Пётр Кузняцоў: Выжывуць і перамогуць тыя, хто лепш гатовы менавіта да рэальнасці

Аналітык і заснавальнік «Моцных навін» разважае на гарачую тэму: чаму ўлады Украіны праігнаравалі заклік да аб’яднання Святланы Ціханоўскай, але вызналі прадстаўнікамі Беларусі полк імя Кастуся Каліноўскага.

06_kuznetsov_logo_1_1.jpeg

У сеціве проста сотні (хоць, можа, і тысячы) абураных каментароў беларусаў з нагоды таго, што ўкраінскія парламентарыі сустрэліся з прадстаўнікамі ПКК. З учарашняга вечара чытаю. Кіламетры цалкам аднолькавых («Ціханоўская — абраны прэзідэнт, а ПКК — ніхто») па сэнсе (а часта і падачы) ананімных выказванняў на сайтах і неананімных, але на 90% ад людзей, якія з'ехалі — у сацсетках.

Як чалавек неананімны, які не з’ехаў і не бачыў у вочы ні адной «метадычкі», а таксама які вельмі не любіць выказвацца на эмоцыях па сур'ёзных пытаннях, хачу ўставіць свае «пяць капеек» у такую вострую, з дазволу сказаць, дыскусію.

Тое, што Украіна будзе ставіцца да пытання ўлады (рэжыму) у Беларусі з улікам вопыту вайны, якая ідзе, як да пытання рэгіянальнай бяспекі, я пісаў яшчэ пару месяцаў таму. Хто ўважліва чытае, той успомніць. Гэта было ў той момант, калі сацсеткі гэтак жа бурлілі, абмяркоўваючы, што пасля вайны ўкраінцы мараць гандляваць з сённяшнімі беларускімі ўладамі (таму, каб не сварыцца з імі, і не сустракаюцца з Ціханоўскай). Дык вось, мая думка была, што — не збіраюцца, калі казаць менавіта пра цяперашнюю ўладу. Ну а не сустракаюцца з Ціханоўскай, напэўна, па нейкай іншай прычыне (гэта я ўжо пішу цяпер, але сэнс такі ж быў і тады).

Сёння мы наглядна бачым пацвярджэнне гэтых разваг. Украіна — дзяржава ў стане вайны, ужо вельмі ад баявых дзеянняў пацярпела і, мабыць, пацерпіць яшчэ. Таму ўкраінцы вельмі прагматычна канструююць сваю знешнюю палітыку, зыходзячы выключна з уласных інтарэсаў бяспекі. У гэтым кірунку яны шукаюць, у першую чаргу, ваенных саюзнікаў, якія маюць рэальную сілу і патэнцыял гэтую сілу нарошчваць. У адносінах да Беларусі яны такіх хаўруснікаў убачылі ў ПКК, што, па-мойму, можа камусьці моцна не падабацца, але выглядае цалкам лагічным з іх боку. Пытанні бяспекі і сілы неяк звязаныя паміж сабой, так ужо гістарычна павялося.

Гэта выдатна бачаць у Мінску і рыхтуюцца адбіваць пагрозу для сябе. У прынцыпе, на афіцыйным узроўні ўжо, па-мойму, практычна адкрыта кажуць пра тое, у чым бачаць выклікі. Зноў жа, усё стройна і лагічна. Украіна бачыць для сябе пагрозу ў мінскім рэжыме, Мінск — ва Украіне і яе беларускіх саюзніках, якія ўжо трымаюць зброю ў руках.

Цяпер да Офіса Святланы Ціханоўскай, або Кабінета, адсутнасць якога ў працэсе наладжвання адносін паміж Украінай і альтэрнатыўнымі беларускімі сілавікамі так абурыла прагрэсіўную грамадскасць.

Яшчэ па выніках канферэнцыі дэмсіл, якая прайшла 9 жніўня, практычна ўсе каментатары адзначылі, наколькі пераважным стаў дыскурс аб сілавым супрацьстаянні з уладамі. Адзначана гэта было не толькі ў каментарыях, але і пацверджана рэальнымі дзеяннямі — у Кабінет уключылі сілавікоў. Ну, на шостым месяцы вайны ў рэгіёне палітычная структура неяк на гэта адрэагавала і зрабіла спробу адаптавацца.

