Ці магчыма вярнуць Канстытуцыю 1994 года? Разбіраемся з экспертамі
Праз дзень пасля затрымання Віктара Бабарыкі ягоны штаб апублікаваў відэазварот. У ім патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты заклікаў ініцыяваць рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю. А за ўзор узяць Канстытуцыю 1994 года. Свабода запыталася ў экспертаў, наколькі рэальна рэалізаваць заклік Віктара Бабарыкі.
«Ставіць у такіх умовах пытанне рэферэндуму празмерна»
Былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў лічыць прапанову Віктара Бабарыкі піяр-акцыяй, накіраванай на мабілізацыю яшчэ большай колькасці выбарцаў і стварэнне электаральнай базы. Ён лічыць Канстытуцыю 1994 года адзінай законнай, бо рэферэндумы 1995, 1996 і 2004 гадоў, на ягоную думку, не мелі юрыдычнага статусу.
«Я лічу, што рэферэндум магчыма праводзіць толькі пасля таго, як будуць вядомыя вынікі выбараў. Калі будуць змены ў дэмакратычны бок, то трэба выносіць на рэферэндум іншае пытанне — не пра вяртанне да Канстытуцыі 1994 года, а пра змены ў яе. Калі Бабарыка пераможа на выбарах, то дастаткова будзе прынесці прысягу на падставе Канстытуцыі 1994 года і потым паводле яе жыць».
Пастухоў лічыць, што новаму кіраўніку дзяржавы трэба будзе ініцыяваць рэферэндум аб зменах у Канстытуцыі 1994 года і вынесці на яго, напрыклад, такія пытанні: змяншэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, узмацненне гарантыяў правоў і свабодаў грамадзян, адмена смяротнага пакарання, увядзенне пасады ўпаўнаважанага ў правах чалавека і гэтак далей. Цяпер, мяркуе Міхаіл Пастухоў, не той час і не тыя абставіны, каб ладзіць рэферэндум.
«Уся ўвага сканцэнтраваная на выбарах, на тым, што адзін з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі знаходзіцца за кратамі, фактычна яго вывелі з гульні, — мяркуе Пастухоў. — І ставіць у такіх умовах яшчэ пытанне рэферэндуму празмерна. Мы павінны праводзіць рэферэндум, калі сітуацыя ў краіне будзе больш-менш станоўчая. Думаю, гэта трэба рабіць новаму кіраўніку дзяржавы».
Былы суддзя дадае, што нават калі ўявіць, што рэферэндум можа быць арганізаваны, вырашаць пытанне пра яго правядзенне будуць дзейны кіраўнік дзяржавы і ЦВК:
«На мой погляд, няма надзеі на тое, што цяперашні склад ЦВК ці Лукашэнка пагодзяцца сказаць, што ён не мае больш улады згодна з Канстытуцыяй 1994 года».
«Гэта дзіцячыя пацешкі»
Юрыст Гары Паганяйла ўдзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі Беларусі 1994 года. Паганяйла лічыць, што варыянт рэферэндуму быў бы добрым у якасці прамежкавага. Але, кажа ён, каб гэта здзейсніць, патрэбны найперш дэмакратычна абраны парламент, які б прызнаў рэферэндум 1996 года неканстытуцыйным.
«І тады мы аўтаматычна вярнуліся б да Канстытуцыі 1994 года. Але ў сённяшніх умовах казаць пра гэта як пра логіку „што я зраблю, калі буду абраны прэзідэнтам“, — крыху папулізм, крыху заўчасна. Я лічу, што сёння ўсе сілы трэба кінуць на тое, каб змяніць уладу. А ўжо потым новы ўрад, новы склад парламенту, новы прэзідэнт маглі б абмеркаваць, што неабходна тэрмінова змяняць. Я як юрыст і дэмакратычна настроены чалавек падтрымліваю вяртанне Канстытуцыі 1994 года. Але праводзіць цяпер рэферэндум, вялікія арганізацыйныя, матэрыяльныя сілы траціць на тое, каб гэтым займацца, не маючы ў руках рэальнай улады, — гэта дзіцячыя пацешкі».
Ён мяркуе, што кандыдаты ў прэзідэнты, якіх зарэгіструюць, могуць прапаноўваць варыянты правядзення рэферэндуму ў сваіх праграмах: «Але прапаноўваць у рэальным выглядзе, пры якім можна было б гэта зрабіць нашмат хутчэй».
Гары Паганяйла нагадвае, што рэальная ўлада ў руках дзейнага кіраўніка дзяржавы.
«І сістэма ўлады, якую ён стварыў у Беларусі, можа абрынуцца толькі з падзеннем самога Лукашэнкі. Толькі тады можна было б праводзіць нейкія рэформы».
Паганяйла, як і Пастухоў, не верыць, што ўлады Беларусі дазволяць правесці рэфэрэндум.
«Для гэтага трэба, каб у руках тых, хто арганізуе, былі выбарчыя камісіі, пачынаючы ад Цэнтральнай і заканчваючы ўчастковымі. Для гэтага патрэбныя СМІ, якія будуць працаваць на гэтую ідэю. Патрэбныя прадстаўнікі ўлады на месцах, якія б дапамаглі грамадзянам асэнсаваць усю неабходнасць вяртання Канстытуцыі. А так добрую, светлую ідэю з нуля можна проста загубіць».
svaboda.org