Беларуская Жанна д’Арк — ліцвінка Эмілія Плятэр
Чатырох паручнікаў засушыла, генерала зрабіла трубадурам, увесь штаб другой дывізіі зачаравала, а цяпер артылерыйскага капітана, барона, гатуе сабе, галубочка, на мужа.
13 лістапада 1806 года нарадзілася Эмілія Плятэр — сімвал патрыятызму і самаахвярнасці ў імя Радзімы. Гэту жанчыну яшчэ называюць беларускай Жаннай д’Арк.
Быў сцюдзёны снежаньскі перадсвяточны дзень. У невялічкім пакойчыку шляхецкай сядзібы на ложку памірала знясіленая дзяўчына, якой усяго месяц таму споўнілася 25 гадоў. Дажыць да Раства ёй не было наканавана.
Яна памерла ў асяродку малавядомых людзей, пад чужым прозвішчам, каб не патрапіць у рукі варожых уладаў. Аднак ужо ў наступным годзе яе імя зрабілася вядомым на ўсю Еўропу, дзякуючы рамантызаванаму вобразу з верша, напісанага ў 1832 годзе паэтам Адамам Міцкевічам — «Смерць палкоўніка». Ад рэчаіснасці ў ім быў толькі апошні радок: «То ліцвінка Эмілія Плятэр!». Так паўставала легенда пра беларускую Жанну д’Арк, якая ператварылася для нашчадкаў у сімвал сапраўднай патрыёткі.
Ні ў чым не адставаць ад хлопцаў
Эмілія Плятэр нарадзілася 13 лістапада 1806 года ў Вільні ў вядомай арыстакратычнай сям’і Ганны фон Моль і Францішка Ксаверыя Плятэра. Яе маці была высокаадукаванай асобай, якая намагалася выхаваць дачку ў лепшых традыцыях свайго часу. Але дзяцінства Эміліі не было шчаслівым: бацькі ўвесь час сварыліся, прычынаю чаго з’яўляўся разгульны лад жыцця бацькі, які любіў азартныя гульні і прыгожых жанчын.
Калі дзяўчынцы ішоў дзясяты год, яе маці не здолела далей трываць і ў 1815 годзе пераехала да сваякоў на поўнач Віцебшчыны — у маёнтак Ліксна каля Дынабурга (цяпер — Даўгаўпілс). Характар выхавання дзяўчынкі радыкальна змяніўся, паколькі ў маёнтку цёткі Ізабелы Зыбэрэк-Плятэр не было ніводнай аднагодкі Эміліі. Яна апынулася сярод хлопцаў, у першую чаргу яе стрыечных братоў — 11-гадовага Людвіка і 9-гадовага Казіміра, вымушаная даказваць, што ні ў чым ім не саступае: ні ў фехтаванні, ні ў коннай яздзе, ні нават у паляванні. Пазней у маёнтку Дусяты іншай цёткі, Апалінарыі, яна пасябравала са стрыечнымі братамі Уладзіславам і Цэзарыем.
Ужо ў раннім дзяцінстве яна захапілася кнігамі, у прыватнасці гістарычнымі, з якіх даведалася пра Жанну д’Арк, на якую марыла быць падобнай. Да ліку яе любімых герояў таксама належалі Тадэвуш Касцюшка і Ласкарына Бубуліна (1771–1825) — гераіня грэчаскай рэвалюцыі 1821 года, якая прадала маёнтак, каб узброіць тры караблі і ўзначаліць іх у барацьбе з туркамі. Траплялі да Эміліі і творы філаматаў ды філарэтаў, сярод якіх вылучалася «Гражына» Адама Міцкевіча, галоўная гераіня якога павяла атрады ўласнага мужа супраць крыжакоў. Да таго ж Эміліі падабаліся творы нямецкіх рамантыкаў Гётэ і Шылера.
