Вольгу арыштавалі нягледзячы на дзіця-інваліда, але яна верыць: «Праўда будзе за намі»

«У нас у Смаргоні дагэтуль шэсці праходзяць штонядзелю, а кожны вечар людзі збіраюцца ў цэнтры, каб проста паразмаўляць», — распавядаюць Ілля і Вольга Петуновы, мясцовыя актывісты. Вольга аказалася падазраванай па крымінальным артыкуле і была змешчана ў ізалятар. Дома ў гэты час застаўся сын з інваліднасцю.

volha_1_logo.jpg


Няпросты лёс сям’і

Ілля — дырэктар прадпрыемства, якое вырабляе посуд «Кухар». Вольга па адукацыі бухгалтарка. Некалі яна працавала ў банку, зараз — валодае аутсорсінгавай фірмай, якая прадстаўляе бухгалтарскія паслугі.

illja_i_volha_logo.jpg


Дыягназ Вані, старэйшага сына Іллі і Вольгі, — розумавая адсталасць сярэдняй ступені. Вольга кажа, што інваліднасць ён атрымаў пры родах, праз халатнасць дактароў. Па гэтай прычыне яна заўжды прытрымлівалася пазіцыі, што ад дзяржавы ёй нічога не трэба, таму інваліднасць пэўны час хлопчыку не афармлялі. Але калі Ваню споўнілася 6 гадоў, а астатнія дзеткі, з якімі ён хадзіў у звычайны садок, пайшлі ў школу, Вольга ўсё ж аформіла яму інваліднасць. У выніку, Ваню далі 3-ю ступень страты здароўя.
Праз два гады Вользе прапанавалі ўладкаваць Івана ў спецыялізаваную школу ў Мінск. Яна так і зрабіла: «У гэтай школе Іван вучыўся 5 гадоў. У пятніцу мы яго забіралі адтуль, а ў панядзелак прывозілі. Як аказалася, гэта быў найлепшы варыянт, бо яго там навучылі ўсяму. Ён прыйшоў у школу і не ўмеў нават размаўляць, а сышоў з усімі базавымі ведамі».
Калі Івану споўнілася 13, у яго з’явіліся праблемы з паводзінамі, абумоўленыя яго дыягназам. Да таго ж у Івана яшчэ эпілепсія. Сям’і прыйшлося забраць яго са школы і ўладкаваць у карэкцыйную школу ў Смаргоні. Праўда, адтуль хутка яго таксама забралі і перавялі на хатняе навучанне.
Каб нейкім чынам дапамагчы Івану, сям’я праходзіла розныя курсы лячэння. Івана нават вазілі ў Мінск на дэльфінатэрапію. Кожны год сям’я выязджала некуды на мора.
У сужонкаў ёсць і малодшы сын — Паша, яму хутка будзе 12.
 — Напэўна Бог, даўшы Паўла, узнагародзіў мяне, — смяецца Вольга. — Ён вельмі неардынарны: займаецца вакалам, танцамі і выдатна вучыцца ў школе.

y3wz7mf3hmc_logo.jpg


Хвароба Вольгі

Калі Івану трэба было ісці ў школу, Вольга захварэла: рак малочнай залозы, другая ступень. Пачалося вельмі балючае для Вольгі лячэнне.
— Я вельмі цяжка пераносіла хіміятэрапію, — узгадвае Вольга. — Яна выбівала мяне з жыцця на тыдзень. Гэты тыдзень мяне ванітавала. Калі ён заканчваўся, ранкам я падымалася, нацягвала парык і шла працаваць. Працавала два тыдні, пасля — зноўку хімія.
Вольга лячылася 9 месяцаў. За гэты час яна не проста страціла валасы: яе цела пакрылася коркай, а пазногці на нагах згнілі.
— Калі сын — інвалід, а жонка — цяжка хварэе, ці ўзнікаюць думкі апусціць рукі? — пытаю Іллю.
— У мяне не было хістанняў. Кожнаму чалавеку даецца столькі, колькі ён можа панесці. У кожнага свой крыж.
Вольга кажа, што пытанняў «за што ёй хваробы?» ў яе не ўзнікала: «З самага пачатку я сабе казала, што гэта не за нешта, а для чагосьці. Але ўлічваючы той факт, што наша дзіця проста пашкодзілі, мы проста гэта прынялі. Падчас сваёй хваробы я дала сабе ўстаноўку: калі я буду жыць, а жыву я ўжо сем гадоў, то я буду заўжды дзякаваць Богу за тое, што даў мне гэтую хваробу, бо за гэты час я стала іншай».

