«На Літве ўсе баяліся гуку паштовага званка»: рыскі імперскіх рэпрэсій у XIX стагоддзі

Як толькі землі Вялікага Княства Літоўскага апынуліся пад уладай Расійскай імперыі, на нашых землях пачаліся палітычныя рэпрэсіі. Акрамя распраў пасля вызвольных паўстанняў, царскі рэжым усталяваў жорсткі кантроль на падуладных землях. Пад уціск і пераслед за стагоддзе трапілі мільёны…

Арышт паўстанца

Арышт паўстанца

Арышты, вобшукі, катарга, высылка, смяротнае пакаранне за супраціў, зняволенне за іншадумства, цэнзура ўсіх сфер жыцця — усё гэта напоўніла наша ХІХ стагоддзе. Улады Расійскай імперыі імкнуліся падпарадкаваць далучаныя землі Вялікага Княства Літоўскага (як і ўсе астатнія) не толькі ў геаграфічным плане, але і ў ідэалагічным. Калі спачатку на землях Літвы дзейнічаў Статут, існавала грэка-каталіцкая царква, працаваў універсітэт і выдавалася літаратура… то ўжо да канца ХІХ стагоддзя ў гэтак званым «северо-западном» краі ўсталяваўся жорсткі рэжым з рэпрэсіўнай машынай, цэнзурай, паліцэйскім наглядам.
Пры гэтым рэпрэсіі праяўляліся не толькі да ўдзельнікаў паўстання 1830-га і 1863-га, рызыкі рэпрэсіўнай палітыкі запоўнілі ўсё штодзённае жыццё ўсяго ХІХ стагоддзя.

Прафесары штораніцы даведваліся пра затрыманні вучняў

01_vilnja__1820_ja.jpeg

Вільня, 1820-я
Фактычна першай сур’ёзнай палітычнай справай, якую распачаў урад імперыі супраць іншадумцаў на землях Вялікага Княства Літоўскага, быў працэс філаматаў і філарэтаў. Гэта — пераслед віленскай моладзі, навучэнцаў Віленскага ўніверсітэта за тое, што яны ядналіся ў таемныя таварыствы аматараў навук і творчасці.
Філаматы і філарэты не мелі канкрэтных палітычных мэт, яны імкнуліся змяніць свет да лепшага праз асвету, навуку, творчасць. Яны былі першым пакаленнем, якое нарадзілася і сталела ў «забраным краі», яны сталі аднымі з першых ахвяр рэпрэсіўнай машыны імперыі.


Хоць віленскую грамадскасць і скалыхнулі гэтыя падзеі, а беспадстаўныя арышты абуралі да глыбінь, ніхто нічога не мог з гэтым зрабіць. Яшчэ ў ліпені 1823 года віленскія турмы, пераробленыя з кляштараў, пачалі напаўняцца тымі, каго затрымлівалі па спісах філаматаў. Пік рэпрэсій прыйшоўся на восень.
Вельмі добра атмасферу, якая панавала ў Вільні ўвосень 1823-га, перадаў у сваіх успамінах удзельнік падзей, таксама чалец таемнага таварыства, гісторык Мікалай Маліноўскі.

Мікалай Маліноўскі (твор Івана Хруцкага).

Мікалай Маліноўскі (твор Івана Хруцкага).

На старонках мемуараў ён адзначае, што чым больш прыбывала ў Вільню вязняў, тым большыя і разнастайнейшыя былі абвінавачанні, бо шмат у каго з маладых былі знойдзеныя вершы з подыхам нянавісці да ўрада, забароненыя кнігі, лісты, змест якіх даваў падставу для падазрэння.


Пік арыштаў прыйшоўся на восень. Прафесары Віленскага ўніверсітэта штораніцы даведваліся пра тое, што па некалькі іх найлепшых вучняў, альбо былых, альбо цяперашніх, ноччу забралі. Маліноўскі згадвае: «На адной з лекцый знакаміты прафесар Гродек, тлумачачы прамову Дэмасфена за Ктэсіфонта (калі каротка, то яна перагукалася з падзеямі і выкрывала беспадстаўныя арышты), дайшоў да цудоўнага ўрыўка, у якім прамоўца распавядае пра жахі той ночы, калі Філіп Македонскі ўварваўся ў Афіны і загадаў пазапіхваць у турмы самых заслужаных людзей рэспублікі. Вымаўляючы словы «была ноч», ён заліўся слязьмі, бо якраз у мінулую ноч былі зняволеныя Міцкевіч, Кавалеўскі, Ходзька, Яжоўскі, Вернікоўскі і некалькі іншых філарэтаў».
1 лістапада а 10-й вечара па дамах была схоплена найбольшая колькасць філаматаў і філарэтаў. У той жа час быў затрыманы і сам Мікалай Маліноўскі.    

