«Засвяціла надзея вызвалення і вяртання да незалежнасці». Ігнату Дамейку — 220

Ігнат Дамейка праславіўся ў далёкай Чылі, але маладосць навукоўца з сусветнай вядомасцю прайшла ў паўстанцкіх шыхтах на радзіме. Невядомыя эпізоды паўстання 1830-га Дамейка красамоўна занатаваў ва ўласных успамінах. Гістарычныя акалічнасці аўтар свядома пакідае без увагі, у сваім дзённіку ён апісвае толькі тое, што бачыў сам.

dee04f810be1e4512df962a0b78b2d1e.jpg


Калі агулам разважаць пра вызвольнае паўстанне 1830–1831 гадоў, то можа падацца, што яно, знаходзячыся ў ценю паміж паўстаннямі 1794-га і 1863-га, нібыта згубілася ў гістарычнай памяці. Цяжка адразу прыгадаць яго яскравых лідараў, агульны ход, значныя бітвы і акцыі… Наступствы паўстання былі сур’ёзныя — разгром эліты, высылка і пакаранне актыўных удзельнікаў, масавая эміграцыя, канфіскацыя маёмасці, увядзенне жорсткага ўнутранага рэжыму кіравання. Актыўнымі ўдзельнікамі ўзброенага супраціву былі прадстаўнікі шляхецкага саслоўя (недарэмна падзеі 1830–1831 гадоў у айчынных школьных падручніках называліся «шляхецкае паўстанне»), сярод іх — малады выпускнік Віленскага ўніверсітэта Ігнат Дамейка, які пасля гучнай «справы філаматаў» жыў у сваім родным маёнтку Заполле, што ў Лідскім павеце, пад пільным наглядам паліцыі. Як толькі хваля паўстання дайшла да мясцін Дамейкі, ён без сумневу далучаецца да барацьбы, пра якую больш чым праз 50 гадоў напіша каштоўныя ўспаміны, якія адкрываюць невядомыя, забытыя старонкі гісторыі свайго і нашага змагання за незалежнасць.


«Мне было сорамна заставацца ўбаку»

Паўстанне для Ігната Дамейкі пачалося са спазненнем. Перад далучэннем да барацьбы было выпрабаванне часам і чаканнем. Узброены супраціў на землях Кароны пачаўся яшчэ ў лістападзе 1830-га, па зыходзе снегу грымнула вестка пра пераможныя бітвы паўстанцаў з войскам Расійскай імперыі пад Грохавым, каля Сточка і вёскі Дэмбэ Вельке... Дамейка з жалем адзначаў, што ў Гарадзенскай губерні ўвесь красавік было спакойна, толькі ладзіліся нарады, вялася падрыхтоўка да выступлення. Гарнізоны расійскіх войск стаялі ва ўсіх павятовых гарадах, падвоіўся паліцэйскі нагляд, кожны дзень з-за Дняпра сцягваліся новыя роты і эскадроны рэгулярнай арміі…
Дамейку брала з кожным днём усё большае нецярпенне: зброя і конь былі напагатове, але далучыцца да супраціву нагоды не выпадала. Тым больш, што некаторыя з яго даўніх сяброў ужо загінулі. Ад гэтага ў Дамейкі гарэла галава, сумленне выбухала вулканам. «Мне было сорамна заставацца ўбаку», — са скрухай пісаў ён ва ўспамінах. Гэтымі словамі ён перадаваў тагачасны настрой многіх насельнікаў зямель Вялікага Княства Літоўскага.

