўцаў, якому напачатку траўня грукнула 115 гадоў.

Паўлюк Трус. Фота: Вікіпедыя

Паўлюк Трус. Фота: Вікіпедыя

Менавіта так і назвала сваю лекцыю, прысвечаную Паўлюку Трусу, літаратуразнаўца, пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец. Пра паэта яна распавядала ў межах праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця» Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і Выдавецкага дома «Звязда».

Хлопчык за бараной

Пачала з верша — ці дакладней сказаць — з музыкі? Бо Паўлюк Трус — гэта нават не словы, а музыка. Ну паслухайце — хіба ж не спеў?
А ў палёх, палёхДы быльнёг палёг,Зацвілі садыЦветам-шэранню.І ў далёкі край,За Дунай, Дунай,Над сялом плывуцьГусі шэрыя.Ой, куды, кудыВы, ды шэрыя гусі,Ці ж няма вады вамТут, на Беларусі?..
Нярэдка паэты пачуваюцца людзьмі лішнімі для сваёй эпохі, і ад таго — самотнымі. Але падобна на тое, што Паўлюк Трус быў чалавекам і паэтам абсалютна свайго часу — з маладым імпэтам, прагай перабудовы жыцця і ўсведамленнем свайго таленту.
«Гэта быў час, калі цяглавітыя беларусы адчулі, што могуць «людзьмі звацца» і ісці некуды ў сваіх марах пра плён. Куды — яны не ведалі, але разумелі, што трэба некуды ісці, як ідзе чалавек за плугам. Тое сялянскае адчуванне цяжкага шляху, які ты ўсё адно павінен прайсці, і якое дасёння закладзена ў нас, было ва ўсіх тых хлопцаў, якія прыходзілі тады ў літаратуру. І не важна, паходзілі яны з сялянскіх палеткаў ці з гарадскога бруку», — заўважае пісьменніца.

Ганна Севярынец

Ганна Севярынец

Менавіта на гэтай хвалі ў беларускую літаратуру прыйшоў Паўлюк Трус. У яго была бездакорная для таго часу біяграфія. У адрозненне ад большасці беларускіх паэтаў, ён нарадзіўся ў сапраўды беднай сялянскай сям’і і адпавядаў усім канонам маладога пралетарскага паэта, бо мусіў уздымацца з самай галечы.
Сям’я Труса была з пагарэльцаў, яны пераехалі ў Нізок, што ля Узды, з суседняй вёскі. Бацьку, Адаму, дасталося ўсяго дзве дзесяціны зямлі — гэта вельмі мала для сям’і з чатырма дзецьмі. Паўлюк мусіў пайсці ў парабкі. Калі бацька ўладкаваўся ў пана фурманам, васьмігадовы Паўлюк застаўся старэйшым мужчынам у хаце.
«Ёсць кранальны ўспамін Пятра Глебкі пра дзяцінства Паўлюка, калі яго малога ставілі за канём з плугам ці бараной, і ён павінен быў апрацаваць усе гэтыя няшчасныя дзве дзесяціны. І калі ён ішоў за кабылкай уперад, гэта было не так складана. А вось калі кабылка даходзіла да канца і трэба было паварочваць, тут была праблема, таму што перакінуць барану ў сусенюю раллю хлопчык не цягнуў. І ён садзіўся і рыдаў. Але ж ніхто, апроч цябе, гэтага не зробіць. Тады ён выплачацца, устане, і як-ніяк перакіне гэтую барану», — малюе літаратуразнаўца карціну цяжкага дзяцінства будучага паэта.