Філаматы ў зняволенні

Філаматы ў зняволенні


Злавесныя гукі паштовага званочка

Сімвалам сталінскіх рэпрэсій былі аўтамабілі «чорныя варанкі», на якіх забіралі з дамоў супрацоўнікі НКУС сваіх ахвяр. Падобным сімвалам у ХІХ стагоддзі былі… паштовыя званочкі!

Той самы паштовы званочак (ХІХ ст.)

Той самы паштовы званочак (ХІХ ст.)

У ХІХ стагоддзі не было адмысловай карнай паліцыі накшталт НКУС ці ВЧК, але за людзьмі гэтак сама прыходзілі і прыязджалі. Рабілі гэта фельд’егеры, ці царскія палявыя стральцы. Яны палявалі на асоб, якія знаходзіліся на падазрэнні ў нядобразычлівасці да ўрада. Фельд’егеры звычайна ездзілі ў кібітках — драўляных вазках без рэсораў і жалеза, вузкіх, плоскіх і спераду вышэйшых, чым ззаду. Гэтыя жандары з’яўляліся звычайна ўначы і забіралі падазроную асобу, ніколі не кажучы, куды яе павязуць. На кібітцы заўсёды быў паштовы званочак.

Экіпаж царскага фельд'егера

Экіпаж царскага фельд'егера

Адам Міцкевіч у каментарыі да «Дзядоў» пісаў: «Хто не быў у Літве, з цяжкасцю можа сабе ўявіць, які страх выклікае ў доме гук паштовага званка каля варот». Гэтую рызыку рэпрэсій ён апісвае і ў саміх «Дзядах». Адзін з герояў кажа:

Дарога, і па ёй кібіткі ўсё ляцелі, Злавесна бомы іх начамі нам звінелі.Бывала, дома за вячэрай дзынкнуць шклянкі —І ўсе бляднеюць мігам, вочы — за фіранкі:Ці не фельд’егер царскі ў двор заехаў гэта?


Пра кепскі знак гуку паштовага званочка пісаў у сваіх успамінах і Фадзей Булгарын. Ён згадвае, як адным ранкам яго бацька разам з ім выехаў верхам у поле, як раптам пачуўся за гаем гук званочка… Бацька паскакаў угалоп да сядзібы. У гэты час, піша Булгарын, усё сямейства, зразумела, спалохалася, думаючы, што гэта прыехалі браць пад варту бацьку…

Сцэна арышту

Сцэна арышту

Змаганне са Статутам

Пасля прылучэння Вялікага Княства Літоўскага да імперыі на забраных землях яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў дзейнічала мясцовае заканадаўства. Гаворка ідзе пра нормы права, акрэсленыя ў нашым знакамітым Статуце 1588 года.

Статут ВКЛ

Статут ВКЛ

Аднак пасля лістападаўскага паўстання 1830-га дзеянне Статута ў 1840 годзе было канчаткова спыненае на землях Беларускай і Літоўскай губерняў. Але Царскі ўрад не толькі скасаваў дзеянне законаў, ён вышукваў асобнікі Статута ў хатніх бібліятэках рэпрэсаваных удзельнікаў паўстання. Каб канфіскаваць…
Што цікава, каталогі ўласных бібліятэк ХІХ стагоддзя фіксуюць: асобнікі Статута ў розных рэдакцыях і выданнях шмат дзе захоўваліся. У прадстаўнікоў палітычнага народа, якім у ВКЛ была шляхта, з высокай прававой культурай, гэтая кніга была ў пашане. Яе зберагалі ў хатніх бібліятэках сваіх сядзіб і палацаў, захоўвалі, Статут шанавалі. Калі зазірнуць у вопісы бібліятэк, то той ці іншы асобнічак зводу законаў можна было пабачыць на паліцах у паноў Нарбутаў, Пуслоўскіх, Стравінскіх, Кабылінскіх, Балінскіх, Плятэраў… і шмат каго яшчэ!

Бібліятэка

Бібліятэка

На папулярнасць Літоўскага Статута ў шляхецкіх бібліятэках царскія ўлады звярнулі ўвагу падчас рэпрэсій пасля лістападаўскага паўстання. Падчас канфіскацыі маёмасці яго ўдзельнікаў рабіўся асобны вопіс хатніх бібліятэк. Гэтыя спісы высылаліся ў Пецярбург, дзе прымалася рашэнне аб далейшым лёсе кнігазбораў. Асабліва каштоўныя кнігі ці зборы высылаліся ў сталіцу імперыі.
Адначасова было разасланае і даручэнне ў губернскія казённыя палаты звяртаць увагу на некаторыя найменні кніг, прызнаныя ўладамі небяспечнымі, бо яны звязаныя з памяццю аб старадаўняй дзяржаўнасці і самастойнасці гэтых зямель:

«Поручается Литовские Статуты, которые находятся в библиотеках закрытых монастырей и конфискованных имений, особливо древней печати, высылать в Департамент государственных имуществ».  
 
