Антраполаг Уладзімір Шыпіла на свабодзе
Сёння з ІЧУ Жодзіна пасля 7 сутак арышту,
выйшаў антраполаг Уладзімір Шыпіла. Яго сустрэлі родныя і калегі.
![Уладзімір Шыпіла трэці злева Уладзімір Шыпіла трэці злева](/img/v1/images/img_20201020_134927_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Уладзімір Шыпіла трэці злева
Уладзіміра затрымалі 13 кастрычніка пасля акцыі ля прэзідыума НАН. Калегі
адразу ж вярнуліся на прыступкі ўстановы з плакатамі. 16 кастрычніка
супрацоўнікі Інстытута гісторыі зладзілі акцыю ў падтрымку Уладзіміра.
За час пасля выбараў ужо чацвёра гісторыкаў з Акадэміі навук пабылі за кратамі:
аспірант Сяргей Ісакаў (8 сутак), супрацоўнікі Інстытута гісторыі Андрэй Мацук
(13 сутак), Уладзімір Шыпіла (7 сутак), Мікола Волкаў (3 сутак да суда, які
даў штраф). Штраф у 10 базавых велічынь атрымаў яшчэ адзін работнік Інстытута
гісторыі Андрэй Радаман. Яго затрымалі яшчэ 12 жніўня і выпусцілі праз суткі.
Суд адбыўся толькі 20 кастрычніка. Разам гісторыкі адсядзелі больш за месяц —
32 дні. Месяц працоўнага часу, калі маглі б з'явіцца навуковыя артыкулы і
кнігі. Месяц жыцця.