Збіральніца беларускага фальклору
Эмілія з дзяцінства захапілася беларускімі народнымі песнямі, якія збірала і апрацоўвала. Ураджэнец Віцебшчыны Максімільян Маркс (1816–1893), які ў 1866 годзе праходзіў па справе аб замаху Д. У. Каракозава на імператара Аляксандра ІІ і быў сасланы на пажыццёвае пасяленне ў Сібір, узгадваў:
«Яна, бадай, не памылюся, першая з запалам, уласцівым чуламу і шляхетнаму сэрцу, аддалася душой беларускаму люду, добра бачыла яго бяду і спачувала яму, намагаючыся як толькі было можна, палегчыць долю. Яна збірала і спявала беларускія народныя песні, штодня плаціла тым, хто ёй напяваў іх. Слухаючы гэтыя песні, сама спрабавала складаць нешта ім падобнае. На фартэпіяна яна ўмела вельмі выразна перадаць і зухаватасць, і тугу народных матываў, і нават тэмбр сапрана-жалейкі і баса-дудкі».
Збіраючы песні, яна і сама спрабавала пісаць вершы на беларускай мове, дасканала авалодала жанрам галашэнняў, у якіх падрабязна апісвалася пакутнае жыццё простага беларускага селяніна: «Спеў гэты жаласны, тужлівы, горкі, выкліканы сардэчным болем, імправізаваны з канкрэтнай нагоды, падобны на выццё, якое нельга перадаць». М. Маркс апісаў выпадак, калі сваім галашэннем Эмілія Плятэр прымусіла яго анямець ад здзіўлення і давяла да слёз аднаго вясковага музыку: «Авой, авой, дзяцюк ты мой! Не на радасць, не на шчасце ты радзіўся...»
Эмілія захаплялася і беларускімі народнымі танцамі, асабліва «Лепятухай», марыла, што надыдзе час, калі тыя стануць звычайнай часткаю салоннага жыцця арыстакратыі.
У 1824–1829 гадах дзяўчына актыўна падарожнічала па Беларусі, Літве і Інфлянтах, а ў 1829 годзе разам з маці выбіралася ў Польшчу — у Варшаву, Кракаў і Чанстахову.
«Афіцэрская змейка»
У гэты ж час руку і сэрца ёй прапанаваў заможны рускі інжынер, які будаваў умацаванні ў яе сваякоў у Краслаўі. Пазней, як пацверджанне створанай легенды, будуць пісаць, што Эмілія адмовіла «з патрыятычных перакананняў». А Вацлаў Гансёроўскі ўвогуле ў працяг створанай легенды ў 1910 годзе ў вусны аднаго з персанажаў аповесці «Эмілія Плятэр» укладзе наступныя словы: «Пані Эмілія Плятэр, дачка графа Плятэра, афіцэрская змейка! Чатырох паручнікаў засушыла, генерала, камандуючага крэпасцю, зрабіла трубадурам, увесь штаб другой дывізіі зачаравала, а цяпер артылерыйскага капітана, барона, гатуе сабе, галубочка, на мужа».
Насамрэч адмова аднаму інжынеру была звязаная з тым, што Эмілія пакахала іншага чалавека (які, так сталася, таксама быў інжынерам), маладога капітана, барона Дальвінга. Усё ішло да шлюбу і да таго, што Эмілія Плятэр ператворыцца ў звычайную арыстакратку, якая запомніцца ў беларускай гісторыі хіба тым, што адна з першых, амаль нароўні са «славянскім патрыётам» Зарыянам Даленгам-Хадакоўскім і філаматам Янам Чачотам, захапілася вывучэннем беларускага фальклору.
Але гэтую лінію лёсу перакрэсліў 1830 год, калі Эмілія страціла маці, смерць якой цяжка перажывала, і стала сведкаю распачатага 29 лістапада з Варшавы паўстання на землях былой Рэчы Паспалітай.
