Алесь Чахольскі: Для вяртання Канстытуцыі-1994 рэферэндум не патрэбны
Сама пастаноўка пытання аб рэферэндуме па вяртанні Канстытуцыі 1994 года незаконная, паколькі са зменай улады Канстытуцыя вяртаецца аўтаматычна, гаворыць адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі. Затое рэферэндум можа пагражаць стратай незалежнасці Беларусі.
Алесь Чахольскі распавёў «Новаму Часу» пра свае перасцярогі адносна сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў.
— Чаму вы бачыце небяспеку ў прапанове Віктара Бабарыкі правесці рэферэндум?
— Дзяржаўны пераварот пачаўся ў ноч з 12 на 13 красавіка 1995 года, калі ў Вярхоўным Савеце былі збітыя дэпутаты апазіцыі ВС 12 склікання і ўведзеныя войскі. Рэферэндум 1996 года і далейшыя — незаконныя, бо напрацягу 25 гадоў краінай кіруе нелегітымны кіраўнік і ў нас няма заканадаўчага органа. Палата прадстаўнікоў не з’яўляецца заканадаўчым органам. Таму першы законна абраны прэзідэнт ці парламент адменіць усе гэтыя незаконныя рэферэндумы і ўвядзе ў дзеянне Канстытуцыю 1994 года. Ніякіх рэферэндумаў для гэтага праводзіць не трэба.
Цяпер шмат у кім гавораць эмоцыі, а не розум. Але мы гэтую сітуацыю ўжо праходзілі ў 1994 годзе, калі было «хто заўгодна, абы не Кебіч». І нам падсунулі Лукашэнку.
Масква ўсё пралічвае на некалькі крокаў наперад. Лукашэнка, як і Кебіч, ужо адыграная карта. Хаця яго могуць і пакінуць, але доўга гэта цягнуцца не будзе, бо ён страціў электаральную падтрымку.
Калі прэзідэнтам стане Бабарыка, то галоўная небяспека ў тым, што рэферэндум па вяртанні Канстытуцыі 1994 года — гэта толькі затраўка. Праз гэты рэферэндум мы страцім незалежнасць краіны.
— Якім чынам гэта можа адбыцца?
— Будуць унесеныя розныя завуаляваныя пытанні, і людзі, якія ў гэтым не арыентуюцца, прагаласуюць. Як рабіў Лукашэнка: рэферэндум 1996 года быў кансультацыйным, ён проста правёў апытанне. А потым узяў і зацвердзіў яго.
— Але ж мы пакуль не ведаем, якія пытанні будуць выносіцца на рэферэндум.
— Сама пастаноўка пытання аб рэферэндуме па вяртанні Канстытуцыі 1994 года незаконная, таму што яна, Канстытуцыя, вяртаецца аўтаматычна. Пра гэта кажа і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў: які можа быць рэферэндум, калі ўсё, што зрабіў Лукашэнка, незаконна? У людзей, якія гавораць пра рэферэндум, ёсць пэўныя мэты: яны хочуць, каб наша краіна канчаткова пераўтварылася ў расійскую калонію.
— Калі гэта — план Масквы, ці не прасцей было проста давесці да канца справу з дарожнымі картамі паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі? Навошта выдумляць складаныя камбінацыі пад выбары?
— Справа ў законнасці. Напрацягу ўсіх гэтых гадоў Расія магла б нас захапіць сілавымі метадамі. Але гэта не было б прызнана міжнароднай супольнасцю. Узгадайце акупацыю Расіяй краін Балтыі — яна не была прызнаная міжнароднай супольнасцю, так і засталася акупацыяй. Прыйшоў час — і яна была адмененая. У нашай жа краіне няма легітымнай улады. А для Расіі важна захапіць Беларусь легітымна.
— Вы думаеце, што пытанне легітымнасці хвалюе Расію? А як жа сітуацыя з Крымам і Данбасам?
— Адносна Беларусі іх хвалюе гэтае пытанне. Калі Расія сюды сунецца, яна атрымае супраціў. У Беларусі вырасла пакаленне людзей, хоць ва ўмовах дыктатуры, але пры незалежнасці. Людзі цяпер выходзяць на вуліцы за тое, каб Беларусь была вольнай дэмакратычнай краінай.
— Але людзей цяпер паднялі альтэрнатыўныя кандыдаты — Ціханоўскі і Бабарыка.
— Лакаматывам гэтага пратэста ўсё ж з’яўляецца Ціханоўскі. Людзі аўтаматычна падпісваліся за Бабарыку і Цапкалу пасля таго, як выйшлі падпісацца за Святлану Ціханоўскую. Гэты чалавек паказаў праўду і тое, што выбараў няма. Магчыма, у яго напачатку была пэўная роля, але яго на самым узлёце пасадзілі, бо паступова на яго пікетах стаў уздымацца бел-чырвона-белы сцяг, загучалі пэўныя лозунгі, сталі казаць, што выбараў няма.
— Гэта таксама быў план — пасадзіць Ціханоўскага і змяніць кіраўніка лакаматыва на Бабарыку?
