«З крыкамі «ўперад» білі затрыманых кулакамі, каленямі, дручкамі»

Гэта сведчанне Паўла Цвярскога, 28-гадовага жыхара Магілёва, якое апублікавала Радыё Свабода.

Павел з бацькам Сяргеем Мікалаевічам. Фота Радыё Свабода

Павел з бацькам Сяргеем Мікалаевічам. Фота Радыё Свабода

«10 жніўня ўвечары я ўдзельнічаў у шэсці і пікетаванні, пратэстуючы супраць вынікаў выбараў. Затрымалі мяне каля кінатэатру «Радзіма» пасля 20-й гадзіны. Пры затрыманні са спіны спрабавалі зрабіць душыльны захоп, ад якога я здолеў абараніцца, прыціснуўшы падбароддзе да грудзіны. Я паказаў супрацоўніку АМАП, што не супраціўляюся, а ён адказаў: «Я цябе не б’ю».

Мяне завялі ў машыну асабовага складу разам з яшчэ чатырма затрыманымі. Аднаму зрабілася кепска. Ён паваліўся на падлогу, але міліцыянты ў масках не аказвалі яму ніякай дапамогі. Тады я павярнуў яго на бок, каб ён не прыкусіў язык і не разбіў галавы. Затым гэты чалавек пачаў кашляць, задыхацца, а амапаўцы пхалі яго ў адзіночную камэру аўтазаку. Неўзабаве яго выцягнулі і, відаць, панеслі ў «хуткую дапамогу».

У аўтазаку нас вазілі з паўгадзіны па горадзе, збіраючы іншых затрыманых. Аднаго з іх аглушылі некалькімі ўдарамі дручка да страты прытомнасці, бо супраціўляўся. Ачуняўшы, ён прасіў мяне паглядзець, што ў яго з галавою. На ёй былі два вялізныя гузакі. Калі прывезлі ў Ленінскі аддзел міліцыі, то ён надта цяжка хадзіў і яму два супрацоўнікі дапамаглі спусціцца з аўтазаку.

Для астатніх супрацоўнікі арганізавалі «прагон» на трэці паверх у спартовую залю. Міліцыянты ў масках стаялі на лесвічных пралётах і з крыкамі «ўперад» білі затрыманых кулакамі, каленямі, дручкамі. У адной руце ў мяне быў заплечнік, а другой я прыкрываў патыліцу і цягліцы напружваў, дык мне ня дужа перапала. У залі паклалі чалавек сорак-пяцьдзясят на падлогу ў позе «эмбрыёну». Так пратрымалі хвілінаў з дваццаць, а потым дазволілі выцягнуць ногі. Чалавеку побач на рукі начапілі кайданкі, ён доўга стагнаў і прасіў расслабіць іх.

Скажу наперад, што пабіццё я не фіксаваў, бо знакі за час зняволення сышлі.

Псіхалагічны прэсінг пачаўся, калі апісвалі рэчы і афармлялі справы. Міліцыянты здзекаваліся. Хлопца, у якога былі на руцэ бел-чырвона-белыя стужкі, усяляк зневажалі, пагражалі праблемамі для маці. Мне было лягчэй, бо я падрыхтаваўся. Міліцыянт сядзеў разваліўшыся, з выклікам, гаварыў на «гоп-языке», як бандыт. «Ну, давай апраўдвайся, — звяртаўся да мяне, — што ты проста міма гуляў і ні ў чым ня ўдзельнічаў, а я паслухаю твае апраўданні». Калі я папрасіў яго назвацца і агучыць падставы для допыту, то другі міліцыянт мне стаў пагражаць зняволеннем…

Дакументы аб затрыманні канчаткова аформілі 11 жніўня каля 1-й гадзіны ночы. Потым пяць гадзінаў трымалі ў аўтазаку на тэрыторыі ізалятару, які, паводле міліцыянтаў, быў перапоўнены. Умовы жахлівыя: душна, цесна. Добра, хоць ваду давалі і выводзілі ў прыбіральню. Спаць можна было толькі ўпёршыся галавою ў сценку, седзячы. У аднамеснай камэры аўтазака было па двое затрыманых і яны маглі толькі стаяць…

Нас размясцілі ў турме № 4. Умовы прымальныя. Суд быў у турме. Справу разглядала судздзя Ленінскага раёну Панасенка. Гэта быў не суд, а судзілішча. Працэс не даўжэйшы за 10 хвілінаў. Усе мае хадайніцтвы судздзя не задаволіла. Я патрабаваў патлумачыць мае правы, азнаёміцца з матэрыяламі справы, дапусціць на працэс абаронцу, майго бацьку. Яна сказала, што не можа правесці цывільную асобу на тэрыторыю рэжымнага аб’екту. Адмовіла ў правядзенні працэсу ў будынку суда.

Мне далі 15 содняў. Сваёй віны не прызнаў. У матэрыялах справы не было ніводнага доказу, які пацвярджаў бы мой удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Быў толькі рапарт супрацоўніка міліцыі. Не было нават пазначана, хто мяне затрымліваў. Адседзеў 4 дні. Цяпер абскарджваю рашэнне Панасенкі ў абласным судзе.

Масавыя затрыманні — гэта была акцыя запалохвання грамадзян, каб яны паслухмяна выконвалі незаконныя патрабаванні злачыннай арганізацыі, якая захапіла ўладу».