Фотатэрапія. Вясна, прырода, паэзія

Можа быць, ці не ўпершыню ўсё квітнее ў адзін час — яблыні, грушы, слівы, вішні, чаромха, дзьмухаўцы, бэз. Усё ў квецені — і такое прыгожае, што душа сама просіць паэзіі. Мы не маглі прайсці міма і зрабілі падборку вясновых вершаў ад нашых класікаў.

img_2808_edited_logo.jpg

Пятрусь Броўка

Май зялёны на парог

Май зялёны на парог.

Ночка. Вішні белыя.

Ходзім мы з табой удвох,

Нібы звар’яцелыя.


Не страчаліся з зімы.

Што ж мы не бяседуем,

I чаго жадаем мы, —

Самі мы не ведаем.


Падае нам певень знак —

Блізка ўсход, світаецца,

Нашы ж рукі аніяк

Штось не разнімаюцца.


Салаўіны галасок

У садах ваколіцы,

Месяц быццам назнарок

Сам не супакоіцца.

img_2809_edited_logo.jpg

Ніл Гілевіч

***

Зноў на ўзлеску цвiтуць-дацвiтаюць арэшыны —

У жаўтлявых падвесках каткоў-завушнiц.

Дуб над iмi, усёй гэтай пушчы старэйшына,

Дрэмле ў думках аб блiзкай пары навальнiц.

Тут, у гушчы кустоў, у кудлатым ляшчэўнiку,

За даўжэзны свой век, кожным летам, як жнуць,

Колькi чуў ён дзiцячага гоману-шчэбету!..

I яшчэ, i яшчэ раз хацеў бы пачуць...

img_2836_edited_logo.jpg

Ніна Мацяш

***

Снягі абложныя прадвесне

Пратне травіначкі лязом,

I свет наш прадаўжальна змесціць

Паміж усмешкай і слязой,

I зноў панітавана будзе

Вясёлка траўня і слата,

I радасць гэтак лёгка спудзіць,

I стогну цяжка вылятаць.


Снягі прыпалыя прадвесне

Пратне травіначкі лязом,

I цэлы свет працяжна змесціць

Паміж усмешкай і слязой,

Дзе недазвол на безнадзейнасць,

Дзе спадзяванняў правата,

Што нас нявыказнае здзейсніць

Раней, чым прыйдзе немата.

img_2845_edited_logo.jpg

Анатоль Вялюгін

Чаромхавыя халады

Па ярах сумётамі — белая чаромха.

Салаўі шалёныя б'юць на ўсе лады.

Заінела пер'е майскага чарота:

выветрыўшы неба,

ходзяць халады.


I заўсёды лепшая на світанку нашча

песня заспяваецца. Чуеш, малады,

як шуміць у белым бацькаўшчына наша.

Горла песні ранняй

лудзяць халады.


Суцяшае радыё: — У пачатку мая

на далёкай поўначы...

растаюць ільды...

Позні дым у садзе цёпла абдымае

белыя галінкі:

сёння халады.


Калыхацца галлю, кладкам угінацца;

на сцяжынах — шолахі лёгкае хады.

Ты са мной, шаленства яснага юнацтва,

спелы цвет чаромхі...

песня...

халады...

img_2849_edited_logo.jpg

Данута Бічэль-Загнетава

Коцікі

Коцікі спалі

ў цесных каморках.

Ды ручаінкі

звіняць на пагорках.


Коцікі селі

на кусцік вярбовы,

грэюць на сонцы

жоўтыя бровы.

img_2826_edited_logo.jpg

Уладзімір Караткевіч

***

Хмары веснія цяжкія, як кентаўры,

Песня шчасця пад імі ўзахлёб звініць.

Ах, гэта жаўранак,

Жаўранак,

Жаўранак,

Срэбная,

Срэбная,

Срэбная ніць.

Над ракою, тваім зайздросцячы лаўрам,

Вадзяны бугай трубіць, як грубіць.

He звяртай увагі,

Жаўранак,

Жаўранак,

He парві сваю тонкую,

Тонкую ніць.

