Ангела Меркель хоча быць пасярэдніцай паміж Расіяй і Украінай

Былая канцлерка Германіі Ангела Меркель у інтэрв'ю расказала, што спрабавала прадухіліць вайну.

large_3.jpg


Экс-канцлерка Германіі Ангела Меркель адзначыла, што ў будучыні можа выступіць у ролі пасярэдніцы ў мірным урэгуляванні канфлікту паміж Расіяй і Украінай. Праўда, удакладніла, што проста цяпер гэтая тэма не абмяркоўваецца, піша «Meduza» са спасылкай на «Redaktions Netzwerk Deutschland» (RND).
У інтэрв'ю Меркель патлумачыла, што да сыходу з палітыкі ў 2021 годзе яна спрабавала прадухіліць вайну Расіі супраць Украіны. Але беспаспяхова.
— З аднаго боку, Пуцін больш не быў гатовы да саміту ў нармандскім фармаце. З іншага боку, я не атрымала поспеху ў тым, каб стварыць дадатковы дыскусійны фармат для Расіі і Еўропы аб парадку еўрапейскай бяспекі паралельна з нармандскім фарматам, — сказала яна.
Пры гэтым Меркель не думае, што Крэмль чакаў яе сыходу з пасады канцлера ФРГ, каб пачаць вайну ва Украіне. Яе адстаўка магла быць адным з фактараў — нароўні з «выбарамі ў Францыі, вывадам войскаў з Афганістана, стагнацыі ў рэалізацыі "Мінскіх пагадненняў"», мяркуе былая федэральная канцлерка.