Фінскі міністр: «Уладзімір Макей баяўся анексіі Беларусі»

У інтэрв'ю фінскаму таблоіду дыпламат заявіў, што падтрымліваў сувязь з Макеем ад пачатку расійскага ўварвання ва Украіну.

Былы міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Фота: МЗС Беларусі

Былы міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Фота: МЗС Беларусі


Былы кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей баяўся, што Расія анексуе Беларусь пасля ўварвання ва Украіну, цытуе dailymail.co.uk міністра замежных спраў Фінляндыі Пеку Хаавіста. Фінскі дыпламат расказаў, як ён размаўляў з Макеем пасля таго, як Расія анексавала чатыры вобласці Украіны — Луганскую, Данецкую, Запарожскую і Херсонскую.

У інтэрв'ю фінскай таблоіднай газеце «Iltalehti», апублікаваным сёння, Хаавіста сказаў, што Макей «вельмі турбаваўся пра тое, ці будзе Беларусь пятай».

Фінскі палітык сказаў, што лічыць асцярогі Макея вартымі ўвагі, паколькі афіцыйны Мінск «ва ўсіх адносінах здаецца цвёрдым прыхільнікам Расіі».

Хаця Беларусь наўпрост не ўдзельнічала ў нападзе на Украіну, Аляксандр Лукашэнка дазволіў расійскім войскам выкарыстоўваць краіну ў якасці плацдарма, а таксама прадаставіў тэрыторыю для вайсковых вучэнняў і прыгразіў Украіне мерамі ў адказ, калі беларуская тэрыторыя падвергнецца нападу.

Хаавіста сказаў, што пры абмеркаванні патэнцыйных амбіцый Расіі з ілба Макея пачаў капаць пот і што, паводле слоў былога беларускага міністра, немагчыма прадказаць, хто наступным разам апынецца ў полі зроку імперскіх амбіцый Пуціна.

На мінулым тыдні група журналістаў апублікавала справаздачу, якая наводзіць на думку, што асцярогі Макея не былі неабгрунтаванымі.

У дакуменце сцвярджаецца, што Расія нібыта плануе анексаваць Беларусь і ўключыць яе ў склад Расійскай Федэрацыі да 2030 года.


У сакрэтным дасье, меркавана датаваным летам 2021 года, якое называецца «Стратэгічныя мэты Расійскай Федэрацыі ў Беларус», выкладзены тры магчымыя падыходы — кароткатэрміновы, сярэднетэрміновы і доўгатэрміновы — да анексіі Беларусі як «часткі гістарычнай Расіі».

Згодна з сярэднетэрміновым планам, Беларусь афіцыйна стане часткай Расіі ўжо ў 2025 годзе, у той час як доўгатэрміновы план прадугледжвае часавыя рамкі ў сем гадоў, пачынаючы з 2023 года.

Паведамляецца, што планы былі складзены Упраўленнем прэзідэнта РФ у супрацоўніцтве з падраздзяленнем урада, створаным Пуціным у 2018 годзе. Яго жаданне ўзяць пад кантроль Беларусь, на фоне вайны ва Украіне, не з'яўляецца нечаканасцю і наводзіць на думку, што Макей меў рацыю, турбуючыся наконт магчымай анексіі.


Фінскі міністр падтрымліваў кантакт з Макеем з самага пачатку вайны, таму што хацеў зразумець, што Беларусь думае пра Расію і яе ўварванне.

«За гэтым варта сачыць, таму што, нягледзячы на тое, што падтрымка Беларусі здаецца вельмі актыўнай, не ўсё так адназначна», — сказаў ён у сваім інтэрв'ю.

Хаавіста звярнуў увагу на тое, што Беларусь заявіла пра абсалютную падтрымку Расіі, але насамрэч не далучылася да канфлікту:

«Гэта дае двайны пасыл, што даволі цікава. Прынамсі, Беларусь яшчэ не далучылася да найбольш актыўных баявых дзеянняў па той бок мяжы».

Сам Макей стаў аб'ектам расследавання, у якім сцвярджалася, што беларускі палітык здзейсніў суіцыд усяго праз некалькі дзён пасля таго, як вярнуўся з сустрэчы з крамлёўскімі чыноўнікамі ў Арменіі.


Паводле выдання «Наша Н*ва», якое спаслалася на чатыры крыніцы, сябры Макея сказалі, што ён «балюча перажываў крушэнне таго курсу, які праводзіў».

Паводле «Daily Mail», Лукашэнка ўсё больш збліжаўся з Пуціным і намерваўся замяніць свайго галоўнага дыпламата, які прапрацаваў на пасадзе кіраўніка МЗС больш за дзесяць гадоў, таму што той «хацеў умацаваць адносіны Беларусі з Захадам».

«Апошнім часам яму было адмоўлена ў асабістай увазе [з боку Лукашэнкі], — ананімна цытуюць у расследаванні калегу Макея. — Для яго гэта было вельмі адчувальна».

Таксама прагучала, што былы міністр разумеў, што час яго дыпламатычнай службы заканчваецца, і што ён адчуваў сябе ўсё больш «непатрэбным» і «недарэчным».

Міністр замежных спраў Фінляндыі расказаў пра асцярогі Уладзіміра Макея пасля таго, як Лукашэнка «цалкам падтрымаў» прапановы кіраўніка КНР Сі Цзіньпінааб спыненні вайны ва Украіне падчас сённяшняй сустрэчы.