«Лепш памерці, чым скончыць такім прыніжэннем»
Яна імкнулася далучыцца да барацьбы ўжо з самага яе пачатку. Але як жанчыну яе ігнаравалі, не дапускалі да ўдзелу. Таму Эмілія абстрыгла свае доўгія валасы і загадала пашыць сабе мужчынскае адзенне. У паўстанне яна ўступае разам з сяброўкай — Марыяй Прушынскай. Гэта адбываецца адразу пасля таго, як 25 сакавіка 1831 года партызанскі атрад Юліюша Гружэўскага выгнаў расійскае войска з Расіенаў, што стала сігналам да паўстання ў Літве і Беларусі.
Ужо 29 сакавіка разам з братам Цэзарыем Эмілія ў мястэчку Дусяты сабрала партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 коннікаў і некалькіх соцень касінераў, з якімі рушыла не куды-небудзь, а на адну з магутнейшых крэпасцей у рэгіёне — Дынабург. План Эміліі складаўся ў тым, каб па дарозе да Дынабурга сабраць добраахвотнікаў, у той час як у крэпасці іх будуць чакаць лаяльныя паўстанцам маладыя афіцэры і вучні школы, у якой вучыліся яе браты.
30 сакавіка паўстанцы разбілі расійскі атрад каля паштовай станцыі Дангелі, а 2 красавіка адбыўся бой з ахоўнай часткай генерала Шырмана каля Уцянаў, дзе атрад Эміліі Плятэр зноў святкаваў перамогу. 4 красавіка паўстанцы ўдарылі на адну з калон корпуса генерала Шырмана, якая рухалася ў раён канцэнтрацыі асноўных рускіх войск у Дынабургу і занялі мястэчка Езёросы.
З-за колькаснай перавагі праціўніка стала зразумела, што атака на горад не будзе паспяховай. Да таго ж паўстанцы панеслі вялікія страты, таму Эмілія распусціла атрад. А з тымі, хто вырашыў змагацца да канца, 30 красавіка каля Панявежа далучылася да атрада вольных вількамірскіх стральцоў Караля Залускага, з якімі разам дайшла да Вількаміра. Тут Эмілія пазнаёмілася з новай прыяцелькай — Марыяй Рашановічаўнай, якая стала яе апошняй і неадлучнай сяброўкай.
Разам яны ўдзельнічалі ў бітвах пад Мейшаголай і Гарбіловам, дзе 5 чэрвеня генерал Дэзыдэры Хлапоўскі дараваў Эміліі ганаровае званне капітана 1-й роты 25-га палка лінейнай пяхоты. Адначасова генерал прапанаваў Плятэр вярнуцца да хаты, на што атрымаў катэгарычную адмову.
Яе атрад 27–28 чэрвеня вылучыўся ў бітве пад Коўна, а сама Плятэр вызначылася нязвыклаю мужнасцю, абараняючы канвой забеспячэння паўстанцкай арміі. Рэарганізаваныя рэшткі 25-га палка, якія суправаджалі абоз для арміі Гелгуда, патрапілі ў засаду паў Шаўлямі і толькі цудам уратаваліся ад поўнага знішчэння. У час бою Эмілія вызначылася мужнасцю і была ўратаваная маёрам Кекерніцкім, які аддаў ёй уласнага каня.
У ліпені стала зразумела, што далейшы супраціў расійскім войскам не мае сэнсу, таму камандаванне паўстанцкіх сіл прыняло рашэнне перайсці ва Усходнюю Прусію і скласці зброю. На што Эмілія Плятэр заявіла: «Лепш памерці, чым скончыць такім прыніжэннем».
Эмілія вырашыла разам з Рашановічаўнай і братам Цэзарыем працягваць барацьбу, і таму накіраваліся да Варшавы. 10 дзён яны прабіраліся па лясах. Голад, недасыпанні, страх перад выкрыццём канчаткова падарвалі і без таго слабое здароўе Эміліі Плятэр. У выніку яна цяжка захварэла.