Так імперыя змагалася не толькі з законам, які дзейнічаў спрадвеку ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і з самой кнігай, дзе ён быў змешчаны. Каб не нагадваць аб мінулым.  

Касцёлы становяцца цэрквамі

Аб самастойным мінулым, на думку імперскіх уладаў, нагадваў не толькі Статут і яго друкаваныя асобнікі, але і даўнія храмы іншых канфесій, іх архітэктура. Імперыя змагалася з воблікам гарадоў. Калі пасля паўстання 1830-га было зачынена шмат каталіцкіх кляштараў і скасаваная Берасцейская Царкоўная унія, то пасля паўстання 1863-га ўлады шчыльна ўзяліся за канфіскацыю і перабудову каталіцкіх храмаў у праваслаўныя.Дзясяткі каталіцкіх святынь трапіла пад рэпрэсіі. Класічным і тыповым прыкладам таго, як гэты працэс адбываўся, з’яўляецца прыклад перабудовы храма ў горадзе Ляхавічы. Там дзейнічала парафія, якая была закладзеная знакамітым гетманам Янам Каралем Хадкевічам на самым пачатку XVII стагоддзя, узвышаўся мураваны барочны касцёл, узведзены ў канцы стагоддзя XVIII-га.

Ляхавічы. Перабудаваны пад праваслаўную царкву касцёл.

Ляхавічы. Перабудаваны пад праваслаўную царкву касцёл.

Вядома, што і пробашч ляхавіцкай парафіі, і самі парафіяне былі ўдзельнікамі паўстання. Тое, што «жители м. Ляховичи — шляхта и однодворцы – играли весьма значительную роль в происходивших смутах» стала афіцыйнай прычынай закрыцця каталіцкай парафіі і асвячэння касцёла ў праваслаўную царкву.
Як адбываліся гэтыя падзеі? Спачатку ў новую канфесію пераходзіў пробашч, а за ім і паства. Як правіла, з гэтай нагоды ладзіліся ўрачыстасці. У Ляхавічах усё было маштабным — 3000 «новоприсоединившихся», асабістыя падарункі ад імператара, высокія госці свецкай і духоўнай улады, урачыстасці, публічнае «навяртанне» ксяндза… Усё гэта адбывалася пад наглядам казакаў і жаўнераў Тамбоўскага палка.

Іншы прыклад перабудовы старадаўняга касцёла. Сталовічы

Іншы прыклад перабудовы старадаўняга касцёла. Сталовічы

Адбылася і перабудова касцёла — з’явіліся элементы новай рускай архітэктуры: шатровая вежачка, цыбуліна.Але ці стала насельніцтва амаль цалкам каталіцкага горада праваслаўным? Па сведчаннях, царква амаль увесь час стаяла пустой, як толькі можна было ўзвесці каталіцкую святыню, гэта было зроблена. Падобную сітуацыю можна прасачыць шмат у якіх мясцовасцях.  

Асэсар пільнуе за ксяндзамі

12_carskija_czynouniki.jpg

Царскія чыноўнікі

Тыя каталіцкія храмы і парафіі, якіх мінуў молах рэпрэсій, падпалі пад жорсткую цэнзуру.
Вельмі яскрава карціну касцельнага жыцця пад цэнзурай і ў атмасферы страху паказаў у сваіх успамінах Ігнат Дамейка. Калі ўжо ў сталым веку ў 1884 годзе філамат і ўдзельнік лістападаўскага паўстання прыехаў наведаць сваю айчыну, ён завітаў на літургію у касцёл у Дзятлава і занатаваў: «Пасля пробашч узышоў на амбон і чытаў з кніжкі маральнае павучанне. Ксяндзам нельга прамаўляць з памяці, бо асэсар лёгка можа прычапіцца за якое-небудзь смялейшае слова, якое яму не спадабаецца».


Чым можа гэта скончыцца? Адказ відавочны…

Дзятлаўскі касцёл

Дзятлаўскі касцёл


Кожнае друкаванае слова вывучаў цэнзар

Не толькі з касцельнага амбона нельга было дапусціць адвольнасцей, але і ва ўсіх іншых сферах Расійскай імперыі панавала цэнзура. Пры гэтым, трэба прызнаць, пакутавалі ад яе не толькі на землях Літвы і Польшчы, ад пільнага вока цэнзараў не маглі схавацца і ў самой Расіі. Аб гэтым, дарэчы, шмат у рускай літаратуры напісана.