Прайшло два месяцы, і тыя, хто хаця б адным вокам назірае за навінамі з боку Кабінета, бачылі, што было шмат заклікаў да ўкраінцаў аб'ядноўвацца. Ну, вось яны прама гучалі так, што бачылася, як Ціханоўская ў гераічным супраціве Маскве павінна заняць месца побач з Зяленскім. Але, што праўда, у тых жа навінах калі і з'яўлялася інфармацыя аб дзейнасці Кабінета на сілавым кірунку, то прыкладна такога роду: «Сустрэліся і прадставілі план, як распрацаваць план».

Як мне ўяўляецца сітуацыя. Украіна як дзяржава шукае на беларускім кірунку саюзнікаў, на якіх можна было б абаперціся ў вырашэнні пытанняў бяспекі, то-бок, якія валодаюць сілавым патэнцыялам. Яна знаходзіць такіх саюзнікаў у асобе ПКК, якому давярае і ў чыім патэнцыяле лёгка пераканацца. Адначасова ні ПКК, ні ўкраінскія партнёры не хочуць бачыць над палком грамадзянскую палітычную надбудову, якая на дадзены момант, па сканчэнні ўжо васьмі месяцаў вайны, наогул ніякай эфектыўнасці ў ключавым для ваеннага часу пытанні сілавога супрацьстаяння не прадэманстравала. Гэта вось так, вельмі суха, без крытыкі і прэтэнзій, проста канстатацыя відавочнай карціны.


Мы, беларусы, вельмі заўсёды хочам, каб усе ставілі сябе на наша месца і падзялялі наш боль. Аднак у некаторых момантах проста ўсімі рагамі і капытамі ўпіраемся, каб не станавіцца на месца іншых.

Так, яшчэ момант — пытанне легітымнасці. Мяркуючы па каментарах, яго ніяк не абысці.

Тут, зноў жа, калі казаць суха, без эмоцый, абапіраючыся на факты, трэба зразумець некалькі момантаў.

Момант першы. 2020 год не з'яўляецца адназначнай крыніцай легітымнасці ні для каго, па адной простай прычыне: у 2020 годзе ніякіх выбараў як працэдуры дэлегавання той самай легітымнасці (згоды) не было. Выбары — гэта наогул не толькі пра працэдуру галасавання, гэта яшчэ і пра доступ да СМІ і інфармацыі, пра роўную і справядлівую рэгістрацыю кандыдатаў, падлік галасоў і кучу яшчэ ўсяго іншага. Тыя, хто кажуць, што Ціханоўская «выйграла выбары», альбо ідыёты, альбо свядома маніпулююць. Таму што выбары былі б пры ўмове, што ў іх маглі б прыняць паўнавартасны ўдзел пры роўных магчымасцях усе кандыдаты, якія заявілі свае амбіцыі і выканалі неабходныя ўмовы, а не тыя, каго зарэгістравала Ярмошына, ва ўмовах, калі іншых ужо рассадзілі па турмах.

У 2020-м у сэнсе дэлегавання былі «выбары без выбару»: тым, хто за Лукашэнку, было прапанавана галасаваць за Лукашэнку, тым, хто супраць — за Ціханоўскую, ліквідаваўшы ўсіх астатніх. І ў такога раскладу былі рэжысёры. Дык вось, выбары без выбару не цягнуць на працэдуру надання легітымнасці.

Можна, безумоўна, апеляваць да фактару лідарства ў палітычнай кампаніі, але гэта таксама сумніўны аргумент. Таму што, калі браць яго за аснову, тады легітымнасць лідарства, выбудаваную на аснове той выбарчай кампаніі, трэба дзяліць «на траіх»: Ціханоўскую, Калеснікаву і Вераніку Цапкала. Падазраю, што не ўсім гэтая ідэя прыйдзецца даспадобы.

Таму аргумент «Ціханоўская — абраны прэзідэнт», падазраю, вельмі мала падзейнічае на людзей, якія глядзяць на сітуацыю не з эмацыйнага пункту гледжання, а з палітычнага і прагматычнага. Мяркую гэтак жа, што ўкраінскую палітыку ў гэтым пытанні цяпер якраз вызначаюць зусім нерамантычныя эмоцыі з нагоды прыгожага беларускага жаночага трыа.