Усеагульны ўлюбёнец

Але Паўлюк хацеў вучыцца. Бацькі ў яго былі непісьменныя, і наогул у яго асяроддзі лічылася, што навука дзецям непатрэбная. Але пасля сямейных спрэчак маці стала на бок сына, і Паўлюка адправілі ў вясковую школу. Там ён адразу ж паказаў сябе найлепшым вучнем, бо быў надта старанным. Настаўнікі хвалілі хлопца, і пасля школы бацька завёз яго ва Узду ў вышэйшую пачатковую вучэльню. Разам з Трусам там вучыліся будучыя маладнякоўцы Пятро Глебка і Алесь Якімовіч.
А ў 1923 годзе Паўлюк з’язджае ў Менск, каб паступаць у Белпедтэхнікум імя Ігнатоўскага. Ганна Севярынец распавядае, што гэта сапраўды легендарная ўстанова, таму што і выкладчыкі, і вучні яе пакінулі па сабе вялікі след у беларускай культуры.
«Тут выкладалі Якуб Колас, браты Лёсікі, Азбукін, Кіпель, Смоліч, прыходзілді выкладчыкі з БДУ, чытала лекцыі прафесура з Інбелкульту. Белпедтэхнікум быў узорнай установай, арганізаванай, каб рыхтаваць настаўнікаў-беларусістаў, краязнаўцаў, гісторыкаў — фронт тых, хто першым пойдзе на беларусізацыю», — тлумачыць даследчыца.
Адначасова на розных курсах тут вучыліся Паўлюк Трус, Лукаш Калюга, Сяргей Фамін, Сяргей Дарожны, Валер Маракоў, Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская. Міхась Зарэцкі кіраваў тут літаратурным гуртком, Тэраўскі — белпедтэхнікаўскім хорам… Пазней, у 1930-х, калі ў рэзюмэ было пазначана сканчэнне Белпедтэхнікума, да чалавека ўжо былі вялікія пытанні, бо гэта значыла, што ён свядома атрымаў «нацдэмаўскую» падрыхтоўку.
Але да тэрору 1930-х яшчэ далёка, жыццё поўнае надзей, а Паўлюк Трус — усеагульны ўлюбёнец у Белпедтэхнікуме: добра малюе, выдатна спявае, да тагож — паэт.
Вешы тады пісалі ўсе, казалі нават: дзе паставіш мятлу — там будзе паэт. Але першы надрукаваны верш 20-гадовага Паўлюка Труса «Над возерам» — гэта нешта іншае, адрознае ад таго, што складалі навучэнцы Белпедтэхнікума ў той час. Твор дасканалы і з пункту гледжання вершаскладання, і з пункту гледжання вобразнасці:
Возера дрэмле…Вербы зялёныястан пахіліліна сонную гладзь,ў постаці ціхай,пад ночы апонаю,сны старажытнасці сняць.Ўдовы-бярозысваімі каралямігорда глядзяццаў люстэрка вады;ззяюць крыштальнымі,дзіўнымі хвалямі,сцелюць на водуадбіткі-сляды.Месяц-юнак,круглаліцы, бялявы,поглядам ніжаазёрную глыб,косы спусціўшына ўдумныя з’явы,ціха плывенад разлогам сяліб.Зоры гарацьпа-над возерам вольным,човен цалуеспакойную сінь,плаўна калышаццаўзмахам павольным,будзіць нямую,застыўшую плынь.

p5135278_logo.jpg

Пасля гэтага верша Паўлюк Трус становіцца ці не першым паэтам сярод маладых, пасля Міхася Чарота і Уладзіміра Дубоўкі. Да таго ж ён стаўся аўтарам адной з самых вядомых белпедтэхнікаўскіх песень, напісанай на ўзор папулярных у той час «Кирпичиков».
Апроч таго разам з Пятром Глебкам і Максімам Лужаніным Паўлюк Трус рабіў вусную газету «Чырвоны прамень». Выглядала гэта так: раз на тыдзень на якой-небудзь белпедтэхнікумаўскай вечарыне хлопцы давалі нейкія навіны, а заадно прыпячатвалі ў сатырычных вершах студэнтаў і выкладчыкаў. Пры гэтым часта яны эксперыментавалі з формай: не проста выходзілі ўсе разам і чыталі, а заціраліся сярод слухачоў і адзін за адным накрывалі залу сваім гумарам.
«Ад газеты нічога не засталося, бо яна існавала толькі ў вуснай форме. Хіба што некалькі радкоў — і тое іх у прыстойным месцы не цытуюць», — усміхаецца Ганна Севярынец.

