Ці магчымы міжнародны трыбунал для рэжыму Лукашэнкі?

На гэтае пытанне «Радыё Свабода» адказвае выканаўчая дырэктарка найстарэйшай расійскай праваабарончай арганізацыі «Маскоўская Хельсінкская група» Святланай Астраханцава. МХГ — сябра Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі.

dsc08763_logo_1_1.jpg


Што азначае прыняцце Радай правоў чалавека ААН рэзалюцыі аб расследаванні і дакументаванні злачынстваў у Беларусі? Ці пагражае Беларусі ваеннае ўварванне Расіі для «падтрымання парадку»? Ці змогуць дэпартаваныя за пратэсты грамадзяне РФ вярнуцца ў Беларусь, дзе яны пражылі ўсё сваё жыццё?

«Пакуль наша МЗС не гатовае ўступацца за дэпартаваных расіян, разлучаных з сем’ямі»

Паводле даных беларускіх праваабаронцаў, сярод усіх іншаземных грамадзян, затрыманых за фактычны або меркаваны ўдзел у пратэстах 2020 года, больш за ўсё было менавіта грамадзян Расіі. Паводле атрыманай з МЗС Расіі інфармацыі, у Мінску з 9 жніўня па 31 кастрычніка было зафіксавана 126 выпадкаў прыцягнення расійскіх грамадзян па адміністрацыйным артыкуле 23.34 («Удзел у несанкцыянаванай акцыі»).
Частку гэтых людзей дэпартавалі з Беларусі, нягледзячы на тое, што тыя пражылі тут большую частку жыцця і маюць сем’і. Ці ёсць міжнародныя механізмы абароны правоў высланых расіян, каб яны маглі вярнуцца ў Беларусь? Бо, у адрозненне ад беларусаў, грамадзяне РФ могуць звяртацца ў Еўрапейскі суд у правах чалавека (ЕСПЧ).
— У дэпартаваных з Беларусі расіян, на жаль, няма іншых прававых механізмаў для ўз'яднання сямʼі, акрамя як самастойна звяртацца ў міграцыйнае ведамства Беларусі з просьбай адмяніць рашэнне аб дэпартацыі, — тлумачыць Святлана Астраханцава. — Афіцыйныя органы Расіі не маюць права ўплываць на міграцыйную палітыку Беларусі. Перспектыва звароту ў ЕСПЧ у сітуацыі, калі нехта з сямʼі дэпартаваны ў Расію, а астатняя сямʼя застаецца ў Беларусі, выглядае сумнеўнай. Так, сямʼя разлучаная, парушана права на павагу прыватнага і сямейнага жыцця, прадугледжанае Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека. Але на якую краіну ў гэтым выпадку скардзіцца? Расія не парушала Канвенцыю, а на Беларусь юрысдыкцыя ЕСПЧ не распаўсюджваецца. Тэарэтычна можна паспрабаваць дзейнічаць у межах Дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы, але я не ведаю такіх прэцэдэнтаў.
МХГ робіць запыты аб прычынах дэпартацыі, але станоўчага выніку пакуль няма. На гэты момант нам вядомыя толькі выпадкі ўз'яднання сямʼі на тэрыторыі трэціх краін — Літвы, Польшчы, якія першапачаткова прыязна настроеныя і імкнуцца, каб людзі пакутавалі менш. А ў Расіі такіх механізмаў няма. Наша МЗС пакуль не гатовае заступацца за дэпартаваных расіян, семʼі якіх засталіся ў Беларусі.

«Рэзалюцыя РПЧ ААН — важны крок»

На днях Рада правоў чалавека ААН (РПЧ) прыняла рэзалюцыю па Беларусі, якая запускае механізм расследавання і дакументавання злачынстваў супраць чалавечнасці ў нашай краіне. Вярхоўны камісар у правах чалавека ААН атрымлівае шырокі мандат паўнамоцтваў.
Акрамя таго, стала вядома, што пры падтрымцы Даніі, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі на базе арганізацыі «Dignity» запушчаны механізм для збору і захавання доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, якія могуць быць выкарыстаны для завядзення крымінальных спраў і прыцягнення вінаватых да адказнасці. Што азначаюць гэтыя ініцыятывы?
— Рэзалюцыя РПЧ ААН — важны крок, — лічыць Святлана Астраханцава. — Цяпер абедзве міжнародныя арганізацыі, у якіх удзельнічае Беларусь, запусцілі міжурадавыя маніторынгавыя механізмы — ААН праз РПЧ і АБСЕ праз «Маскоўскі механізм». Да гэтага не было падстаў чакаць ад міжнародных афіцыйных органаў нейкай прававой ацэнкі падзей у Беларусі. А цяпер гэтая ацэнка будзе сфармуляваная на самым высокім узроўні і стане асновай для будучага незалежнага судовага працэсу. Мяркуючы па ўсім, ініцыятыва Вялікай Брытаніі, Даніі і Нямеччыны дасць фактуру для выніковага даклада РПЧ ААН. Чым больш важкімі будуць выніковыя доказы, тым больш сурʼёзнымі будуць аргументы ў размове з цяперашняй уладай Беларусі.
Што тычыцца Міжнароднага трыбуналу над рэжымам Лукашэнкі, на думку эксперта, ён сумнеўны.
— Ацэньваючы перспектывы стварэння Міжнароднага трыбуналу па Беларусі, дастаткова паглядзець на прыклад Сірыі, падзеі ў якой адназначна патрабуюць склікання гэтага органа міжнароднага правасуддзя. Але яго пакуль няма.
Есць яшчэ Міжнародны крымінальны суд у Гаазе (МКС), які таксама можа разглядаць злачынствы супраць чалавечнасці. Але ў яго кампетэнцыю ўваходзяць толькі злачынствы, якія былі ўчыненыя альбо на тэрыторыі дзяржавы-ўдзельніцы (якая ратыфікавала Рымскі статут), альбо грамадзянінам краіны-ўдзельніцы. А Беларусь не з'яўляецца ўдзельніцай МКС. У гэтага прынцыпу ёсць два выключэнні: рэзалюцыя Рады Бяспекі ААН або адпаведная заява самой дзяржавы, якая не з'яўляецца ўдзельніцай, але хоча перадаць у МКС разгляд канкрэтнага злачынства. Але калі гэта і адбудзецца, то ў аддаленай перспектыве, — лічыць праваабаронца.