6cdc7f45_6ee4_4ee0_a541_0ef7d0d82841_w1200_r1.webp


У легітымнасці, калі ўжо мы закранулі яе, ёсць і іншыя вымярэнні. Ёсць такое паняцце — «міжнародная легітымнасць». Калі легітымнасць унутраная абапіраецца галоўным чынам на згоду (дэлегаваць паўнамоцтвы), то знешняя — на прызнанне міжнароднай супольнасцю. Тут ёсць пытанні. ОСТ правёў мноства сустрэч самага высокага ўзроўню. Аднак памылка лічыць, што гэта — эксклюзіўнае дасягненне і ніколі раней у беларускага дэмруху падобнага не было. Сустракаліся і з прэзідэнтамі ЗША, і з той жа Меркель Мілінкевіч сустракаўся яшчэ ў 2006 годзе. Але і праблема «міжнароднай легітымнасці» застаецца агульнай для ўсіх гэтых эпох: ніхто на афіцыйным узроўні ў міжнароднай палітыцы ні тады Мілінкевіча, ні цяпер Ціханоўскую дзеючай і легітымнай уладай у РБ не прызнаваў — такіх афіцыйных заяў або дакументаў проста не існуе.

Таму, мабыць, сёння міжнародная легітымнасць ОСТ як лідара беларусаў гэтак жа грунтуецца не на прызнанні, а на згодзе тых ці іншых кіраўнікоў весці з ёй тыя ці іншыя справы. Байдэн пагадзіўся сустрэцца і папіць гарбаты з печывам, Зяленскі — не пагадзіўся (пакуль) ні на што. Кожны, як бачым, у сваім праве.

Ну і апошняе, самае, на жаль, сумнае, балючае, але і блізкае да рэальнасці.

Ва ўмовах вакууму рэальнай легітымнасці, заснаванай на згодзе і (або) прызнанні, на першы план, як правіла, заўсёды выходзіць сіла.

Сіла таксама бывае крыніцай легітымнасці (згоды), калі іншага няма: калі не ўдаецца пераканаць апанента, яго можна прымусіць з сабой згаджацца ці хаця б не супраціўляцца. Ну, вось, у пэўным сэнсе такая сітуацыя зараз унутры Беларусі. Пасля 9 жніўня 2020 года было вялікае пытанне, на чым і хто цяпер выбудуе сваю рэальную ўладу. Рэжым адказаў на гэта выключна сілавым кампанентам, і гэта, будзем аб'ектыўныя, спрацавала. Для прыхільнікаў гэта стала якраз фактарам легітымнасці (згоды). Яны так паківалі галовамі і сказалі: «Так, бацька ў нас рэальны правадыр, хай намі і далей кіруе». Праціўнікі або з'ехалі, або змоўклі: калі яны з чымсьці не згодныя, гэта ні на што не ўплывае. Дык вось сіла і працуе.

У Твітары вядомы чалавек Джыпсінкоў вельмі трапна заўважыў: улада, заснаваная на сіле — гэта ж Сярэднявечча. У нас, маўляў, ёсць ужо адзін кіраўнік з аўтаматам.

Праблема і боль у тым, што вайна — гэта само па сабе Сярэднявечча, адсюль і ўсе вытворныя. Кіраўнік з аўтаматам ёсць, а ты ідзі яму растлумач што-небудзь без аўтамата, дый яшчэ ва ўмовах вайны, калі ўсе рамкі бурацца. Для нагляднасці: калі б у Зяленскага не было УСУ, ягоная рэальная легітымнасць скончылася б прыкладна 25-26 лютага пасля штурму Банкавай расійскім спецназам, разам з палітычнай кар'ерай і жыццём.

Вайна — гэта заўсёды легітымнасць сілы, на жаль. І ў Зяленскага УСУ ёсць, а вось у Кабінета ОСТ — не асабліва. А ПКК вось ёсць.

Сёння мы бачым, што ў рэгіёне ідзе вайна, і ўсё большае значэнне набывае менавіта ваенная сіла, што, наогул кажучы, лагічна. Яна становіцца рэсурсам, рухальнай сілай працэсаў і крыніцай легітымнасці дзеянняў палітычных сіл — у поўнай сярэднявечнай парадыгме, але мы ж памятаем: сама па сабе вайна — Сярэднявечча. Такая рэальнасць.

Усё напісанае, вядома, многім не спадабаецца, і, дапускаю, выкліча хвалю хейта — у нас гэта ўмеюць, асабліва калі закрануць «святое». Аднак, на жаль, мы жывём у жорсткі час і ў цвёрдым месцы: ніхто нам не абяцаў і не абяцае, што рэальнае жыццё будзе вельмі падобнае на наша ідэальнае пра яго ўяўленне, а навіны будуць толькі прыемнымі. Гэта трэба ўсвядоміць і прыняць: выжывуць і перамогуць тыя, хто лепш і хутчэй гэты час зразумее і акажацца гатовым менавіта да рэальнасці, якая фарміруецца з мноства абставін, што не заўсёды залежаць ад нас.