Трагедыя беларускай інтэлігенцыі
У маі 1931 года АДПУ сфальсіфікавала справу Працоўнай сялянскай партыі, па якой асуджана на розныя тэрміны зняволення і высылкі 59 чалавек, па беларускаму філіялу Прампартыі пастановай калегіі АДПУ Беларусі ад 12 верасня 1931 года рэпрэсавана 30 чалавек.
Спусташальныя войны і бальшавіцкі тэрор падарвалі нацыянальныя сілы Беларусі. Значная частка актыўных палітычных дзеячаў, што бралі ўдзел ва Усебеларускім Кангрэсе і ў стварэнні незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, вымушана была эміграваць. У Беларусі засталіся адзінкі, да якіх далучыліся тыя, хто вярнуўся з фронту і з царскай высылкі.
У гэтай сітуацыі лідары беларускага адраджэнскага руху абралі шлях доўгай, карпатлівай працы падняцця нацыянальнай свядомасці народных мас, якая і знайшла сваё ўвасабленне ў 1920-я гады ў палітыцы беларусізацыі.
Нацыянальнае адраджэнне стала неаспрэчным фактам. Былі выхаваны нацыянальныя кадры, якія займалі пасады ў дзяржаўных і партыйных структурах. Беларусізацыя
знаходзіла бясспрэчную падтрымку з боку большасці насельніцтва. Узнікалі думкі пра заваёву новых пазіцыяў. Але Сталін ужо разгортваў шырокі наступ на «ворагаў
народа».
Справа СВБ
Ужо ў 1929 годзе значная частка беларускай інтэлігенцыі была абвінавачана ў прыхільнасці да нацыянал-дэмакратызму і звольнена са сваіх пасад. Газеты, часопісы разгарнулі сапраўднае цкаванне тых, каго АДПУ ў 1930 годзе арыштавала па так званай справе «Саюза вызвалення Беларусі».
Нягледзячы на маральны ціск (а да некаторых ужываліся і фізічныя меры ўздзеяння), на папярэднім следстве поўнасцю вінаватымі прызналі сябе толькі 25 чалавек, больш за 40 поўнасцю адпрэчылі сваю віну і каля 25 прызналіся часткова. У працэсе следства 18 чалавек былі прызнаны невінаватымі і вызвалены з турмы.
Па сфальсіфікаванай справе СВБ 90 прадстаўнікоў інтэлігенцыі (з іх 89 беларусаў і 1 рускі) атрымалі розныя тэрміны зняволення. На расстрэльныя прысуды сістэма яшчэ не рашылася. Як сведчаць
архіўныя дакументы, улада яшчэ баялася актыўных пратэстаў. І трэба аддаць належнае: мінская інтэлігенцыя, што таксама зафіксавана ў дакументах, выказвала пратэст.
Нацыянальная эліта
Са справай СВБ звязана трагічная смерць лідара беларускіх нацыянальных дзеячаў, акадэміка, прафесара Усевалада Ігнатоўскага, якога чэкісты спрабавалі зрабіць кіраўніком СВБ. Пасля аднаго з выклікаў на допыт у ДПУ Ігнатоўскі застрэліўся на сваёй кватэры. На гэтую ж ролю кіраўніка СВБ меркавалі і Янку Купалу. Свой пратэст супраць кампаніі расправы з нацыянальнымі кадрамі паэт выявіў спробай самагубства.
Яшчэ адным знакавым ударам, які АДПУ нанёс па нацыянальных кадрах, быў арышт наркамзема БССР Дзмітрыя Прышчэпава. Ён быў абвешчаны абаронцам кулакоў, арганізатарам варожай сацыялістычнаму землекарыстанню палітыкі насаджэння хутароў. У афіцыйных дакументах і прапагандзе дзейнасць Прышчэпава зняважліва называлася «прышчэпаўшчынай». Аднак сярод беларускага сялянства яго дзейнасць пакінула глыбокі след і добрую памяць.
