Беларусь, якая чакае. Зімовыя цуды

Вось зараз мы ўпэўненыя, што нас чытаюць на самым-самым версе, існаванне якога некаторыя адмаўляюць. Ну, а як яшчэ можна патлумачыць, што літаральна праз некалькі дзён пасля мінулай нашай вандроўкі надвор’е выправілася і зрабіла аматарам сапраўднай зімы шыкоўны падарунак у выглядзе сонца, снегу і марозу? Таму мы, не чакаючы світанку, ужо ў дарозе, бо наперадзе мусіць быць цудоўны зімовы дзень.

_belarus_zima_krajavidy_pracjah_2024_fota_novy_czas__2__logo.jpg


З гораду выехалі яшчэ на досвітку, калі сонца толькі-толькі пафарбавала ў светлыя адценні гарызонт на ўсходзе, і накіраваліся ў адно прыгожае месца, пра якое пазней. Праз нейкі час, збочыўшы з буйной шашы на мясцовую дарогу, мы пачалі адчуваць, што настрой хуценька імкнецца долу, бо навокал была толькі сіняя шэрань. Моцны халодны туман крышталізаваў галіны хмызняку, вісеў у паветры і досыць адчуваўся ўсім арганізмам. Бачнасць мінімальная — ну і дзе гэтая абяцаная празрыстасць паветра і чароўныя ранішнія краявіды?

Праз колькі хвілінаў нам стала сорамна. Не, натуральна! Беларусу ж трэба ўсё як абяцана і, канешне ж, адразу, а вось пачакаць трошкі — гэта ўжо не тое! Пачаўся світанак, і настрой пачаў таксама шпарка ляцець дагары. Сонечны свет дбайна і акуратна прымушаў туман прыбрацца і мяняў колеры наваколля літаральна штосекунду. 

Мы так захапіліся гэтымі цудоўнымі краявідамі, што ледзьве не забыліся аб першай кропцы нашай вандроўкі. Едзем да руінаў касцёла Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дубраву — невялікае мястэчка Маладзечанскага раёна. Лепшай кропкі для сустракання світанку складана ўявіць — касцёл стаіць на пагорку, і вельмі добра бачна, як узыходзячае сонца пакрысе агортвае сваімі промнямі касцёл і навакольныя хаты.

Ледзьве пераводзячы дух ад неверагоднай прыгажосці, вяртаемся да касцёла. Ён мае вельмі багаты на падзеі і не меней трагічны лёс. Даследнікі не маюць адзінай думкі наконт пачатку гісторыі касцёла — хтосьці кажа аб будаўніцтве 1453 года шляхціцамі Глябовічамі, іншыя трымаюцца версіі заснавання касцёла ў 1522 годзе па фундацыі Яна Радзівіла, а трэцяе меркаванне — 1553 годзе. Але дакладна, што новы касцёл тут быў пабудаваны Мікалаем Радзівілам Сіроткам у 1576 годзе. Падчас шматлікіх войнаў касцёл некалькі разоў быў пашкоджаны, а пасля пажару ў 1787 годзе згарэў дашчэнту.

Але ўжо на пачатку студзеня 1796 года пачалося будаўніцтва новага цаглянага касцёла за сродкі Адама Хмары — мінскага ваяводы і тагачаснага ўладара мястэчка. Праз некалькі год будаўніцтва скончылася, і ў 1805-м касцёл быў асвечаны мінскім біскупам Якубам Дэдэркам. Пасля паўстання 1863-1864 гадоў касцёл закрылі, у 1868-м перадалі праваслаўным, а 1884 яго значна перабудавалі. Каталікам касцёл вярнулі толькі ў 1919 годзе. Падчас Другой сусветнай вайны ксёндз Эдвард Мурончык дапамагаў габрэям, але напрыканцы 1942 года быў забіты ці то паліцаямі, ці то партызанамі — звесткі супярэчлівыя, і пахаваны побач з касцёлам. У 1948 годзе касцёл закрылі і аддалі дубраўскаму спіртзаводу, а ў 1980-м нейкія студэнты распалілі вогнішча на даху і ад касцёла засталося толькі тое, што мы сёння бачым...

Заўважце, як цікава касцёл выглядае знутры на світанку! Нібыта святло вогнішчаў усіх пажараў і войнаў прабіваецца скрозь рэшткі вокнаў і нешта спрабуе нам распавесці.

У 1895 годзе Дубрава перайшла да сваіх апошніх гаспадароў — Ваньковічаў. Да нашых часоў не дажыў іх маёнтак, але захаваліся будынак бровару і вадзянога млыну праз дарогу. У пабудаваным з бутавага каменю бровары да 1997 года працаваў спіртзавод. Будынкі добра захаваліся і, магчыма, мы яшчэ аб іх штосьці пачуем.