Трохдзённыя прыгоды Дамейкі

 Неўзабаве, увесну 1831 года, магчымасць далучыцца да паўстання ў Дамейкі з’явілася. Адным непагодным ранкам да яго ў сядзібу прыехаў сябар-філамат Станіслаў Казакевіч, які прывёз яму загад ад віленскага Часовага ўрада. У загадзе было сказана, каб Дамейка як мага хутчэй стараўся прабіцца да галоўнага кіраўніка. І вось праз гадзіну ён ужо быў у дарозе на Горадню! Там, сустрэўшы знаёмага адваката, Дамейка атрымаў ад яго лісты да аднаго шляхціца, які мог паспрыяць перапраўцы праз Аўгустоўскую пушчу.
У той жа дзень Дамейка прыбыў у маёнтак да правадыра, але застаў яго дома, знясіленага толькі што здзейсненай пушчанскай пераправай. Трэба было дачакацца ранку. Як толькі госць з гаспадаром пайшлі спаць у гумно, у маёнтку адразу з’явіліся расійскія жаўнеры. Афіцэр гразіўся спаліць дом, калі не выдадуць гаспадара і паўстанцаў. Яны ўзялі ў закладнікі 15-гадовага парабка, пачалі яго збіваць, каб той выдаў месцазнаходжанне пана… Вобшук і збіццё цягнуліся больш за гадзіну, але драгуны не знайшлі схаваных у сене Дамейку і гаспадара і пад жудасную лаянку і праклёны з’ехалі з маёнтка. Такой была першая сустрэча паўстанца Дамейкі з расійскім войскам.
На другі дзень гаспадар маёнтка даў Дамейку правадыра, каб той дабраўся да бліжэйшага партызанскага атрада. Пасля доўгай дарогі яны зайшлі ў дом солтыса, каб адпачыць. Там было шмат людзей, вялася гамонка… Дамейка выпіў з гаспадаром па чарцы гарэлкі і праз некалькі хвілін зрабіў памылку, якая ледзь не каштавала яму жыцця. Да яго падсеў чалавек, спытаў нешта па-нямецку. Ігнат яму адказаў. Неўзабаве хата солтыса апусцела, на падворку з’явіліся партызаны, якія, нічога не кажучы, павялі Дамейку ў лес. Уночы прыйшлі ў табар партызан, там Дамейку прывязалі да вялікай хвоі (на той момант ён ужо зразумеў, што большасць партызан была нецвярозая). Неўзабаве да яго падышоў ксёндз і сказаў: «Уцякай! Большая частка нашых падпіла, нейкі шпіён выдаў нас. Солтыс паведаміў, што злавілі прусака, — і прысудзілі цябе расстраляць. Уцякай!»
Дамейка хутка пакінуў атрад п’яных партызан, перачакаў ноч у лесе і назаўтра дабраўся да Горадні, а адтуль — простай дарогай вярнуўся ў свой маёнтак Заполле.

Войцэх Косак, Эпізод Паўстання 1830

Войцэх Косак, Эпізод Паўстання 1830

Тым часам паўстанне разгаралася ўжо на Літве, хадзілі чуткі, што французы гатовыя прыйсці на дапамогу, англічане выслалі зброю. Зноў яго апанавала нясцерпнае чаканне… Але мінуў травень, і паўстанцкія войскі на чале з генералам Дэзыдэрыям Хлапоўскім занялі Ліду. Дамейка ўрэшце далучыўся да атрадаў. У ноч перад ад’ездам ён упарадкаваў гаспадарчыя рэестры і паперы, занёс кнігі на гарышча. Зранку, памаліўшыся, «пацалаваў родную зямельку», жвава падхапіўся на каня і рушыў за войскам паўстанцаў.

Ветэраны і філаматы бяруцца за зброю

З успамінаў Дамейкі можна дакладней уявіць, хто былі тыя годныя людзі, якія ў 1830 годзе ўзяліся за зброю і далучыліся да вызвольнага паўстання.
Найперш гэта так званыя «жаўнеры старой службы» — тыя, хто ўдзельнічаў у напалеонаўскіх войнах, праходзіў службу ў рэгулярным войску. Гэтыя салдаты і афіцэры былі асновай паўстанцкай арміі. Пабачыўшы іх пад Лідай, Дамейка з захапленнем адзначаў, як шлі маршам на добрых конях уланы ў сініх мундзірах з чырвонымі адваротамі. Ён называе іх дзецюкі-выбранцы, чыста, франтавата апранутыя, якія нібыта выйшлі на парад у Варшаве… Старыя салдаты (у тым ліку і па ўзросце, бо ад кампаніі 1812 года прайшло больш за 20 гадоў) трымаліся сваіх адасобленых атрадаў, не змешваліся з шыхтамі добраахвотнікаў, якія далучаліся да паўстання. Але яны таксама выконвалі ролю інструктараў, якія навучалі паўстанцаў вайсковай грамаце.