У першай палове 1930 года ў Мінску былі арыштаваныя вядомыя культурныя беларускія дзеячы Акадэміі навук, універсітэта, Наркамасветы і часткова Наркамзема. Сярод іх — папулярны мовазнаўца, акадэмік Язэп Лёсік, вядомы беларускі географ, акадэмік Аркадзь Смоліч, сакратар Беларускай Акадэміі навук, акадэмік Вацлаў Ластоўскі, рэктар універсітэта прафесар Уладзімір Пічэта, намеснік наркамзема Прышчэпава Алесь Адамовіч, прафесар гісторыі Мітрафан Доўнар-Запольскі, прафесар Максім Гарэцкі...
Характэрнай рысай арыштаў 1930 і 1931 гадоў было тое, што нязначнай частцы арыштаваных у якасці пакарання была прызначана вольная высылка. На той час яшчэ не збудавалі дастатковай колькасці канцэнтрацыйных лагераў, таму і высылалі на вольнае пасяленне. Аднак гэта не была высылка з мяккім рэжымам.
Для зручнасці назірання за высланымі ДПУ звычайна канцэнтравала іх у маланаселеных паселішчах паўночных губерняў, дзе яны не маглі знайсці працу, каб зарабіць на харчаванне. Таму значная частка высланых была асуджана на галоднае выміранне.
Масавы тэрор
Справа СВБ з’яўлялася першай масавай хваляй тэрору супраць беларускай інтэлігенцыі. У маі 1931 года АДПУ сфальсіфікавала справу Працоўнай сялянскай партыі, па якой асуджана на розныя тэрміны зняволення і высылкі 59 чалавек, па беларускаму філіялу Прампартыі пастановай калегіі АДПУ Беларусі ад 12 верасня 1931 года рэпрэсавана 30 чалавек.
У 1931–1932 гадах пракацілася хваля арыштаў сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Былі сфальсіфікаваны справы «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», «Белтрактарацэнтра», «Ветэрынарных урачоў». Толькі па іх было арыштавана і асуджана звыш 800 чалавек.
Але самыя масавыя арышты былі праведзены па так званай «справе Белтрактарацэнтра» — 546 чалавек. Па сутнасці былі амаль цалкам знішчаны кваліфікаваныя кадры, якія працавалі ў цэнтральных кіруючых органах сельскай гаспадаркі і на месцах, бо адначасова ішло выкрыццё «ворагаў народа» па раёнах.
У верасні 1932 года АДПУ БССР ліквідавала ў Мазырскім раёне так званую контррэвалюцыйную арганізацыю «Сялянскіх саюзаў», у кіруючы цэнтр якой чэкісты запісалі спецыялістаў з ліку дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі. Па гэтай справе толькі ў адным раёне праходзілі звыш 70 чалавек.
У жніўні 1933 года Паўнамоцнае Прадстаўніцтва АДПУ па БССР адрапартавала аб «выкрыцці» «шырокаразгалінаванай контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі«Беларускі нацыянальны цэнтр» і яе філіялаў у Горках і Беразіне». Гэтая 55-томная справа сфальсіфікавана з вялікім размахам і шырокай геаграфіяй ахопу, якая распаўсюджвалася на «значную частку тэрыторыі Беларускай ССР з філіяламі ў гарадах Маскве і Ленінградзе».
З абвінаваўчага заключэння:
«…Основными кадрами организации являлись перебежчики из Польши. Социальной же базой контрреволюционной организации БНЦ являлось кулачество, антисоветски настроенная интеллигенция, бывшие офицеры, служащие в государственных учреждениях, выходцы из социально-чуждых прослоек».
Па справе БНЦ у якасці абвінавачваемых прыцягнуты да адказнасці 97 чалавек. 26 з іх па рашэнню судовай Калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 года былі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, 16
— да вышэйшай меры пакарання з заменай на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў (усе паўторна асуджаныя і расстраляныя ў 1937 годзе), 17 — да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў
(ППЛ), 5 — да 8 гадоў ППЛ, а астатнія — да розных мер пакарання.
«Абняславіць і скампраметаваць»
Звычайна ДПУ ў сваёй друкарні выдавала тэндэнцыйна падабраныя вытрымкі з «паказанняў» арыштаваных, здабытыя гвалтоўным шляхам. У выглядзе спецыяльнай брашуры, пад грыфам “сакрэтна”, гэты матэрыял перадаваўся для азнаямлення адказным камуністам.
