Затрымалі навукоўца Уладзіміра Шыпілу
Антраполага Уладзіміра Шыпілу затрымалі 13 кастрычніка пасля сядзячага
пратэсту супрацоўнікаў Акадэміі навук. Гэтую інфармацыю Свабодзе
пацвердзілі тры калегі Шыпілы.
![Фота пратэсту 12 кастрычніка Фота пратэсту 12 кастрычніка](/img/v1/images/2020_10_12_nan_a._ljaszkevicz_010_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота пратэсту 12 кастрычніка
Месцазнаходжанне Шыпілы невядомае. Са словаў супрацоўнікаў Інстытуту гісторыі НАН, пасля затрымання Шыпілу павезлі ў Першамайскае РУУС. Пацвердзіць гэтую інфармацыю не ўдалося, у міліцыі не здымаюць слухаўку.
Супрацоўнікі Акадэміі навук 13 кастрычніка ў перапынку на абед традыцыйна вышлі на сядзячы пратэст, каб выступіць супраць гвалтоўнага разгону акцый пратэсту напярэдадні. Удзельнікаў акцыі здымалі з буса.
Навукоўцы сталі разыходзіцца з прыступак прэзідыюму АН у сярэдзіне абеду. Шыпіла разам з калегамі пайшоў у бок Інстытуту гісторыі на вуліцы Акадэмічнай, расказаў відавочца затрымання. Да навукоўцаў па сустрэчнай паласе, а пасля па ходніку падʼехаў бус, навукоўцы разбегліся. Шыпіла спачатку пабег назад у бок прэзідыюму Акадэміі навук, а пасля ў бок Інстытуту гісторыі.
Калегі з Інстытуту гісторыі не разумеюць, чаму пасля акцыі схапілі толькі Шыпілу. Для антраполага збіраюць перадачу і шукаюць адваката. Пяць навукоўцаў адрэагавалі на затрыманне калегі маўклівай акцыяй на прыступках прэзідыюму Акадэміі навук.
Са словаў супрацоўніка Інстытуту гісторыі, кіраўніцтва інстытуту і Акадэміі навук незадаволенае акцыямі пратэсту. Навукоўцам пагражаюць, што не працягнуць кантракты.