Войцэх Косак, Эпізод Паўстання 1830

Войцэх Косак, Эпізод Паўстання 1830

Вылучыліся сярод паўстанцаў студэнты і выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта, які пасля задушэння супраціву будзе зачынены царскімі ўладамі. Яны дзейнічалі ў Рудніцкай пушчы, якая знаходзілася недалёка ад іх alma mater. Легіён віленскіх студэнтаў налічваў больш за сотню маладзёнаў. Дамейка пабачыў іх схуднелымі, але жвавымі і вясёлымі. Шмат хто меў паляўнічыя стрэльбы, вінтоўкі, здабытыя ў баях з непрыяцелем, насілі палашы і дзіды, за пасам тырчаў пісталет. Побач са студэнтамі змагаліся і выкладчыкі, як, напрыклад, прафесар Віленскай гімназіі, спецыяліст па антычнай літаратуры Герард Гранастайскі і ўніверсітэцкі бібліятэкар Контрым.
Не толькі дзейсныя, але і былыя навучэнцы ўніверсітэта далучыліся да барацьбы. Перш за ўсё — удзельнікі тайных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, чальцом якіх з’яўляўся сам Дамейка. Пасля гучнага працэсу над выхаванцамі Віленскага ўніверсітэта 1824 года яго самыя актыўныя ўдзельнікі апынуліся ў выгнанні. Калі пачалося паўстанне, Ян Чачот і Тамаш Зан былі ў высылцы на Урале, у эміграцыю падаліся Адам Міцкевіч і прымкнуўшы да яго Антоні Адынец, іншыя знаходзіліся ў аддаленых губернях Расійскай імперыі. Але не ўсе.
Больш за 80 удзельнікаў таемнага таварыства засталіся на радзіме пад пільным наглядам паліцыі і ў важны момант далучыліся да барацьбы, з інтэлектуальнай глебы перайшлі да ўзброенага супраціву. Сваіх сяброў па таварыству — Казакевіча, легендарнага Валовіча, Забелу і іншых — часта згадвае Дамейка ў кантэксце паўстання.  

Адыход у прусы

Адыход у прусы

У паўстанні бралі ўдзел усе станы. Красамоўна пра гэта ўспамінае Дамейка: тут былі і сяляне, і парабкі, і засцянковая шляхта, і мяшчане, а былі і панічы на добрых конях, і некалькі ксяндзоў. Сярод паўстанцаў вылучаліся егеры і леснікі з пеўневымі пёрамі на шапках. Гэтымі каларытнымі знаўцамі ляснога гушчару камандаваў старшы ляснічы Белавежскай пушчы швейцарац Ронке. Атрады паўстанцаў-добраахвотнікаў знешне значна адрозніваліся ад жаўнераў старой службы. Яны былі рознаўзброеныя і ў вопратцы разнастайнага крою і колеру. А былі і тыя, хто насіў трафейныя мундзіры расійскага войска. У іх нават на картузах засталіся расійскія двухгаловыя арлы, але з адарванай адной галавой.

«Атрад пад камандаваннем Плятэрчанкі»

Паўстанцкія шляхі Дамейкі перакрыжаваліся і з легендарнай удзельніцай барацьбы графіняй Эміліяй Плятэр. І ў занатаваных ім радках, прысвечаных графіні, маецца шмат цікавых акалічнасцей, звязаных з ёй.
Нам добра вядомы вобраз Эміліі Плятэр, які стварыў у сваім вершы «Смерць палкоўніка» Адам Міцкевіч. З яго вынікае, што гераічнай жанчыне прыйшлося таемна пераапрануцца ў юнака, каб сабраць атрад паўстанцаў і далучыцца да барацьбы. Маўляў, ніхто не ведаў, што Плятэр — жанчына. Але ўспаміны Дамейкі паказваюць Эмілію зусім у іншым свеце. Так, усе паўстанцы цудоўна ведалі, што побач з імі ваюе паненка, і ставіліся да яе з адпаведнымі манерамі. Дамейка адзначаў, што Плятэр была досыць сур’ёзная, у абыходжанні больш суровая, чым прыветная. Яна была негаваркая і ўжо позіркам давала зразумець, што патрабуе адпаведнага стаўлення і прыстойнасці. Генерал Хлапоўскі прывітаў графіню ветліва і далікатна, ніхто сярод паўстанцаў не дазваляў сабе сказаць у яе прысутнасці што-небудзь недарэчнае ці жартаўлівае.


Пакінуў Дамейка і апісанне знешнасці Эміліі, якое крыху адрозніваецца ад яе «кананічнай» выявы аўтарства Яна Багуміла Разэна. Дамейка прадстаўляе нам вобраз Плятэр як невысокай, бялявай, круглатварай, з прыемным сімпатычным тварыкам, з блакітнымі вачыма, зграбнай, але слабага целаскладу. Апранутая яна была ў шарачковы да кален сурдуцік з чырвоным каўняром і карункавым каўнерыкам вакол шыі. Валасы былі каротка падстрыжаныя, на галаве мужчынская шапка, за поясам кінжал, збоку кароткая шабля, на боціках срэбныя шпоры. Яна была сціплая, на кані трымалася стройна. Усім паказвала адпаведнае вышэйшаму свету выхаванне і абыходжанне.

