«Я заўсёды буду выходзіць, калі будуць біць, забіваць, парушаць законы»
Пенсіянерка Валянціна выйшла на першы марш пенсіянераў у Горадні з
Канстытуцыяй у руках. Яна расказала, як яе затрымлівалі, як рэагавалі на
просьбу выклікаць хуткую і пра што яна размаўляла ў міліцыі, піша Радыё Свабода.
На марш пенсіянераў у Гродна 12 кастрычніка выйшлі 70–100 чалавек. У выніку шэсць жанчын затрымалі, адну з міліцыі завезлі ў шпіталь. Сярод затрыманых аказалася і 60-гадовая Валянціна.
«Нікога не білі, груба ні да кога ня ставіліся. Адзінае — у аўтобусе жанчыне было блага, і ёй ніхто не паверыў. Тое самае было ў аддзяленні. Яны былі ўпэўненыя, што яна сімулянтка. Я ім тлумачыла, што гэтая жанчына проста вельмі моцна спужалася», — узгадвае Валянціна пра паплечніцу.
Гэтай жанчыне стала блага ў міліцэйскім аўтобусе. Яна пачала крычаць, ёй не хапала паветра. Міліцыянты адчынілі дзверы і выпусцілі яе падыхаць, аднак потым вырашылі, што яна хоча ўцячы, і вярнулі пенсіянерку ў аўтобус. У РАУС жанчына пачала ванітаваць.
«Другая жанчына сядзела і зусім нічога не казала. Такое адчуванне, што яна страціла мову», — успамінае Валянціна яшчэ пра адну затрыманую жанчыну, у якой пагоршыўся стан пасля затрымання.
Валянціна мяркуе, што яе забралі, бо на маршы яна паводзіла сябе актыўна. Паказвала Канстытуцыю кіроўцам аўтамабіляў, што праяжджалі міма і сігналілі. Да таго ж, яна размаўляла па дарозе з міліцыянтам, каб давесці сваю пазыцыю.
«Я выйшла з Канстытуцыяй, каб паказаць, што варта захоўваць законы на ўсіх узроўнях улады, незалежна ад статусу чалавека ў грамадзтве», — кажа жанчына.
У міліцыі Валянціне паказалі відэаролік з каментаром, маўляў, у Польшчы і Нямеччыне б’юць пратэстоўцаў. На што тая адказала, што б’юць ня мірных пратэстоўцаў, а тых, хто паліць машыны, разбівае вітрыны, супраціўляецца паліцыі.
«Чаму мяне забіраюць, абшукваюць, як злачынцу, забіраюць мае рэчы? Хто даказаў, што я злачынца, парушыла нейкі закон? На якой падставе забралі мае асабістыя рэчы, мой тэлефон? Гэта парушэнне маіх правоў», — абуралася яна.
Яна прызналася ў міліцыі, што прыехала на мітынг мэтанакіравана, а не праходзіла міма. «Паважаем», — узгадвае адказ міліцыянтаў суразмоўца.
«Вы супраць улады ці супраць асобнага фатаздымку?» — узгадала яшчэ адно пытанне на допыце жанчына.
Затрыманую пераконвалі ў РАУС, што яна прыходзіць на мітынгі, бо ёй за іх плацяць. Расказалі, што нібыта яны затрымалі паляка з 5 тысячамі даляраў, які прыехаў у Беларусь, каб аплаціць акцыі пратэстоўцаў. Валянціна аспрэчыла, што атрымлівае грошы за ўдзел у акцыях.
На пытанне міліцыянта, з якой мэтай яна выйшла на акцыю, жанчына паказала відэа, дзе затрыманых прапускаюць праз «калідор пекла» і б’юць. Патлумачыла, што яна супраць гвалту.
«А вы давядзіце, што гэта ў нас», — адказаў міліцыянт. «Дык вы што, ня бачыце, што форма нашая? Гэта Акрэсціна», — патлумачыла жанчына. «Не, вы не даказалі», — не пагадзіўся супрацоўнік.
На яе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Аднак Валянціну гэта не напужала.
«Я супраць гвалту, крыві. Я заўсёды буду выходзіць, калі будуць біць, забіваць, парушаць законы. Гэта адназначна. Я не хачу, каб у нас пралівалася кроў невінаватых людзей. І так кожны свядомы грамадзянін нашай дзяржавы хоча, каб у нас быў парадак і закон. Мы ня хочам, каб сюды лез Пуцін, каб сюды лез Еўразвяз. Мы ў сваёй дзяржаве разбяромся самі. Я за незалежную Беларусь», — кажа яна.