dw9jzaizlwa_logo.jpg


Два гады таму ў Іллі здарыўся цяжкі інфаркт. Вольга кажа, што калі ён ляжаў у рэанімацыі, у яго ўжо ішла кроў з рота. Але дзякуючы таму, што яго хутка павезлі ў абласную бальніцу, Ілля выжыў.
Ужо больш за два гады Вольга марыць аб стварэнні цэнтра развіцця для дзяцей і маладых інвалідаў. Справа ў тым, што ў мясцовым карэкцыйным цэнтры дзеці з інваліднасцю могуць знаходзіцца толькі да 16 гадоў. Пасля, па сутнасці, яны застаюцца сядзець дома: «Іх маці не могуць сабе дазволіць нават захварэць. Спачатку мы хацелі стварыць фонд, прыцягнуць прадпрымальнікаў. Мы не хацелі ад дзяржавы нічога. Адзінае, што прасіла, — гэта памяшканне. Мы б там і зрабілі ўсё самі: і рамонт, і мэблю б набылі…».
Вакол Вольгі сабраліся аднадумцы: яны ездзілі па тых раёнах, дзе ўжо было арганізавана падобнае, шукалі спонсараў. Аднак атрымаць памяшканне яны так і не здолелі. Ідэя са стварэннем цэнтра не рэалізавалася.Сужонкі заснавалі ў сваім рэгіёне Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва: супрацоўнічалі з райвыканкамам, праводзілі семінары для прадпрымальнікаў. Праўда, зараз яны плануюць закрываць арганізацыю.
— Я ўжо выйшаў з раённай рады прадпрымальніцтва, — кажа Ілля. — Мы хочам гэтым займацца, але пры іншых ва ўладзе людзях. Займацца гэтым цяпер — гэта здрадніцтва.

4khwmc7mr9a_logo.jpg


«Прывітанне фальсіфікатарам!»

Петуновы заўжды займалі актыўную грамадзянскую пазіцыю. Калі яны пабачылі кандыдатуру Віктара Бабарыкі на выбарах, адразу далучыліся да яго ініцыятыўнай групы і збіралі подпісы. Пасля Вольгу выбралі членам участковай камісіі.
— Памятаю, як на адным са сходаў, калі мы збіраліся ў ліцэі, я выйшла да мікрафона і сказала: «Я абяцаю, што на адным асобна ўзятым участку, у маёй школе, мы палічым галасы сумленна, чаго б мне гэтага ні каштавала».Пасля гэтага Вольгу адправілі на самаізаляцыю, бо ў некага з камісіі нібыта пацвердзіўся каронавірус. З гэтай прычыны Вольга не змагла прысутнічаць 9 жніўня на выбарах як член камісіі.
Пасля выбараў Вольга была адной з тых, хто арганізоўваў і праводзіў мірныя дэманстрацыі: «Мы выносілі калонкі, мікрафон, паведамлялі народу навіны». Вольга цяпер ведае ўсіх міліцыянтаў у твар. Калі бачыць некага ў горадзе, то можа кінуць: «Прывітанне фальсіфікатарам!». Увесь паслявыбарчы час яна намагалася не прапускаць ніводнай акцыі, чым, напэўна, і прыцягнула да сябе ўвагу. Спачатку яе запрасілі ў РАУС на размову. Пасля пачаліся суды, дзе і Вользе, і Іллі прысудзілі штрафы за ўдзел у мітынгах.
Аднак у канцы верасня яе змясцілі ў ізалятар, адарваўшы ад сына з інваліднасцю.
Падставай стала тое, што Вольга нібыта расклейвала па горадзе ўлёткі з фотаздымкамі міліцыянераў, іх асабістымі данымі і канстатацыямі супрацьпраўных дзеянняў. Але Вольга кажа, што ў той вечар, калі расклейваліся ўлёткі, яна з мужам была дома і рыхтавалася да суда, які мусіў адбыцца на наступны дзень.
«Канечне, міліцыянты вельмі раззлаваліся, выклікалі на допыт хлопца, аднаго з нашых актывістаў, — распавядае Вольга. — Яго запрасілі на гутарку, мы яго цэлы дзень пільнавалі каля РАУСа, але яго так і не выпусцілі. У выніку атрымалася, што ён нібыта здаў некаторых з нашых актывістаў. Траіх чалавек пасля гэтага затрымалі».

