83-гадовы пенсіянер не можа карыстацца маёмасцю, бо не сплаціў штраф за акцыю

83-гадовы актывіст Ян Грыб не сплаціў штраф у вызначаны тэрмін — і праз дзень у дачыненні да яго былі прызначаныя неабгрунтавана жорсткія меры.

den_voli_20170325_svabodaorg.jpg


Ян Грыб — 83-гадовы паэт, які актыўна ўдзельнічае ў пратэстным руху Беларусі. 19 чэрвеня яго аштрафавалі на 40 базавых велічынь (1080 рублёў) па ч.1 артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня. Ён падаў адпаведную скаргу на рашэнне суда, якая была разгледжана 11 верасня.

Праз 30 дзён, 12 кастрычніка, скончыўся тэрмін на добраахвотную выплату штрафу. А яшчэ праз дзень – 13 кастрычніка – аддзел прымусовага выканання Кастрычніцкага раёна Мінска хоць і запрасіў пенсіянера прыйсці на размову 19 кастрычніка, адразу ж прыняў досыць жорсткія меры для выпатрабавання штрафу: забараніў ажыццяўляць рэгістрацыйныя дзеянні ў дачыненні да аўтамабіля, зямлі і дома, а таксама спагнаў 108 рублёў з рахунка на картцы.

«Сапраўды, выканаўцы мелі законныя падставы гэта рабіць, — кажа юрыст “Вясны” Алег Пашкевіч. — Але аб’ектыўна з моманту, калі чалавеку паведамілі пра пачатак выканаўчай вытворчасці, да моманту прымянення мер, прайшло недастаткова часу, каб спадар Грыб паспеў хаця б нешта патлумачыць. Чалавек, атрымаўшы такую інфармацыю, мусіць быць здольным пакінуць свой каментар: магчыма, з ім нешта здарылася, і ён не можа выплаціць штраф, магчыма, ён хоча запрасіць растэрміноўку. Ці наогул — ён ужо даслаў скаргу поштай, і ў такім выпадку судовы выканаўца абавязаны прыпыніць усе дзеянні па спагнанні штрафу пасля паступлення хадайніцтва з дадаткам дакументаў, якія пацвярджаюць падачу скаргі (норма закона “Аб выканаўчай вытворчасці”, абзац 6 артыкула 49).

Таму цалкам незразумелая матывацыя сілавых выканаўцаў: гэта адзіны штраф, які Ян Грыб мусіць заплаціць на гэтым этапе, таму такі ўчынак выглядае паказальнай каральнай мерай. Дзяржава мусіць выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы, кіруючыся прынцыпамі справядлівасці, і разумець, што сталаму чалавеку не так проста выплаціць штраф, які складае амаль дзве яго пенсіі».

Зараз Ян Грыб будзе абскарджаваць абмежаванне сваіх правоў на мірныя сходы і выказванне меркавання, таму што лічыць яго незаконным.

«Пакуль што яны зрабілі “гуманны” жэст і сказалі, што не будуць апісваць машыну і лецішча, – кажа ён. — Але мяркую, яны ўжо будуць рабіць і гэта, бо я не прапускаю ніводнай акцыі: зараз іду на Марш сіньёраў, як у Гішпаніі называюць пенсіянераў, — дык невядома, чым ён скончыцца».Ян Грыб стаў вядомы пасля Дня Волі 2017 года. Тады ў Беларусі праходзілі актыўныя пратэсты супраць так званага «дармаедскага дэкрэту». Фота, як аднаго сталага чалавека затрымліваюць некалькі АМАПаўцаў, стала «вірусным» у інтэрнэце.

Ян Грыб імкнеца не прапускаць акцыі пратэсту, і таксама прыцягваўся да адказнасці за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расіі напрыканцы 2019 і напачатку 2020 гадоў.

Паводле spring96.org