Зноў дымеюць разоры і сытая пара

На курганы былога майго бяжыць.

Працягні з майго сэрца,

Жаўранак,

Жаўранак,

Аж да самага неба

Звонкую ніць.

img_2828_edited_logo.jpg

Пімен Панчанка

***

Жылы дрэў напоўніліся сокам,

Ручаі імкнуцца да ракі.

Неба стала чыстым і высокім,

I пяюць вясёлыя шпакі.


Ўсё вясна старанна падлічыла,

Сонцам абагрэла кожны кут.

Паляўнічым прынясла дзічыны,

Рыбакам расчысціла раку.


Рыбы абудзіліся з застою,

А ваўкі халодныя насы

Узнялі на воблака густое

I спрабуюць ціха галасы.


На паляне ў светлым пералеску

Расцвілі налітыя расой

Сінія падснежныя пралескі

Пад аховай урачыстых хвой.


Я пакінуў хату, кінуў вершы,

Блукаю па лесе, як дзівак.

Мяне кліча ў госці друг мой лепшы —

Шэры дрозд, цудоўнейшы спявак.


Пах смалісты п'ю і не нап'юся,

I пад гром птушыных галасоў

Да бярозы белай прыхінуся, —

Буду прагна піць салодкі сок.


I тады нальецца цела сілай,

Гэтай сілы радасць зберагу,

Каб яна мяне перанасіла

Праз бяду, і ворагаў касіла,

I знішчала чорную тугу.

img_2824_edited_logo.jpg

Ларыса Віннікава

Пра май

Коўш Мядзведзіцы

вісіць над уваходам

у родны дом.

Нашы вішанькі

схіліліся над плотам.

За вуглом —

дзве фігуры.

Шэпча ноч ім таямніча

штось пра май...


Коўш — за хатай.

Маці кліча!

Усё!

Бывай!

img_2818_edited_logo.jpg

Аркадзь Куляшоў

***

Калі вясною закукуе

Зязюля ў лесе раніцой,

Ты прыгадай вясну другую,

Бары на Міншчыне маёй.


Згадай усё, што сэрцу міла,

Што сэрцу дорага было.

Забудзь, што ўсё адгаманіла,

Адкукавала, адышло.


Згадай усё, што нам жадала

Ку-ку! — ў зычлівым гушчары.

Забудзь, што ў хованкі гуляла

Жаданне з намі да зары.


Забудзь, што рэху не вярнуцца

Ні да цябе, ні да мяне.

Забудзь!.. Хай сэрцы адгукнуцца

Адно другому па вясне.

img_2834_edited_logo.jpg

Міхась Стральцоў

Мажорнае

Зноў вясна! —

прэч, адзежы зімы,

з цела, з душы, з учарашняй надзеі!

Вольны цяпер:

захачу —

горадам прарасту,

камяніцамі ў цёмнае неба.


Страпянуўся ад тупату ног,

ад крыку травы,

ад трызнення вады,

ад сп'янелага ветру,

што рвецца ў трамвайныя дзверы.


Стану смерчам рэклам,

стану ноччу і днём

і заложнікам першага грому.

Вольны цяпер! —

захачу —

над зімою паплачу.

img_2862_edited_logo.jpg

Яўгенія Янішчыц

Кахання сад і ластаўка вясны


I дождж, і гром, і несціханы вецер,

I першы клейкі лісцік выразны!

...Абуджваюць балючае дасвецце

Кахання сад і ластаўка вясны.


Яшчэ з табой мы павяснуем, доля,

Бо соты раз, як позва адкрыцця, —

У светлыні агромленага голля

Кахання май і ластаўка жыцця.


Вясна, агонь зялёнага азарту,

Люблю твайго размаху крыгаход...

Зялёны сад — ён стане жоўтым заўтра,

Але нальецца тайнай сілай плод!


Аціхне шум. Ацяжалее крона.

Ды зноў успыхне лісцік выразны.

I блаславіць нашчадак акрылёна

Кахання сад і ластаўку вясны.