Вобшук на вачах у сына з інваліднасцю

Увечары 25 верасня прыехалі і дадому да Петуновых. У той дзень Іллі было блага: пасля інфаркту ён пастаянна прымае лекі, перыядычна ў яго падвышаецца ціск: «Я памерыла яму ціск і збіралася выклікаць хуткую дапамогу. А тут — прыехала міліцыя».
Супрацоўнікі міліцыі ў доме сталі праводзіць вобшук. Па словах Вольгі, ён праходзіў абсалютна ў добразычлівай абстаноўцы: «Панятымі дазволілі запрасіць маіх сябровак. Пазабіралі купу дыскаў, дзіцячыя дыскі, флэшкі, купу старых тэлефонаў, камп’ютар Івана. Я яшчэ і скрыні з-пад абутку ім давала, каб яны маглі скласці ў іх рэчы. У мяне стварылася ўражанне, што яны падышлі да справы фармальна: пахапалі ўсё, што ляжала на паверхні. Удзельнічаў і той міліцыянт, які быў на тых расклееных улётках. Я падумала, што яны праводзяць вобшук у актывістаў, каб знайсці тых, хто друкаваў улёткі, бо той хлопец прызнаўся, што ён іх толькі расклейваў».
Міліцыянты адабралі тэлефон і ў Вані. А ён не можа без яго жыць.
— Я папярэдзіла міліцыянтаў, што Ваня ніколі не развітваецца са сваім тэлефонам. Нават тады, калі ён глядзіць тэлевізар, то трымае тэлефон у руках. Я прасіла, каб яны паглядзелі яго тэлефон дома, у ім нават ніякіх мэсэнджараў не было. Але калі яны апячаталі скрыню з тэлефонам, і Ваня зразумеў, што гаджэт яму не вярнуць, у яго пачалася істэрыка. Ужо пры міліцыянтах Ваня стаў крычаць, кідацца рэчамі. Вольга прасіла супрацоўнікаў міліцыі, каб тыя аддалі яму тэлефон, бо ў той час яна не магла яму знайсці тэлефон на замену.
А палове на 11 вечара Вользе сказалі, што яна затрымана. Жанчына зноўку стала прасіць міліцыянтаў, каб яе забралі ранкам, бо ёй трэба супакоіць дзіця і знайсці яму тэлефон, што яна не можа яго пакінуць на хворага мужа. Але на свае просьбы пачула, што калі не пойдзе сама, то на яе надзенуць кайданкі і забяруць сілай.
«Калі сын зразумеў, што яшчэ і я сыходжу, то яму стала яшчэ горш», — узгадвае Вольга. У выніку, яна ўгаварыла міліцыянтаў пад’ехаць да дому маці, каб папрасіць яе супакоіць Ваню.
Калі Вольгу забралі ў следчы ізалятар, Ваня стаў скідваць цацкі з лесвіцы, істэрыць і плявацца. Каб супакоіць сына, Ілля патэлефанаваў у хуткую, аднак па выліку прыехаць адмовіліся. Тады Ілля патэлефанаваў у міліцыю. Дзяжурны яму адказаў: «А калі вы на плошчу хадзілі, то думалі аб сваім дзіцяці?». Яшчэ раз у 102 патэлефанавала маці Вольгі. У выніку прыехаў інспектар па справах непаўнагадовых, спытаў у Вані, чаму ён так расхваляваўся. Ваня яму ўсё патлумачыў. Міліцыянт параіў «наліць яму кропелек» і з’ехаў.