Партыйныя газеты, часопісы і спецыяльныя выкрывальныя «працы» спасылаліся на вытрымкі з паказанняў, не называючы крыніцы. Сакратарам і членам бюро ЦК дазвалялася карыстацца гэтымі вытрымкамі ў сваіх выступленнях дзе-небудзь на сходах партыйнага актыву.
Задачай прапаганды было паказаць нацыянальны рух у Беларусі як контррэвалюцыйную, шкодніцкую, шпіёнскую працу беларускіх нацыяналістаў, скіраваную на адлучэнне БССР ад Савецкага Саюза, на стварэнне буржуазнай нацыянальна-дэмакратычнай рэспублікі. Абняславіць арыштаваных, скампраметаваць нацыянальных лідараў, выставіць іх у самым агідным выглядзе, прычым не толькі ў грамадскай працы, але і ў прыватным жыцці. Нацыянальны рух зневажальна ахрысцілі «нацдэмаўшчынай», а яго ўдзельнікаў — «нацдэмамі».
Па заданні сакратара ЦК камуністычнай партыі Гея ў Акадэміі навук былі створаныя «брыгады», якія старанна вышуквалі ў друкаваных працах, у стэнаграмах дакладаў і выступленняў элементы нацдэмаўшчыны. Рэвізавалася паэзія, проза, публіцыстыка западозраных у «нацдэмаўшчыне» пісьменнікаў.
Большасць падручнікаў былі знятыя з ужытку, асабліва хрэстаматыі для чытання, граматыкі, зборнікі дыктовак. Адны — з прычыны арышту іх аўтараў, незалежна ад зместу, іншыя — з-за неадпаведнасці «лініі партыі».
У хрэстаматыях для чытання не дазвалялася ўзгадваць аднаасобныя гаспадаркі, у задачніках — выкарыстоўваць прыклады з іх жыцця. Настаўнікі павінны былі самі выдумляць арыфметычныя практыкаванні з жыцця калгасаў, гандлю кааператыўных крамаў.
З бібліятэк і чытальняў вымаліся ўсе працы арыштаваных — па гісторыі, этнаграфіі, геаграфіі, літаратуры, мастацтве, краязнаўстве, творы паэтаў і празаікаў, навуковыя даследаванні спецыялістаў — «шкодны нацдэмаўскі хлам».
Кожны савецкі грамадзянін, асабліва калі ён меў справу з кнігай, лічыў сябе кандыдатам на арышт. Кожны інтэлігент старанна сачыў, каб своечасова знішчыць кнігі, газеты, фотаздымкі, карціны тых, хто быў арыштаваны.
Усе арышты абавязкова суправаджаліся вобшукамі, падчас якіх забіраліся фотаздымкі нават даўно памерлых, прыватнае ліставанне, дакументы і кнігі раней арыштаваных аўтараў. Потым у ДПУ ўсё гэта сартавалася, фармавалася ў матэрыял для абвінавачвання.
У кнігарнях перасталі выстаўляць кнігі нават тых беларускіх пісьменнікаў, што яшчэ заставаліся на свабодзе, з-за асцярогі не паспець ад іх пазбавіцца, калі аўтараў арыштуюць. Зніклі плакаты з беларускім арнаментам, што віселі ў клубах, чытальнях, фае тэатраў і кіно. Кіраўнікі розных рангаў паспешліва перафарбавалі свае службовыя кабінеты, якія ў свой час таксама без патрэбы былі распісаныя беларускім арнаментам і эмблемамі.
У Мінску ў Акадэміі навук былі створаны спецыяльныя брыгады па выяўленні нацыянальна-дэмакратычных ухілаў у друкаваных працах перыяду НЭПа. Выяўленыя «ўхілы» старанна вывучаліся, сістэматызаваліся, аздабляліся «правільнымі» навуковымі высновамі, а затым друкаваліся ў якасці прац абноўленай сацыялістычнай Акадэміі навук.