Мінінфарм не будзе адклікаць пазоў супраць TUT.BY, але заняты «ўрэгуляваннем сітуацыі» з затрыманнямі журналістаў
Мінінфарм не будзе адклікаць пазоў супраць TUT.BY, а таксама робіць нейкія намаганні ва «ўрэгуляванні сітуацыі» з затрыманнем журналістаў. Гэта вынікае з адказу ведамства, які атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў на сумесны зварот арганізацыі і некаторых незалежных СМІ.
У звароце, накіраваным у Міністэрства інфармацыі, БАЖ і рэдакцыі беларускіх медыя прасілі адклікаць пазоў супраць TUT.BY, спасылаючыся на падобныя прэцэдэнты ў мінулым у дачыненні да некаторых СМІ.
У адказе міністэрства пазначана, што прымаць канчатковае рашэнне па пазове аб спыненні выпуску сеткавага выдання TUT.BY мае права толькі суд, аднак адносна магчымасці адклікання пазову нічога сказана не было.
«...пазоў Мінінфарма да ТАА “ТУТ БАЙ медыя” аб спыненні выпуску сеткавага выдання “tut.by” прад’яўлены ў адпаведнасці з нормамі Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года “Аб сродках масавай інфармацыі” і ў цяперашні час разглядаецца эканамічным судом горада Мінска. Выключна суду належыць права прымаць рашэнні аб спыненні выпуску СМІ» — гаворыцца ў тэксце дакумента.
Што тычыцца абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсаў, то, як піша Мінінфарм, у заканадаўстве аб СМІ не прадугледжана працэдура адмены такога рашэння: Аднаўленне доступу ажыццяўляецца на падставе заявы іх уладальніка, калі парушэнні, якія сталі падставай абмежавальных мер, былі ліквідаваныя.
Мінінфарм таксама паведамляе, што «прадпрымае магчымыя намаганні па ўрэгуляванні сітуацый з затрыманнямі журналістаў розных СМІ падчас правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў». Што гэта за меры, міністр інфармацыі Ігар Луцкі, які падпісаў ліст, не ўдакладніў.
Нагадаем, 1 кастрычніка TUT.BY быў пазбаўлены статусу СМІ як мінімум да канца года. На наступны дзень МЗС ануляваў усе выдадзеныя акрэдытацыі для замежных СМІ: замежныя журналісты павінны былі атрымаць новыя дазволы.
У краіне працягваюцца пераследы журналістаў, якія выконваюць сваю працу, у тым ліку затрыманні падчас пратэстных акцый. У мінулую суботу, 17 кастрычніка, падчас выканання сваіх прафесійных абавязкаў былі затрыманыя журналісты розных выданняў, у тым ліку БелаПАН і TUT.BY Вадзім Заміроўскі і Усевалад Зарубін, якіх асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Да гэтага журналістаў, якія выконвалі рэдакцыйнае заданне, ужо прызнавалі вінаватымі: Аляксей Суднікаў і Надзея Калініна былі затрыманыя 1 верасня, тады прысуд склаў трое сутак арышту.
Паводле TUT.BY