Эмілія Плятэр, Ян Богуміл Розен

Эмілія Плятэр, Ян Богуміл Розен

Эмілія Плятэр камандавала даволі шматлікім, добра абмундзіраваным, узброеным пікамі і палашамі кавалерыйскім атрадам. Суправаджала яго шмат цывільнай моладзі і пешых паўстанцаў. Ад’ютантам Плятэр была таксама паненка Марыя Рашановіч. Як адзначае Дамейка, прыяцелька Эміліі была прыстойная, вясёлая і ўсім сімпатычная.
Шляхі Дамейкі і графіні разышліся пад Куршанамі (недалёка ад Шаўляя), калі полымя паўстання амаль было загашаным. Ён згадвае яе «развітальны, па-шляхецку горды апошні позірк»

Баявы побыт у Коўна

Сярод вайсковых спраў асаблівую ўвагу Дамейка надае знаходжанню паўстанцаў у Коўна. Яшчэ напрыканцы чэрвеня 1831 года адбылося злучэнне амаль усіх асобных партызанскіх атрадаў з паўстанцкай дывізіяй генерала Гелгуда і Хлапоўскага. Былі там паўстанцы з розных куткоў былой Рэчы Паспалітай — пазнанцы, галічане, падаляне, літвіны… На вайсковай нарадзе было вырашана ўсім аб’яднаным войскам рушыць на Вільню. Але тое вайсковае спалучэнне, дзе знаходзіўся Дамейка, для прыкрыцця тылу было накіраванае ў Коўна.
Горад на Нёмане паўстанцы занялі без асаблівых цяжкасцей, бо там не было аніводнага расійскага жаўнера (толькі раненыя і хворыя ў гарадскім шпіталі). У Коўна паўстанцаў сустрэлі добра, з дапамогай гарадской рады войска атрымала нямала абутку для жаўнераў, досыць харчавання, хлеба і мяса. Невялікі паўстанцкі атрад стаяў у горадзе каля двух тыдняў.
Амаль адразу камандзіры і інструктары ўзяліся за вайсковае навучанне і штодзённую муштру жаўнераў. Але яна не мела асаблівага сэнсу. Дамейка прызнаецца, што неставала зброі больш чым палове паўстанцаў, якія стаялі ў Коўне. Афіцэры бавілі вечаровы час у заможных гараджан, якія нават аднойчы далі баль у гонар Эміліі Плятэр. Сам жа Дамейка піша, што ў тых гулях і гасцінах не ўдзельнічаў. Ён начамі аб’езджваў фарпосты, вёў палкавы кантроль. Акрамя таго, ён займаўся рэвізіяй яўрэйскіх крам. У выніку для войска былі здабыты (пры падтрымцы гарадской рады) волава і порах, а таксама сукно для абмундзіравання.
Тым часам асноўныя войскі пацярпелі сур’ёзную паразу пад Вільняй і адступалі на Коўна, расійскія ж войскі перайшлі ў наступ. Неўзабаве каля Коўна паказаліся раз’езды казакаў, паўстанцы з боем пачалі адступаць. Тая групоўка паўстанцкіх войск, якая пацярпела паразу пад Вільняй, аказалася адрэзанай ад тых спалучэнняў, якія яшчэ вялі змаганне недалёка ад Варшавы. Правадыры аказаліся перад складаным выбарам і пытаннем, а што рабіць далей: прарывацца да асноўных сіл ці адыходзіць да Прусіі?
Дамейка прызнаваў відавочнае, што пасля адступлення і пастаянных сутычак з вялікімі сіламі ў жаўнераў і афіцэраў было паслабленне духу і веры ў сябе. Слабела дысцыпліна і падаў энтузіязм нават у прызвычаеных да суровага парадку жаўнераў старой службы. Некаторыя ў паўстанцкіх шэрагах яшчэ спадзяваліся на інтэрвенцыю Францыі ў Расію, вайсковую дапамогу англічан… На вялікай вайсковай нарадзе было прынята складанае і супярэчлівае рашэнне, якое падтрымалі не ўсе: адступаць у Прусію. Шмат хто яго палічыў ганебным, а камандзіраў, якія яго прынялі, — здраднікамі.
Паўстанцы адыходзілі. Перадавыя атрады, як занатаваў Дамейка, убачылі на мяжы ненавісны слуп з намаляваным на ім чорным арлом, пачаўся ганебны пераход у прусы. А пасля — вымушаная эміграцыя для тысяч мужных патрыётаў.
***Ігнат Дамейка (1802–1889) — сябар таемнага таварыства філаматаў, адзін з самых знакамітых выпускнікоў Віленскага ўніверсітэта, удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гадоў, навуковец-геолаг. Большую частку жыцця правёў у Чылі, дзе заслужыў высокую пашану: яго імем названая малая планета і горны хрыбет, мінерал дамейкіт і малюск, гатункі кветак і кактуса, невялікі горад у Чылі і з дзясятак вуліц па ўсім свеце. Пра сваё доўгае жыццё Дамейка пакінуў мемуары.