Затрымалі за тры цюбікі клея

У ізалятары Вольга правяла амаль 72 гадзіны. Следчы да Вольгі прыйшоў толькі а 22 гадзіне на наступны дзень. Вольга адразу абвясціла галадоўку: «Адвакатка тады сказала мне, што калі яна перадасі гэтую навіну майму мужу, то ён не ўзрадуецца. Але я пераканала, што муж не будзе здзіўлены, бо ведае маё нутро. Таму і перадаў мне ў ізалятар толькі бутэльку вады».
Аказалася, што той хлопец, які расклейваў лістоўкі па горадзе, на допыце нібыта ўзгадаў Вольгу. «У пратаколе было напісана, на плошчы ён даў мне тры цюбікі клею. Пасля таго, як я выйшла з турмы, паразмаўляла хлопцам. Ён сцвярджаў, што яму прадыктавалі маё прозвішча, якое трэба было запісаць у пратакол».
Падчас следства ў Вольгі ўжо ўзялі адбіткі пальцаў, бо ў адной са сметніц былі знойдзены пальчаткі і клей. Следчымі была заведзена крымінальная справа па артыкуле 188 крымінальнага кодэксу (паклёп). Па ім могуць пакараць штрафам, або выпраўленчымі працамі тэрмінам на два гады або арыштам, ці абмежаваннем свабоды тэрмінам да трох гадоў.
Пасля таго, як Вольга выйшла з ізалятара, то разам з адвакатам падала скаргу на незаконнае ўтрыманне. І ў Смаргонскім, і ў Гродзенскім судзе яе не задаволілі. Больш за ўсё Вольгу абурае тое, што ў ніводным адказе на скаргу не фігуруе «дзіця-інвалід»: «Яны пішуць, што пры пэўных абставінах маці непаўнагадовых дзяцей могуць забраць. А тое, што я паўсюль пішу, што у мяне — дзіця з інваліднасцю, застаецца без увагі».
Юрыст, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, Сяргей Драздоўскі кажа, што па беларускім заканадаўстве бацькоў дзяцей з інваліднасцю могуць затрымліваць на 72 гадзіны. «Аднак гэты выпадак супярэчыць прафесійнай этыцы супрацоўнікаў МУС Рэспублікі Беларусь №67 ад 2013, — каментуе Драздоўскі. — На 72 гадзіны маці дзіця з інваліднасцю затрымаць могуць, але асудзіць на адміністрацыйны арышт — не».

Змагацца да канца

— Калі я вярнулася з ізалятара дадому, дома быў жах, — узгадвае Вольга. — Мая мама, канечне, намагалася супакоіць Ваню, але ён быў злы, выганяў настаўнікаў. Пасля сустрэчы са мной у яго з’явілася святло ў вачах. Міліцыянты прачыталі артыкул пра маё затрыманне на партале Naviny.by. Начальнік следчага адзела пасля сказаў, што яны не ведалі, што мой сын — інвалід. Дазволілі забраць тэлефон. Я прывяла Ваню ў пачуцці, ён стаў аднаўляцца.

volha_petunova_logo.jpg


Вольга хоча падаваць скаргу на сваё незаконнае ўтрыманне ў Вярхоўны суд. Але найбольш яна абурана тым, што яе адабралі ад сына з інваліднасцю, які знаходзіўся на той момант у цяжкім стане: «Хачу проста дабіцца праўды. Хаця мне цяжка вымаўляць словазлучэнне «дабіцца праўды», бо разумею: якая тут можа быць праўда?»
— Але мы ўсё адно будзем змагацца. — кажа Ілля.
— Вам не страшна? — пытаю ў Вольгі.
— Не, — усміхаецца яна. — Мы да гэтага былі маральна гатовы. Я бачыла, што за мной назіраюць. Канечне, я не магла падумаць, што мяне будуць абвінавачваць па крымінальнай справе. Але за маю актыўную грамадзянскую пазіцыю мяне ўсё адно будуць запужваць.
У турме Вольга перачытвала сваю любімую кнігу «Майстар і Маргарыта»: «Яна ўратавала маю душу на той момант. Кожнаму будзе дадзена па веры яго. Таму мы верым і спадзяемся, што праўда будзе за намі».
Фота Вікторыі Чаплевай і з асабістага архіва сям’і Петуновых