На сайце Дзярждэпу ЗША з'явіўся раздзел аб прыцягненні рэжымаў Беларусі і РФ да адказнасці за вайну ва Украіне

«ЗША разам з хаўруснікамі і партнёрамі імкнуцца пераканацца ў тым, што Расійская Федэрацыя і рэжым Лукашэнкі ў Беларусі адчуюць на сабе эканамічныя і дыпламатычныя наступствы несправакаванай агрэсіі супраць Украіны», — сказана ва ўступным слове раздзелу.

photo_2022_09_21_21_03_15.jpg


«Асобы і арганізацыі, якія трапілі пад санкцыі, якія падтрымліваюць несправакаваную вайну, не змогуць ад іх схавацца. Наступствы нашых дзеянняў ужо ў наяўнасці: расійская і беларуская эканомікі ўжо сутыкнуліся з цяжкасцямі. Разам з нашымі саюзнікамі і партнёрамі будзем працягваць прымаць рашучыя эканамічныя і дыпламатычныя меры», — гаворыцца на сайце.

Звяртае на сябе ўвагу, што ЗША выразна падзяляюць «Беларусь» і «рэжым Лукашэнкі», пра што сведчыць і ўступнае слова ў новым раздзеле.

У блоку сабраны поўны спіс рэстрыкцый, які ЗША ўжо ўвялі супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі за саўдзел у вайне, сярод іх: санкцыі, экспартны і імпартны кантроль, візавыя абмежаванні і меры ў дачыненні да прыватнага сектара.

Усе рашэнні падаюцца ў храналагічнай паслядоўнасці са спасылкамі на адпаведныя абмежавальныя рашэнні Мінфіна і іншых структур урада ЗША.