«Нават калі давядзецца забраць паўгорада». РФ плануе зладзіць «вялікі тэрор» у Херсоне

З-за пратэстаў супраць захопнікаў Расія плануе зладзіць "вялікі тэрор" у Херсоне

1647528367_1814.webp

Рускія акупацыйныя войскі плануюць зладзіць "вялікі тэрор" у захопленым Херсоне, каб знізіць градус пратэстаў сярод мясцовага насельніцтва.

Пра гэта паведамляе газета Times, якая атрымала ў распараджэнне ліст супрацоўніка ФСБ.

У лісце, датаваным панядзелкам, 21 сакавіка, гаворыцца пра тое, што Крэмль больш не збіраецца "гуляць па-добраму" з пратэстоўцамі. Жыхароў горада плануюць забіраць з дамоў пасярод ночы: "Нават калі нам давядзецца забраць паўгорада — мы да гэтага гатовыя".

Таксама ў ФСБ заяўляюць, што калі б ім удалося выявіць лідараў руху пратэстаў, то гэтых людзей ужо ліквідавалі б. Дэманстрантаў ратуе толькі тое, што расійскія спецслужбы не ведаюць, каго менавіта ім трэба схапіць.

Ёсць таксама асцярогі, што пераход да гвалту можа скончыцца сапраўдным бунтам, здушыць які можна будзе толькі маштабнымі баямі.

Па словах крыніцы выдання ў ФСБ, апошнія некалькі дзён "з самага верху" было загадана знайсці рашэнне.

"Вялікі тэрор", каардынаваны спецслужбамі, будзе накіраваны на змяншэнне пратэстаў з дапамогай "надзвычай суровых метадаў разгону", у тым ліку "цяжкіх раненняў" асобных мітынгоўцаў.

Другі этап будзе палягаць у "тэроры ад дзвярэй да дзвярэй" з выкраданнем і вывазам жыхароў у Расію.

Нагадаем, расійскія войскі з 2 сакавіка кантралююць горад Херсон і яго наваколлі. З тых часоў мясцовыя жыхары пастаянна выходзяць на праўкраінскія мітынгі пратэсту. Дзякуючы моцнаму супраціву грамадзянскай супольнасці рускія правалілі прапагандысцкую акцыю з "прызнаннем" ХНР — Херсонскай народнай рэспублікі.

Паводле УНІАН