«Ёсць адчуванне, што рэжым можа быць скінуты, а вайна яшчэ будзе ісці»

Ці засталося куды манеўраваць флюгеру Лукашэнкі і ці атрымаецца ў яго пазбегнуць адказнасці за здзейсненыя злачынствы, паспрабавалі разабрацца беларускія аналітыкі і эксперты.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


«Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў» (BISS) выпусціў аналітычны даклад «Cаюзніца агрэсара». Аўтары даклада ўпэўнены, што непасрэднае ўцягванне Беларусі ў расійскую вайну супраць Украіны выклікае негатыўныя наступствы для краіны як з палітычнага, так і з міжнародна-прававога пунктаў гледжання.

Пачынаецца даклад так: «Пасля фальсіфікацый выбараў у 2020 годзе і жорсткага падаўлення пратэстаў аўтарытарны лідар краіны Аляксандр Лукашэнка аказаўся амаль у поўнай міжнароднай ізаляцыі. Унутры краіны яго негатыўны рэйтынг застаецца даволі высокім. Беларуская эканоміка ў 2022 годзе скарацілася на 4,7%, перспектывы яе аднаўлення вельмі цьмяныя, а сам рэжым можа аказацца ў сітуацыі фінансавага голаду. Акрамя таго, за два дзесяцігоддзі «саюзніцкіх» адносін з усходнім суседам за Лукашэнкам ужо назбіраўся доўгі спіс «грахоў» перад Расіяй і Пуціным у прыватнасці». Паводле ацэнкі аўтараў даклаа, праз сваё хісткае становішча Лукашэнка не можа дазволіць сабе адмовіцца ад удзелу ў геапалітычных гульнях Пуціна.

Таксама адзначаецца, што «з верасня мінулага года Лукашэнка перастаў падкрэсліваць няўдзел у вайне, разам з гэтым зацягнулася гучна абвешчаная справа аб амністыі, прапагандысты сталі часцей і больш атрутна нападаць на Украіну. Беларускі аўтакрат, хоць і з агаворкамі, прызнаў саўдзел у «СВА» і пагадзіўся на разгортванне РГВ (рэгіянальнай групоўкі войскаў), хаця і паднёс гэта ў спецыфічнай трактоўцы».

Адна з высноў, да якіх прыйшлі аўтары дакумента, такая: «Пытанне аб межах і ступені адказнасці Беларусі за акт агрэсіі альбо за аказанне дапамогі і садзейнічання ў ёй будзе вырашацца міжнароднай супольнасцю ў рамках права міжнароднай адказнасці...

Крымінальная адказнасць канкрэтных беларускіх службовых асоб за злачынствы агрэсіі будзе ажыццяўляцца спецыяльна створаным міжнародным трыбуналам альбо судамі Украіны ці іншых краін у рамках універсальнай юрысдыкцыі».

«Голас Амерыкі» папрасіў беларускіх экспертаў пракаментаваць аналітычны даклад BISS.

«Мы пастараліся паказаць, якім чынам Лукашэнка манеўруе і чаго ад гэтых манеўраў можна чакаць у будучыні»

Акадэмічны дырэктар «Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў» Пётр Рудкоўскі перш за ўсё ўдакладніў, што ёсць пралукашэнкаўскі інстытут з падобнай назвай у Мінску, таму ён сам і яго калегі выкарыстоўваюць лацінскую абрэвіятуру.

Гаворачы пра аналітычны артыкул, Рудкоўскі заўважыў, што яго галоўнай мэтай было даследаванне выклікаў, з якімі сутыкнулася Беларусь у кантэксце вайны ва Украіне, і глыбокага расколу, што абазначыўся паміж Расіяй і Захадам. А таксама тых наступстваў, якія гэтыя падзеі могуць пацягнуць для Беларусі.


«Галоўная выснова, да якой мы прыйшлі: Лукашэнка воляй-няволяй стаў саўдзельнікам геапалітычнай авантуры Пуціна. Канкрэтна — агрэсіі супраць Украіны. Але Лукашэнка па-ранейшаму манеўруе, гэта значыць ідзе на такія саступкі, якія потым можна будзе інтэрпрэтаваць на сваю карысць, няхай гэта саўдзел у агрэсіі, прадастаўленне тэрыторыі (для расійскага войска), прызнанне Данбаса, Луганска і Крыма расійскімі. Усё гэта зроблена ў такой ідэалагічнай абалонцы, дзе адзін мэсэдж супярэчыць папярэдняму або размывае яго», — растлумачыў Пётр Рудкоўскі.

«Новым дэмакратычным сілам Беларусі неабходна пераасэнсоўваць свае адносіны з Расіяй»

Незалежная экспертка ў сферы міжнароднага права, кандыдат юрыдычных навук Кацярына Дэйкала была запрошана для рэцэнзавання гэтага даследавання. На яе думку, гэты артыкул вельмі актуальны ў святле таго, што лукашэнкаўская Беларусь з самага пачатку расійскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну актыўна дапамагае інтэрвентам і з юрыдычнага пункту гледжання таксама з'яўляецца краінай-агрэсарам.

«І цяпер новым дэмакратычным сілам Беларусі і будучаму ўраду краіны, хто б у яго ні ўвайшоў, неабходна пераасэнсоўваць свае адносіны з Расіяй, якая ўсё роўна застанецца нашым геаграфічным суседам. І з улікам таго, што менавіта Расія дапамагла Лукашэнку ўтрымацца ва ўладзе», — адзначыла экспертка.

