Дзеці часцей становяцца ахвярамі сэксуальных злачынстваў (інфаграфіка)
За апошні час агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў, учыненых дарослымі асобамі ў дачыненні да непаўнагадовых, скарачаецца. Аднак, калі разглядаць асобныя паказчыкі, значна ўзрасла колькасць злачынстваў сэксуальнага характару.
![zlacynstvy_nad_dziecjmi_nc.jpg zlacynstvy_nad_dziecjmi_nc.jpg](/img/v1/news/full/zlacynstvy_nad_dziecjmi_nc.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, за апошнія пяць гадоў агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў, учыненых дарослымі асобамі ў дачыненні да непаўналетніх, скарацілася з 9 335 выпадкаў у 2010 годзе да 7 043 выпадкаў у 2014 годзе. У асноўным скарачэнне агульнай колькасці злачынстваў адбылося за кошт скарачэння злачынстваў, звязаных з «уцягваннем непаўнагадовых у здзяйсненне злачынстваў і ў антыграмадскія паводзіны» (з 272 у 2010 годзе да 66 выпадкаў у 2014 годзе) і «ўхіленнем бацькоў ад утрымання дзяцей» (з 8 100 у 2010 годзе да 6 547 выпадкаў у 2014 годзе).
У сваю чаргу значна павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з «палавымі зносінамі і іншымі дзеяннямі сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту» — з 61 выпадку ў 2010 годзе да 84 выпадкаў у 2014 годзе. Пры гэтым варта адзначыць, што пік такога кшталту злачынстваў прыйшоўся на 2013 год, калі іх колькасць дасягнула 147 выпадкаў.
Акрамя таго, больш чым у тры разы павялічылася колькасць злачынстваў, звязаных з «распуснымі дзеяннямі». Калі ў 2010 годзе было зарэгістравана 10 такіх выпадкаў, то ў наступныя гады гэтая лічба расла і дасягнула 33 выпадкаў у 2014 годзе.