Ліст Паўлюка Труса да Пятра Глебкі

Ліст Паўлюка Труса да Пятра Глебкі

Таму Паўлюк Трус быў чалавекам заўважным. Яшчэ не скончыўшы вучобу, ён выдаў першу кнігу «Вершы», і яна адразу становіцца з'явай у літаратурным жыцці.
Закадычным сябрам Труса быў Кузьма Чорны, які рэдагаваў газету «Беларуская вёска», дзе часта друкаваўся Паўлюк. І калі той прыходзіў у рэдакцыю, пачынаўся рогат, і працаваць было немагчыма.
«Тады Чорны казаў, каб Паўлюк ішоў на калідор і там, уладкаваўшыся на падваконні, што-небудзь папісаў. Той паслухмяна ішоў, пісаў, і калі асабліва добра выходзіла, то рагатаў і там», — распавядае літаратуразнаўца.
Па яе словах, Чорны вельмі любіў Труса бо той быў блізкі яму ў захапленні вёскай і фальклорам — той базай, з якой вырастае літаратура. Адметна, што ў «Маладняк» Трус прыйшоў не як паэт-чыноўнік, а ўвасабляў менавіта мастацкую моц аб'яднання. Ён увёў у літаратуру рамантычны вобраз беларускай вёскі, якая, зрэшты, тады была патрэбная. Ганна Севярынец зазначае, што і па сёння значэнне Паўлюка Труса ў літаратуры заключаецца ў тым, што ён пераплавіў фальклорнае слова ў мастацкае.

Паміж «Маладняком» і «Узвышшам»

Чалавек вельмі прастадушны, Паўлюк Трус быў з тых, хто не заўважыў пачатку ціску на «Маладняк» у чэрвені 1925 года. Да гэтага часу чальцы аб’яднання стваралі літаратуру выключна пры дапамозе самакіравання і самаадукацыі. Але са з’яўленнем дакумента «О государственной политике в литературе» гэтая самая літаратура пераўтвараецца ў зброю. У тым жа дакуменце былі прапісаныя «свае», пралетарскія, пісьменнікі, «ворагі» і «спадарожнікі». Пачынаецца падзел паэтаў на тых, хто ўсхваляе новы лад, і хто не — пры гэтым мастацкая вартасць твораў ніякай ролі не адыгрывала. Менавіта тады Дубоўка скажа, што «Узвышша» будзе адлюстроўваць палітыку партыі ў тых варунках і межах, у якіх палічыць патрэбным. За што потым і атрымае сваё…
Для Паўлюка Труса надыходзяць складаныя часы. Ён хоча пісаць пра вербалозы, а ад яго патрабуюць, каб ён пісаў пра піянера і трактар. Ён спрабуе, бо вельмі старанны, але разумее, што атрымліваецца блага. Таму калі пачынаецца адыход «Узвышша» ад «Маладняка», Паўлюк Трус вырашае ісці за «Узвышшам».
Гэтая гісторыя стала адной з самых скандальных у даваеннай беларускай літаратуры. Трус падае заяву на сыход з «Маладняка», прычым на пасяджэнні, на якім адбываўся гэты сыход, прысутнічаюць усе высокія чыны, нават Мікалай Галадзед. Але на наступны дзень на Труса націснулі, і ён друкуе ў «Савецкай Беларусі» адмову ад сваёй заявы і вяртаецца ў «Маладняк». Ва «Узвышшы» гэта ўспрынялі як здраду.
Для самога Паўлюка гэта былі вельмі драматычныя абставіны. Потым ён прасіўся ў Глебкі, каб яго прынялі назад, бо ён не хацеў заставацца ў «Маладняку», бачачы, што аб’яднанне пераўтвараецца ў ідэалагічны інструмент.
Вакол Паўлюка Труса ўсчынаецца вір, і таму пасля заканчэння Белпедтэхнікуму ў 1927 годзе замест паступлення ў БДУ, ён з’язджае ў Гомель і працуе ў «Палескай праўдзе». Пры гэтым яго чакаюць у любой мінскай рэдакцыі, а яго творы на філфаку ўключаныя ў праграму па літаратуры. Але Паўлюк з’язджае, каб застацца сам-насам з сабой. Ён ездзіць па вёсках з лекцыяй «Беларусь і сучасная культура», і з вакальнымі нумарамі. Вандруе адзін і цягне беларушчыну на зрусіфікаваную Гомельшчыну, якая толькі-толькі была далучаная да БССР. Там жа пачынае эксперыментаваць з жанрамі і формамі, піша санеты, трыялеты, вершы са складанай рыфмай і ў прозе.