Яе схавалі ў маёнтку Абламовічаў у Юсцінаве Сейненскага павета, пад імем Коравінскай — настаўніцы шляхецкіх дзяцей. Але аднавіцца знясілены цяжкім паходным жыццём арганізм ужо не здолеў. 23 снежня 1831 года Эмілія Плятэр памерла і была пахаваная ў горадзе Капцёва.
«Смерць палкоўніка»
Яе вобраз быў ідэалізаваны ў літаратуры і мастацтве. Вядомая літаграфія Стрэнчынскага, з якога на нас з цнатлівым спакоем паглядае прыгожая, стройная дзяўчына з прыемным тварам, валасы якой развіваюцца ад ветру. Гэтая выява стала выразам ідэала, сімвалам недасяжнай жаночай прыгажосці. У рэчаіснасці Эмілія выглядала інакш, аб чым сведчыў Ігнат Дамейка:
«Невысокая, бледная, не прыгажуня, але акруглага, прыемнага, сімпатычнага твару, з блакітнымі вачыма, добра складзеная, але не моцнай формы; была сур’ёзная, больш строгая, чым абаяльная ў паводзінах, мала размаўляла і адным поглядам быццам выклікала да сябе належныя адносіны».
Яна мела на сабе з тканіны шэрага колеру, сурдут з чырвоным каўнерам, а каля самай шыі карункавы каўнерык, які быў ёй да твару. На галаве, на пастрыжаных валасах, насіла мужчынскую фуражку. Суцэльнасць разам з ботамі стваралі шырокія, да зямлі порткі, кінжал і пісталет. Сарамлівая, без ніводнай ненатуральнай позы, яна заўсёды выдатна трымалася на кані.
Але найбольш да яе вобраза прыклаў руку паэт на сумежжы культур Адам Міцкевіч, які вершам «Смерць палкоўніка» стварыў неўміручы вобраз патрыёткі, кіраўніцы паўстанцаў, памерлай ад атрыманых ран у змаганні за лепшы лёс Бацькаўшчыны, імем якой названы адзін з відаў прыгожай кветкі — Клемаціс Эмілія Плятэр:
На палянцы зялёнай, між думных бароў,
Дзе пад клёнам хацінка старая,
Бы застыў у зняменні атрад ваяроў:
Іхні там камандзір памірае.
Людзі з вёсак збіраюцца тут, ля варот.
Ён, палкоўнік, быў слаўны, няйначай,
Раз яму спагадае так просты народ,
Пра яго ўсё пытае ды плача.
Вось палкоўнік каня асядлаць загадаў
І прывесці бліжэй да парога.
Перад смерцю яшчэ раз хоць глянуць жадаў
Ён на друга свайго баявога.
Загадаў свой прынесці паходны мундзір,
Свой кінжал, зброю, пояс стралецкі.
Ён хацеў і з рыштункам сваім, камандзір,
Развітацца, як колісь Чарнецкі.
А калі ўжо ад хаты каня адвялі,
Ксёндз туды ўвайшоў з панам Богам.
Людзі з вёсак маліцца хутчэй пачалі,
Ціха ўкленчыўшы перад парогам.
Спалатнеўшы, паўстанцы стаялі ў дзвярах.
Нават воі Касцюшкі былыя,
Што прайшлі ўсе агні, агрубелі ў баях,
Слёз сваіх не хавалі, сівыя.
Раным-рана ў капліцы званіць пачалі.
Ды хаваць камандзіра жаўнеры
Не змаглі: наляцелі якраз маскалі...
У капліцы для ўсіх — насцеж дзверы.
Там ляжаў ён на лаве — ў спакоі чало.
У руках яго — крыж, збоч — нягнуткі
Нож-кінжал і ружжо, ва ўзгалоўі — сядло.
Люд дзівіўся: такі маладзюткі!
Ды чаму твар дзявочы ў байца? Два грудкі...
Хто ж мог знаць, што баёў завадатар
Быў... дзяўчынай! Была — слёз не трэба, жанкі —
То ліцвінка Эмілія Плятэр!
(Пераклад Кастуся Цвіркі)