З’язджаем з Дубравы, калі раніца ўжо ўпэўнена авалодала наваколлем, чароўныя пейзажы абапал дарогі прымушаюць нас спыняцца літаральна кожныя 5-7 хвілін. Прагноз не схлусіў — надвор’е насамрэч казачнае, як і краявіды. Такога больш нідзе на пабачыш — дакладна вам кажам!

Паглядзіце, як туман неахвотна хаваецца ў лясным гушчары, але сонца не пакідае яму аніводнага шанца. А памятаеце нашу мінулую гаворку аб адзінокім дрэве ў полі? Канешне ж, мы яго зноўку знайшлі!

Па дарозе да нашага чарговага пункту прызначэння мы не здолелі праехаць міма магілы шматпакутнага і шматпрыгадваемага ў апошнія часы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. На жаль, да самой магілы патрапіць не здолелі, бо плот вакол могілак і брамка шчыльна завалены снегам. Не будзем парушаць спакой гэтага месца, ушануем памяць вялікага пісьменніка на некаторай адлегласці.

Праз чароўную алею зімовых дрэваў трапляем у Івянец. Ніяк немагчыма абмінуць прыгожы касцёл Святога Аляксея, які ўзімку выглядае вельмі эфектна і ўрачыста. Пасля паўстання 1863-1864 гадоў у Івянцы былі закрыты абодва касцёлы — Троіцкі і Святога Міхаіла, таму набажэнствы, нават часам употай, праходзілі ў невялічкай драўлянай каплічцы на каталіцкіх могілках. Толькі на пачатку ХХ стагоддзя царскія ўлады далі дазвол на будаўніцтва новага касцёла, але толькі на месцы старой каплічцы. Новы храм быў асвечаны 3 снежня 1907 года. З 1947 па 1988 гг. касцёл быў зачынены, і толькі ў 1989 г. асвечаны нанова. Мясцовы жыхар, які працаваў у двары, ветліва запрасіў нас наведаць храм і мы, канешне ж, не адмовіліся.

Наш далейшы маршрут праходзіць праз Івянец далей па Валожыншчыне ў вельмі прыгожае і цікавае месца. І зноўку немагчыма не спыняцца, каб насалодзіцца цудоўным зімовым днём і прыгажэйшымі беларускімі лясамі!

Нягледзячы на прыгажосць і казачнасць сённяшняга дня зіма троху нагадала аб сваіх асаблівасцях, але мы былі гатовыя, і снежныя перашкоды амаль па пояс паспяхова пераадолелі. Мы ля руінаў маёнтка Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае. Хтосьці пазначае гэтае месца як паляўнічы дом, хтосьці кажа аб ім як аб маёнтку, але ўсе гэтыя назвы аднаго месца трапныя, бо пачынаўся маёнтак з драўлянага паляўнічага доміка, які пабудаваў Міхал Тышкевіч. Усе Тышкевічы захапляліся паляваннем, а мясцовыя лясы былі багатыя на ласёў, дзікоў і іншую здабычу.

Ужо пазней Бенедыкт Тышкевіч пасля пажару будуе маёнтак з камення і нават абсталюе ў ім першую ў Беларусі фоталабараторыю з інтэр’ернымі залямі і пакоямі для грыму. Каля 100 фотаздымкаў Бенедыкта Тышкевіча цяпер знаходзяцца ў музеі фатаграфіі Нісэфора Н’епса ў Францыі. А ўнук Бенедыкта, Ян Тышкевіч у 1892 годзе заснаваў у Вялым яшчэ і першы ў Беларусі звярынец плошчай каля 400 гектараў. Тут госці маглі ўбачыць аленяў, ласёў, дзікоў, мядзведзеў. Абедзве сусветныя вайны пакінулі маёнтак Тышкевічаў такім, якім мы сёння яго бачым, ну і мясцовыя жыхары яшчэ шмат чаго расцягалі на цэглу. Спадзяемся, што такі выдатны і каштоўны помнік калісьці будзе адноўлены.

Якім бы ні быў казачным і цудоўным сённяшні дзень, але варта збірацца дадому. Так ужо карціць пачаць разбіраць сённяшнія фатаграфіі, але мы стрымліваемся і выконваем правілы дарожнага руху, бо нам яшчэ хочацца доўгі час вандраваць па нашай любімай краіне. Як заўсёды, чакаем вашых прапановаў дзеля далейшых кірункаў. Напрыканцы традыцыйна — яшчэ крышачку прыгажосці!


Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.