Сілавікі — закладнікі закрытасці і аднабокіх установак

Святлана Ціханоўская абвясціла аб пачатку палітычнай вясны, аднак замест першых масавых акцый у Мінску пабачылі жорсткія затрыманні соцень мінакоў.
«Маскоўская Хельсінкская група» спрабавала арганізаваць перамовы з расійскімі сілавікамі. Нават адбыўся круглы стол з паліцыяй у 2019 годзе — пасля жорсткіх разгонаў мірных пратэстаў падчас выбарчай кампаніі ў Маскоўскую гарадскую думу.
Святлана Астраханцава падзялілася сваёй думкай аб здольнасці сілавога блоку да перамоў.
— У Расіі максімальную жорсткасць на мітынгах праяўляе хутчэй не паліцыя, а Расгвардыя, якая падпарадкоўваецца непасрэдна прэзідэнту. Гэта ў асноўным былыя амапаўцы. З імі вельмі цяжка размаўляць. Таму што, па-першае, іх да гэтай размовы нішто не абавязвае. У паліцыі хоць бы ёсць грамадскія рады, паводле закону служба абавязаная адказваць на запыты грамадскасці, рэагаваць на крытыку, што і дазволіла нам правесці тады круглы стол. А ў Расгвардыі такога абавязку няма.
Па-другое, расгвардзейцы праходзяць спецыяльную псіхалагічную падрыхтоўку. Усе, хто выходзіць на мірную акцыю, для іх злачынцы, «якія разгойдваюць сітуацыю», «якія, калі іх не спыніць, не пашкадуюць ні вас, ні вашых дзяцей».
У іх дакладная ўстаноўка: калі акцыя несанкцыянаваная, значыць, яе трэба спыніць. І кожны раз пад гэтым лозунгам праваахоўныя органы самі ж правакуюць беспарадкі. У людзей ёсць пачуццё ўласнай годнасці, і, калі іх проста так бʼюць дубінкай, не ўсе могуць стрымацца. Гэта гвалт у адказ. Заступіцца за жанчыну, якую цягнуць за валасы ў аўтазак, за пажылога чалавека, якога ўдарылі дубінкай — гэта нармальная чалавечая рэакцыя. Адрэфлексаваць, што дубінку занёс чалавек, якога нельга чапаць, не ва ўсіх атрымліваецца. Таму самім сілавікам трэба мяняць тактыку працы на мітынгах — з кантактнай на некантактную.
Нешта зрабіць з іх устаноўкамі можна толькі праз асвету, праз тлумачэнне іншага пункту гледжання на мірны пратэст: што гэта канстытуцыйнае права грамадзян і форма выказаць свае думкі тады, калі ўлада па-іншаму не чуе. Але гэта складана данесці, калі другі бок закрыты.
Для спрактыкаванай праваабаронцы кадры са здзекамі над пратэстоўцамі і затрыманымі ў Беларусі сталі шокам. Гэта наступствы беспакаранасці супрацоўнікаў, упэўненая экспертка.
— У Расіі таксама практычна няма заведзеных крымінальных спраў супраць сілавікоў, якія бʼюць пратэстоўцаў, нягледзячы нават на відэадоказы. Яны недатыкальныя. Улада дзейнічае паводле прынцыпу «сваіх не здаём», ад гэтага сілавікі адчуваюць сваю поўную беспакаранасць, што яшчэ больш пагаршае сітуацыю.
Лідары Беларусі і Расіі вельмі падобныя, і, адпаведна, нашы сілавыя структуры таксама. Узаемны абмен досведам і практыкамі відавочны. Напрыклад, тое, што адбывалася ў Беларусі ў жніўні, калі «касманаўты» ганяліся за пратэстоўцамі па дварах, урываліся ў падʼезды, дакладна паўтарылася ў Расіі 2 лютага (акцыі пратэсту пасля прысуду Аляксею Навальнаму. — РС). Я глядзела на гэтыя аблавы ў дварах і бачыла беларускае лета.

«Навучаныя гісторыяй з Украінай расіяне не захочуць паўтарэння»

Нягледзячы на падабенства рэжымаў, расійскае сілавое ўварванне ў Беларусь малаімавернае, упэўнена экспэртка.
— Гісторыя з Усходняй Украінай, дзе канфлікт толькі працягвае эскалавацца, наклала вельмі цяжкі адбітак на людзей. І я лічу, што расійскае грамадства ўжо досыць сталае, каб не дапусціць паўтарэння такога сцэнару. Перадумовы для такой надзеі і аптымізму мы ўбачылі ў канцы лета, калі папаўзлі чуткі аб руху расійскіх войск у бок Беларусі. Тады зусім розныя грамадскія колы адназначна выказаліся супраць такога ходу падзей. Мне здаецца, такі грамадскі настрой унутры Расіі — дастаткова стрымальны фактар для Пуціна.