Нясвіж. Маразм не мае межаў!

Кожны дзень улада здзіўляе. Часам хочацца запытацца, а навошта наогул нешта прыдумляць, проста зрабіце адмысловы графік, па якім будзеце караць усіх па чарзе суткамі ці штрафамі, а можна і тым і тым.

photo_2020_10_20_14_24_46_e5zhe.jpg


У Нясвіжы: пасля прагулкі з сабачкам, адзетым у бел-чырвона-белы світар, жанчыну выклікалі ў міліцыю і затрымалі. А пасля асудзілі за ранейшыя акцыі, паведамляе "Наша Ніва".
У гэтую нядзелю, як і ў мінулыя, Ала Карунная гуляла з сабакам па горадзе. Па пятах за ёй хадзілі трое міліцыянтаў і фатаграфавалі сабаку.
«У панядзелак яна даслала галасавое паведамленне, была ўсхваляваная: мяне выклікаюць у РАУС, я баюся. Ёй патэлефанавалі і сказалі: калі вы не з’явіцеся, то прыедзем па вас, возьмем у кайданкі і адвязём у аддзяленне. Ала спытала: А для чаго? Адказалі, што з ёй хоча пагутарыць начальнік міліцыі», — распавядае яе знаёмая.
Ала прыйшла ў аддзяленне — там яе замкнулі ў кабінеце і абвясцілі, што яна затрыманая. Жанчына прасіла даць ёй звязацца са сваякамі, але за тыя пару хвілін, што адвялі для гутаркі, не змагла дазваніцца. Пасля сям’і паведамілі, што жанчыну не выпусцяць да суда.
Ноч Ала правяла ў ізалятары. Родныя змаглі ёй перадаць цёплыя рэчы і каплі ад алергіі.
Суд адбыўся ў аўторак, 20 кастрычніка. З блізкіх на яго ніхто не патрапіў — іх не папярэдзілі пра час пасяджэння, сын да апошняга не ведаў, за што канкрэтна затрымалі маці.
Аказалася, на Алу склалі два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні — за ўдзел у мітынгу і велапрабегу супраць гвалту, якія былі 23 і 25 жніўня. Суддзя Дзмітрый Гвозд пакараў жанчыну штрафам у 30 базавых (810 рублёў) і адпусціў.
Раней жанчыне ніякіх павестак не прыходзіла.
Ала кажа, што ёй прыгразілі пасля ў міліцыі: яшчэ раз сюды патрапіш — аднымі суткамі не абыдзешся. Тэлефон адмовіліся аддаваць, пакуль жанчына не выплаціць штраф.



З нядаўніх вынаходніцтваў можна ўзагадаць ячшэ пакаранне за пікет на ўласным гаўбцы Севярынцаў, пажаданне слуцкіх міліцыянтаў больш за аднаго не збірацца і шмат іншай бязглуздзіцы, якой улады напэўна, хочуць запалохаць людзей і спыніць пратэст.


А пратэст ён спыніцца сам, калі будзе адстаўка галоўнага адказнага за ўвесь маразм, што адбываецца ў краіне.