Вядуць сябе як гаспадары жыцця, спяць у хлявах. Што распавядаюць пра расійскіх вайскоўцаў на Гомельшчыне
Журналісты беларускага радыё, прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім», пагутарыла з жыхарамі Гомельскай вобласці пра прысутнасць там расійскіх вайскоўцаў, тэхнікі і нябожчыкаў.
«Расіянін даў мне агітку пра тое, што яны нясуць мір»
Шмат расійскай тэхнікі і вайскоўцаў было 29 сакавіка ў Брагінскім раёне. «Калоны танкаў, БТР і "Уралаў" былі бясконцымі. Я спрабаваў размаўляць з расійскімі вайскоўцамі, але яны былі вельмі злыя. Наколькі я даведаўся, ім забаронена кантактаваць з намі, называць свае нейкія звесткі», — расказаў жыхар Брагінскага раёна.
Расійскі вайсковец даў яму агітацыйную ўлётку. Там напісана:
«Паважаныя таварышы, сябры, нам не патрэбная вайна! Мы не збіраемся нападаць і
бамбіць гарады. Мы прыйшлі змагацца не з украінскім народам, а з
нацыяналістамі, ад рук якіх гінуць мірныя людзі. Аднойчы мы перамаглі фашызм і
не маем права здаваць пазіцыі».
«Паводзяць сябе як гаспадары жыцця»
Максім (імя змененае дзеля бяспекі) называе сітуацыю з прысутнасцю расіян у Мазыры жахам.
«Расіяне паводзяць сябе ў Мазыры як гаспадары жыцця. Каля
вёскі Бокаў Мазырскага раёна ў іх аэрадром і лагер, там іх вельмі шмат. Адзін
мясцовы гуляў там — дык яго спынілі расіяне, пачалі чапляцца: "Што ты тут
ходзіш, што ты тут робіш?". Акружылі яго і выклікалі КДБ. Яго везлі на допыт,
прыставіўшы да боку пісталет», — распавёў жыхар Мазыра.
Ён кажа, што ў затрыманага не знайшлі нічога, апроч падпіскі на нейкі тэлеграм-канал, таму «абышлося "суткамі"».
«Спяць у хлявах, не мыюцца, таму такі смурод ад іх»
«Натоўпы іх у крамах, ходзяць па барах. Чапляюцца да людзей. Адзін наш прыяцель мае доўгія валасы.
Дык да яго ў бары прычапіўся расійскі вайсковец. Маўляў, ты
чаго маеш такія доўгія валасы? У нас бы за такое забілі! Недзе там "у іх" — ці ў
Чувашыі, ці ў Забайкаллі.
Яшчэ такая адметнасць: ад іх моцна смярдзіць, па паху можна
зразумець, калі заходзіш у краму, што яны там. Бо, думаю, яны не мыюцца.
Камандзіры жывуць у нармальных умовах — у гатэлі "Прыпяць".
Салдаты — у лесе ў намётах і нават у хлявах. У вёсцы Прудок яны жывуць у хлявах
фермы.
Там спяць на дыванках. Можа таму і такі смурод ад іх», —
разважае Максім.
Ён кажа, што ў моргах Мазыра цяпер няма трупаў расіян — «іх
адразу грузяць і некуды вывозяць».
«Калі іх выносяць і вывозяць, то людзей не пускаюць у
прыёмны пакой. Яшчэ і ачапленне ставяць. Я не ведаю, хто гэта, яны ў цывільным.
Лекары нічога не распавядаюць, ім забаранілі. Ім нават сказалі, што калі хто
будзе цікавіцца, дакладваць кіраўніцтву», — дадаў мазыранін.
«Прадаюць нарабаванае ва Украіне і паліва»
Ілля (імя змененае) жыве ў Мазыры і штодзень бачыць расійскія самалёты ў небе, вайскоўцаў — на вуліцах роднага горада.
«Кіроўцы іх прадаюць дызельнае паліва — па 15 рублёў за
каністру. Яны вязуць "трафеі" з Украіны, нарабаванае, і прапаноўваюць на продаж
мясцовым жыхарам. Лядоўні, бытавую тэхніку, аўташыны — ды што толькі пад рукі
пападзецца», — кажа Ілля.
«Добрага нічога не скажу. Непрыемна, калі нашы дзяўчаты "з
невысокай сацыяльнай адказнасцю" гуляюць з імі. Не ведаю, дзе яны знаёмяцца —
ці на вуліцы, ці ў інтэрнэце. Бойкі ўчыняюць, калі п’яныя, у барах», — дадаў
мясцовы жыхар.
«У асноўным і шмат бяруць гарэлкі»
Шмат тэхнікі і расійскіх вайскоўцаў у Нароўлі. Тут таксама размешчаны палявы шпіталь. Параненым расіянам тут аказваюць першую дапамогу. Потым іх вязуць у Мазыр ці Гомель. Трупы адпраўляюць у Расію.
«Палявы шпіталь ахоўваюць звонку расійскія салдаты. Пэўна,
каб ніхто не фатаграфаваў. Туды лятаюць верталёты ў асноўным. Шмат іх кружляе і
над Нароўляй, прычым лятаюць вельмі нізка», — кажа жыхар Нароўлі.
Ён заўважыў, што расіяне «ўдасканалілі» сваю тэхніку.
«Машыны "зашылі" бярвеннем, зверху галінкі ляжаць, наварылі
на дзверы і на паліўны бак жалеззе — відаць, каб не прастрэлілі», — падзяліўся
назіраннямі жыхар раённага цэнтра.
Кажа, што падбітую расійскую тэхніку рамантуюць у Нароўлі.
«У краме стаў сведкам — расіянін набраў гарэлкі і віна, а картка не працуе. Пайшоў, паставіў усё назад. Але большасць купляе ўсё. У асноўным і шмат бяруць гарэлкі. Таксама "снікерсы", "ролтаны", цыгарэты», — дадаў жыхар Нароўлі.