201-шы дзень вайны. Як прасоўваецца ўкраінскае контрнаступленне (абноўлена)

Верагоднасць наступу на Данецк, абстрэлы ды іншае.

1662961556_7366.jpg

***
У МАГАТЭ пракаментавалі ўдары расійцаў па атамных электрастанцыях. Там лічаць, што сітуацыя пакуль не крытычная.
«Паколькі гэтае пытанне стала такім патэнцыйна сур'ёзным, то мы ажыццяўляем маніторынг сітуацыі на кожнай атамнай электрастанцыі. На дадзены момант мы не ўбачылі ці не былі праінфармаваныя пра крытычную сітуацыю на іх», — адзначыў кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі Рафаэль Гросі. Супрацоўнікі агенцтва «ўважліва сочаць за сітуацыяй».
*** Харкаў зноў пад ракетным абстрэлам. Як паведамляе мэр горада Ігар Церахаў, пад ударам аказаўся Немышлянскі раён — расійцы абстрэльваюць жылы масіў. Інфармацыя пра ахвяр і разбурэнні ўдакладняецца. Раней сёння былі абстраляныя Аснавянскі і Кіеўскі раёны Харкава, у выніку шэсць чалавек атрымалі раненні, загінуў 37-гадовы мужчына. Горад зноў застаўся без святла і вады.
*** Помсцячы за адступленне з украінскіх тэрыторый, расійцы працягваюць абстрэльваць гарады з РСЗА і авіяцыяй. Генштаб УСУ Украіны паведамляе, што за мінулыя суткі акупанты нанеслі 5 ракетных і 10 авіяцыйных удараў, каля двух дзясяткаў разоў абстралялі тэрыторыю Украіны з ракетных сістэм залпавага агню. Пад удар трапілі каля 13 населеных пунктаў, у многіх пашкоджаная грамадзянская і вайсковая інфраструктура, ёсць ахвяры.
*** Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю CNN заявіў, што не пагодзіцца ні на які варыянт «мінскіх пагадненняў». «"Мінск" — гэта пустая паперка для таго, каб даць адпачыць Расіі перад наступным уварваннем», — сказаў ён.
Галоўнай мэтай цяперашняга контрнаступлення УСУ Зяленскі назваў дэакупацыю Украіны.
Уначы акупанты ўдарылі па прыватным сектары і перынатальным цэнтры ў Краматорску.
Пра гэта паведамляе Краматорскі гарсавет са спасылкай на мэра горада Аляксандра Ганчарэнку.
«Краматорск ноччу зноў быў пад агнём. Расійцы білі ракетамі па прыватным сектары і перынатальным цэнтры», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, раней жонка прэзідэнта Украіны Алена Зяленская паказала 11-гадовую дзяўчынку Яну, якая страціла абедзве нагі і вучыцца хадзіць на пратэзах. Дзіця патрапіла пад абстрэл акупантаў на чыгуначным вакзале падчас эвакуацыі з Краматорска.
Яна і яе сям'я патрапіла пад абстрэл на вакзале ў Краматорску. Маці дзяўчынкі страціла нагу, дзіця — абедзве. Цяпер сям'я Сцепаненка скарысталася праграмай пратэзавання ў ЗША.
У выніку абстрэлу Новабаварскага раёна Харкава загінуў адзін чалавек, двое — пацярпелі.

1662961555_9493.jpg

Пра гэта ў сваім Telegram-канале паведаміў мэр Харкава Ігар Церахаў.
«Абстрэл жылога дома ў Новабаварскім раёне. На гэты момант вядома аб адным загінулым і двух пацярпелых. Сам дом часткова разбураны», — расказаў ён.
Па словах Церахава, водазабеспячэнне ў Харкаве ноччу было адноўлена, а метро і наземны электратранспарт працуюць у штатным рэжыме.
11 верасня падчас паветранай трывогі ў некалькіх абласцях прагучалі выбухі. У выніку расійскіх нападаў былі цалкам абясточаны Харкаўская і Данецкая вобласці, часткова — Запарожская, Днепрапятроўская і Сумская.
У Сумскай, Днепрапятроўскай і Палтаўскай абласцях удалося цалкам аднавіць электразабеспячэнне.
Пазней стала вядома, што расійскія захопнікі нанеслі ўдар па Харкаўскай ЦЭЦ. У многіх раёнах горада знікла святло і вада. У сетцы паведамлялі, што ў Харкаве спынілася метро.
Кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў аб гібелі работніка прадпрыемства. На іншым аб'екце ў Чугуеўскім раёне мужчына атрымаў выбухную траўму.
За суткі ўкраінскія вайскоўцы выцеснілі ворага з больш як дваццаці населеных пунктаў, працягваецца ўзяцце іх пад поўны кантроль.
Пра гэта гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ па стане на 6:00.
Так, адзначаецца, сілы абароны адбілі атакі суперніка непадалёк Маёрскай і Краснагораўкі, а ў раёнах Мікалаеўкі Другой і Зайцава баі працягваюцца.
«Пасля ўдалых дзеянняў, праведзеных сіламі абароны на Херсонскім напрамку, вораг панёс значныя страты ў жывой сіле. Па наяўнай інфармацыі, 810 асобная брыгада марской пяхоты (пункт пастаяннай дыслакацыі — горад Севастопаль) страціла амаль 85% асабовага складу. У астатніх ваеннаслужачых вельмі нізкі маральна-псіхалагічны стан, яны масава адмаўляюцца ад вяртання ў зону вядзення баявых дзеянняў», — гаворыцца ў зводцы.
У Херсоне на досвітку прагрымелі выбухі. Паведамляюць пра пажар на Паравознай, дзе знаходзяцца казармы акупантаў.
У той жа час данецкія выданні пішуць пра гатоўнасць контрнаступу Узброеных сіл Украіны на горад.
Ноччу ў расійскім Белгарадзе гарэла нафтабаза.
На ўскраінах Лісічанска ідуць цяжкія баі.

d5d6f18b_4ec9_4a5b_b92d_aa6f5accde36.jpg