Карыкатура на царскага цэнзара

Карыкатура на царскага цэнзара

Цэнзура Расійскай імперыі па сваёй жорсткасці была не параўнальнай з цэнзурай ні ў адной іншай краіне тагачаснай Еўропы, тут дзейнічаў, бадай, самы бязлітасны яе варыянт. На працягу большай часткі ХІХ стагоддзя імперская цэнзура ажыццяўляла не толькі рэпрэсіўны, але і прэвентыўны кантроль. На практыцы гэта азначала, што кожную кнігу, п’есу ці артыкул у газеце перад публікацыяй уважліва вывучаў цэнзар.
У абавязкі цэнзара ўваходзіў пошук любых фрагментаў тэксту, якія можна было палічыць забароненымі. Гэта маглі быць і асобныя словы, і любыя намёкі на крамолу. Цэнзура забараняла выкарыстанне звыклых гістарычных і геаграфічных найменняў. Забаранялася выкарыстоўваць назвы элементаў нацыянальнай музыкі, традыцый і нават адзення.
Гэтыя правілы прымяняліся і да навуковых і вузкаспецыяльных работ, напрыклад, кніг па гісторыі, эканоміцы і нават сельскай гаспадарцы, калі на думку цэнзара ў іх праглядалі патрыятычныя ідэі. Цэнзары дзейнічалі, кіруючыся агульнай царскай палітыкай другой паловы XIX стагоддзі. Царская адміністрацыя імкнулася сцерці ўсе сляды самастойнасці і адасобленасці, нават у мінулым, ад імперыі.

Выданне А. Міцкевіча Дзяды

Выданне А. Міцкевіча Дзяды

Напрыклад, шэдэўр Адама Міцкевіча, паэма «Дзяды. Частка III» (адкрыта антыцарскі палітычны твор) у Расійскай імперыі апублікаваная не была. На працягу большай часткі ХІХ стагоддзя ў той частцы Рэчы Паспалітай, якая адышла Расіі, творы Міцкевіча знаходзіліся пад забаронай. Асобным вершам часам удавалася праскочыць у друк, але толькі пасля бязлітаснай цэнзуры: вершы выходзілі ў моцна скажоным ці ўрэзаным выглядзе. Але чытачы свайго Міцкевіча ведалі выдатна. Яны часта чыталі з алоўкам у руцэ і дапісвалі фрагменты, якія адсутнічалі, уносілі такім чынам удакладненні ў друкаваны тэкст.

Ушанаванне памяці — таемна!

Яшчэ ў далёкім 1858 годзе нарадзілася думка ўзвесці помнік паэту ў яго любімай Вільні. Хоць і мінула ўжо тры гады пасля яго смерці ў Канстанцінопалі, ўлады бачылі ў Міцкевічу найперш бунтара, і цар Аляксандр II не даў дазволу на ўсталяванне ў Вільні помніка.

Францішак Багушэвіч

Францішак Багушэвіч

Мінуў час і да 100-годдзя з дня нараджэння паэта польскай грамадскай супольнасці было дазволена ўсталяваць у яму велічны помнік, што праўда, толькі ў Варшаве. Але не хацелі адставаць ад палякаў і літвіны. Чынным удзельнікам Віленскага камітэту па ўшанаванні памяці Адама Міцкевіча быўФранцішак Багушэвіч. Якраз з яго асабістых папер можна даведацца пра абставіны гэтых падзей.
У лісце да Элізы Ажэшка 30 кастрычніка 1897 года Багушэвіч пісаў, што ў час, «калі справа пра помнік А. М. у Варшаве была вырашана, і ў Вільні паўстала думка ўшанаваць яго памяць мемарыяльнай дошкай у касцёле. Вядома, пра афіцыйны дазвол на збіранне ахвяраванняў размовы і быць не магло…». Грамадства збірала грошы на шыльду.
Справа мела поспех! Але ўсё рабілася пад покрывам вялікай таямніцы. Адкрыццё бюста і мемарыяльнай дошкі ў гонар Адама Міцкевіча адбылося таксама патаемна, скрытна ад чужога вока, у Святаянскім касцёле на світанку 16 чэрвеня 1899 года на свята Пяцідзясятніцы.

Памятная шыльда і бюст Міцкевіча ў віленскім касцёле

Памятная шыльда і бюст Міцкевіча ў віленскім касцёле

З жыццярыса Багушэвіча вядома, што за месяц да сваёй смерці ён яшчэ падпісваў фінансавыя рахункі-справаздачы дзейнасці камітэта. З канспіратыўных мэт яны былі знішчаныя. У тыя дні лунала думка і ўсведамленне, што родных дзяцей у гімназіях прымушаюць спяваць узнёслыя гімны і ўскладаць кветкі да манументаў забойцаў твайго народа, а сам ты, каб адзначыць 100-годдзе аднаго з самых выдатных, з сусветным імем паэта-земляка, мусіш, нібы злодзей, хавацца ва ўласнай хаце…
Гэта паліла абурэннем сэрцы высакародных грамадзян сцёртай з еўрапейскай карты дзяржавы.