p5135276_logo.jpg

У гэтым жа годзе выходзіць другі зборнік вершаў Труса «Ветры буйныя», які ўшчэнт разносіць у сваёй рэцэнзіі Алесь Дудар пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі. Аднак Трус успрынячў гэтую крытыку як навуку і ўбачыў у ёй магчымасці для далейшага развіцця. Але часу ў яго на гэта заставаўся толькі год…

«Хлопцы, я пайду»

У 1928 годзе Паўлюк вяртаецца ў Менск і паступае ў БДУ. Але сітуацыя змянілася. Ва «Узвышша», дзе былі яго сябры, яго так і не прынялі, дзяўчына, якую кахаў, не адказвала ўзаемнасцю. Да таго ж ён зусім не п’е, таму «ўліцца» ў якую-небудзь кампанію ў яго не атрымліваецца. Часам пры сустрэчах ён замаўляе сабе піва, каб быць падобным да іншых, але не п’е нават і яго, і адчувае сябе самотным. Павесяліцца ўдавалася хіба што з суседам па кватэры Міколам Хведаровічам, разам з якім пад псеўданімам Себасцьян Сатробінскі яны выдаюць зборнік літаратурных пародый.
 Улетку 1929 года пасля першага курса Паўлюк Трус адзін пешшу выпраўляецца ў падарожжа па Магілёўшчыне. Вяртаючыся, ён падыходзіць да Ждановічаў і спыняецца ў сяброў — Глебкі і Хведаровіча, — якія знаходзяцца там на адпачынку. Хведаровіч успамінае, што ў адзін з вечароў, 29 жніўня, Паўлюк лёг ля вогнішча, а на твары ў яго выступілі буйныя кроплі поту. Звычайна вясёлы, ён у той вечар быў сам не свой. Крыху паляжаў, а потым сказаў: «Хлопцы, я пайду». І пайшоў у Мінск, у лякарню, дзе яго прынялі з тэмпературай 39. Не стаў казаць, што ён паэт, а назваўся студэнтам. Таму ім моцна не займаліся, паклалі ў калідоры, і там на наступны дзень, 30 жніўня, ён памёр ад тыфу. Яму было 25 гадоў.

Членскі білет Паўлюка Труса з Палескага аддзялення Усесаюзнай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў

Членскі білет Паўлюка Труса з Палескага аддзялення Усесаюзнай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў

Потым, калі зразумелі, што сканаў паэт, узняўся вялікі вэрхал, і ніхто не мог паверыць, што Паўлюка не стала. Гэта была першая смерць у маладой беларускай літаратуры. 
«Хавалі яго ўсім Мінскам на Вайсковых могілках. Яго неслі на руках ад Дома пісьменніка (стаяў прыкладна насупраць сённяшняга КДБ. — НЧ), хаця быў адмыслова выдзелены катафалк, запрэжаны белымі коньмі, — распавядае Ганна Севярынец. — Тады на могілках сабраліся ўсе, гэта быў дзень, калі расколатая беларуская літаратура ўз'ядналася, каб праводзіць Паўлюка. Не было толькі Дубоўкі, бо ён быў у Маскве, і Дудара, бо той быў у высылцы. Вянок з вершаў Трусу склалі некалькі дзясяткаў паэтаў — усе яны адгукнуліся на смерць Паўлюка. І выбухам негадавання сустрэлі выступ нейкага камсамольскага функцыянера, які сказаў, што на месца Труса прыйдуць тысячы новых Трусаў».
Замест Паўлюка Труса ў беларускую літаратуру так ніхто і не прыйшоў. Па словах Ганны Севярынец, ён стаў адзіным у сваім родзе «паэтам крыштальнай чысціні» і незвычайнага прыроднага таленту. І хто ведае — можа, такім чынам ён забяспечыў сабе лепшы сыход, чым той, які б, безумоўна, чакаў яго напыканцы 1930-х. Тады сталі з’яўляцца спробы нападак на Труса і абвінавачванняў яго ў «нацдэмаўшчыне», але ж з мёртвымі, як вядома, не ваююць…