Спачатку заплаціце, пасля прымуць перадачу зняволеным
Як паведамляе media-polesye.by, у ІЧУ Століна не прымаюць перадачы для арыштаваных — патрабуюць спачатку ўнесці перадаплату за іх харчаванне. З гэтым сутыкнуліся праваабаронцы, якія хацелі падтрымаць асуджаных берасцейцаў, якія адбываюць тут пакаранне.

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў
Як распавяла Медыя-Палессю адна з мясцовых актывістак Аксана Дабрыянец, праваабаронцам прапанавана спачатку заплаціць за харчаванне арыштаваных у ІЧУ за ўвесь час іх знаходжання там. Толькі пасля гэтага ў іх пачнуць прымаць перадачы.
За журналіста Ігара Бараноўскага, напрыклад, патрабуецца заплаціць 270 рублёў, за Ціхана Клюкача — 350 рублёў.
Такіх грошай у мясцовых праваабаронцаў няма, а сабраць хутка не атрымліваецца.
Напярэдадні яны ўжо выканалі адну ўмову кіраўніцтва ІЧУ і сабралі 148 рублёў 50 капеек, каб падтрымаць дзяўчыну з Брэста, якая адбывае тут суткі. Перадалі ёй цёплую вопратку, сродкі гігіены і прадукты.
Цяпер у ІЧУ Столінскага РАУС адміністрацыйны арышт адбываюць сямёра грамадзян, якіх сюды даставілі з Берасця. Сярод іх 6 мужчын і адна дзяўчына.