Кацярына Дэйкала дадала, што ў працы BISS разглядаюцца чатыры асноўныя аспекты ўдзелу Беларусі ў развязанай Расіяй поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны: «Па-першае, гэта кваліфікацыя дзеянняў краіны-суагрэсара за апошні год. Затым тое, як з юрыдычнага пункту гледжання варта назваць узаемаадносіны Расіі і Беларусі ў кантэксце размяшчэння расійскіх войскаў у Беларусі і выкарыстання яе тэрыторыі як плацдарма для нападу. Два іншыя блокі прысвечаны адказнасці Беларусі як дзяржавы і асабістай адказнасці службовых асоб, пачынаючы з Лукашэнкі».


На ўдакладняльнае пытанне, ці могуць будучыя ўлады дэмакратычнай Беларусі ў аднабаковым парадку дэнансаваць дамову аб стварэнні Саюзнай дзяржавы з Расіяй, Кацярына Дэйкала адказала сцвярджальна. «У гэтай дамове дакладна прапісана, што суверэнітэт абодвух членаў Саюзнай дзяржавы захоўваецца, што гэта два роўныя суб'екты. З юрыдычнага пункту гледжання гэта не кабальная дамова і там не сказана, што хтосьці не можа з яе выйсці.

Іншая справа, што юрыдычных перашкод нашмат менш, чым палітычных, і ў гэтым плане выбудоўванне адносін з Расіяй пасля змены рэжыму Лукашэнкі будзе залежаць ад вельмі шматлікіх фактараў: у якім стане будзе знаходзіцца Расія, якім будзе вынік вайны (супраць Украіны) і наогул ці скончыцца яна да гэтага часу. Таму што ёсць адчуванне, што рэжым Лукашэнкі можа быць скінуты, а вайна яшчэ будзе ісці. А можа быць, і не — цяпер гэта складана прадказаць», — лічыць юрыдычная экспертка.

Ці застаецца ў Лукашэнкі прастора для манеўру?

«Да таго часу, пакуль рэжым Лукашэнкі афіцыйна не прызнаў анексаваныя тэрыторыі, прастора для манеўру ўсё яшчэ застаецца... — гаворыцца ў дакладзе «Саюзніца агрэсара». — Праз моцную залежнасць ад Крамля Лукашэнка паслядоўна падыгрывае яму. Але ў рамках гэтага падыгрывання ён спрабуе абмежавацца толькі сімвалічнымі жэстамі, закліканымі ствараць бачнасць лаяльнасці». Кіраўнік незалежнага беларускага «Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу» Павел Усаў у сувязі з гэтым разважае, якімі могуць быць рамкі самастойных паводзін Лукашэнкі ў гэтай сітуацыі і да якой ступені ён можа толькі «падыгрываць Пуціну», «абмяжоўвацца толькі сімвалічнымі жэстамі», а пры якіх умовах яму давядзецца ўводзіць беларускае войска на тэрыторыю Украіны.

«Беларускае войска ўвойдзе ва Украіну толькі тады, калі Расія абвесціць Украіне вайну», — лічыць эксперт. На яго думку, пакуль ідзе «спецыяльная вайсковая аперацыя», якая не прадугледжвае ўцягвання ні расійскага войска ў поўным маштабе (гэта значыць, тэрміновай службы), ні разрыву дыпламатычных адносін, няма фармальных умоў і перадумоў для таго, каб Беларусь поўнамаштабна ўвязалася ў вайну. Бо вайны нібыта ніякай няма, Пуцін яе не абвясціў, нягледзячы на сур'ёзныя паражэнні расійскай арміі ва Украіне.

«Таму што «СВА» фармальна не прадугледжвае такога варыянту. І для Лукашэнкі менавіта сам статус «спецыяльнай ваеннай аперацыі», вызначаны Пуціным, якраз і з'яўляецца тым выратавальным інструментам, на які ён можа спасылацца, гаворачы пра тое, што гэта, маўляў, ваша «спецыяльная ваенная аперацыя», гэта не дзеянні ў рамках Саюзнай дзяржавы. Пуцін баіцца аб'яўляць вайну, за што яго крытыкуюць і справа, і злева, баіцца аб'яўляць поўнамаштабную мабілізацыю або частковую мабілізацыю з вядомымі наступствамі. Таму тут і фарміруецца поле для манеўру Лукашэнкі». 


«Што тычыцца іншых пытанняў, то пра якое прызнанне анексаваных тэрыторый можа ісці гаворка? Справа ў тым, што гэтыя тэрыторыі «ўвайшлі ў склад Расіі», і Лукашэнка не заявіў пратэст адносна таго, што не прызнае ўключэнне гэтых тэрыторый у склад Расіі. Наадварот, ён усяляк дэманструе, што Расія гэта зрабіла правільна, няма неабходнасці нешта прызнаваць. 

Лукашэнка падпісваў усе пагадненні ў рамках Саюзнай дзяржавы, разгарнуў рэгіянальную групоўку войскаў, таму асабіста я не бачу ніякіх магчымасцей для геапалітычнага або палітычнага манеўру. Беларусь цалкам знаходзіцца ў падпарадкаванні расійскіх стратэгічных інтарэсаў і стала такім ваенна-стратэгічным рэсурсам, які выкарыстоўваюць па сваім меркаванні.

Як толькі Пуцін наважыцца змяніць статус ваеннай аперацыі, перавёўшы яе ў вайну, і ўключыць афіцыйна працэс мабілізацыі ўсяго расійскага войска ў 1 мільён чалавек, уключаючы тэрміновую службу, то ў Лукашэнкі не застанецца ўжо аніякіх варыянтаў і Беларусь будзе ўцягнута ў адкрытае супрацьстаянне і вайну супраць Украіны», — заключае Павел Усаў.