— Бабарыку пачалі раскручваць з 2017 года, мы гэта аналізавалі, хадзілі на яго лекцыі, і ўсё тады стала зразумела. Паверце, за тры дні 10-тысячная ініцыятыўная група не збіраецца. Я сам 30 гадоў у палітыцы, займаюся арганізацыйнымі справамі, і я ведаю, што гэта такое. Мы цяпер даведваемся, што каардынатарам ініцыятыўнай групы Бабарыкі па Магілёўскай вобласці з’яўляецца былы намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Дудараў. У Віцебску сябра ініцыятыўнай групы — палкоўнік, ідэолаг абласной віцебскай міліцыі, былы начальнік Першамайскага РАУС Віцебска. Яго жонка — суддзя, якая судзіла нашага героя Сяргея Каваленку (у 2010 годзе вывесіў на навагодняй елцы ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг. — НЧ.), а таксама іншых людзей, якія выступалі за незалежнасць Беларусі. Інга Хрушчова, якую я персанальна ведаю. Усе яны раптам захацелі пераменаў? Ніколі я ў гэта не паверу.
Таму я кажу, што гэта ўсё рыхтавалася заранёў Масквой, якая ніколі не кладзе яйкі ў адзін кошык і пралічвае ўсе хады. У нас працуюць больш за восем упраўленняў ФСБ, агентура, наш КДБ — мясцовая філія ФСБ. Калі казаць пра Цапкалу, — ён выпускнік МДІМА, а гэта — разведка. Вы паглядзіце, як акуратна яго вядуць, ён нідзе не высоўваецца.
— Чаму тады Масква не рэагуе на пасадку Бабарыкі і лічыць нязначным разгром «Белгазпрамбанка»? Бо ў запасе ёсць Цапкала?
— Масква яшчэ не прыняла канчатковага рашэння, каго хоча бачыць тут прэзідэнтам. Калі застаецца Лукашэнка, гэтыя выбары не прызнаюць, і застаюцца толькі штыкі. Ёсць Бабарыка. Каб ён не стаў прэзідэнтам, павінна адбыцца адна з дзвюх рэчаў: альбо нерэгістрацыя, альбо яго павінны асудзіць да 9 жніўня. Можа быць прынята такое рашэнне, што Бабарыка наўпрост з турмы ўедзе ў прэзідэнцкі палац. Але пакуль што ўсё аналізуюць, глядзяць на рэакцыю грамадства. З Лукашэнкам яны запланавалі адно, з Бабаркам — другое, з Цапкалам — трэцяе.
Цяпер усю ўвагу пераключылі на Бабарыку, калі ў той жа час людзей катуюць на Акрэсціна. Вось пра што трэба гаварыць — гэтых людзей забіваюць! Я сядзеў там 15 сутак і ведаю, што гэта такое. А ў тых умовах, якія там цяпер стварылі, гэта называецца забойства. У сувязі з гэтым я б хацеў пераключыцца на міжнародны аспект. Мы ўсе ўбачылі рэакцыю Еўропы, за выключэннем некаторых асобных палітыкаў, якія выказваюць абурэнне — дзякуй ім за гэта. Але няма жорсткай рэакцыі Еўразвязу, ЗША. Яны ўсе «заклапочаныя». Цяпер трэба заняць жорсткую пазіцыю: санкцыі не толькі супраць Лукашэнкі, а і супраць усіх сяброў участковых камісій і іх дзяцей — бо павінна быць адказнасць.
— Ці спрабуе неяк дагрукацца да заходніх палітыкаў КХП БНФ?
— Вельмі вялікую працу праводзіць старшыня партыі Зянон Пазьняк. Ён правёў вялікую колькасць сустрэч, нягледзячы на каронавірус, выходзіць на еўрапейскіх палітыкаў. Не ўсё агучваецца. На кожную з’яву, што адбываецца ў Беларусі, ёсць палітычная заява — вы ўсё гэта ўбачыце, калі зойдзеце на сайт партыі.
Але хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў: трэба гуртавацца і спадзявацца на сябе, бо падтрымліваюць толькі моцных. Мы павнны сказаць, што выбараў у Беларусі няма, калі ёсць Лукашэнка і Ярмошына. Таму не стварайце масоўку — не хадзіце на выбарчыя ўчасткі. Але ўдзел у назіранні цяпер — абавязковы. Калі гэтыя выбары не адбудуцца, грамадства стане рыхтаваць новыя выбары. Будзе створаны Нацыянальны камітэт, які будзе рыхтаваць, у першую чаргу, парламенцкія выбары. Калі мы гэта зробім — усё атрымаецца. У 2017 годзе групай палітыкаў, эканамістаў, фінансістаў створана Народная праграма «Вольная Беларусь». У ёй адлюстраваны дзяржаўны лад, адміністрацыйны падзел, эканоміка, бяспека і г.д.
Пакуль нічога не магу сказаць пра Плошчу. Але і на гэта ў Масквы ёсць сцэнар. Цяпер вар’ят кажа, што ён будзе расстрэльваць людзей. Нашыя сілавыя структуры гэтага рабіць не будуць. Але ў радыусе 20 кіламетраў вакол Мінска і абласных цэнтраў ужо даўно ў прыватных катэджах адстаўных афіцэраў ГРУ ствараны базы ФСБ. Адной з філіяй з’яўляецца рэстаран «Поедем поедим». Таму ўчыніць правакацыю можна лёгка.
«Ля помніка Янку Купалу хацеў бы завяршыць гутарку словамі песняра — жыве Беларусь!»