Святлана Ціханоўская прапанавала Уладзіміру Зяленскаму стварыць альянс

Дэмакратычная лідарка Беларусі запісала зварот да прэзідэнта Украіны — з прапановай аб'яднаць свае намаганні.

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская


Святлана Ціханоўская звярнулася да Уладзіміра Зяленскага. У сваім звароце яна падкрэсліла, што беларусы і рэжым Лукашэнкі — гэта не адно і тое ж, выказала сваю падтрымку народу Украіны і заклікала ўкраінскага прэзідэнта аб'яднаць намаганні для таго, каб беларусы маглі дзейнічаць разам з украінцамі.
«Я веру, што Расія зведае паразу, а Украіна адновіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і абароніць незалежнасць, — сказала Ціханоўская. — Беларусы ўвесь гэты час будуць з народам Украіны.
Беларусы — гэта не Лукашэнка. Лукашэнка — ганьба маёй краіны. Што Лукашэнка абвесціць заўтра ці паслязаўтра — невядома, бо ён ужо не прымае рашэнні, за яго гэта робіць Крэмль. Таму Беларусь павінна выйсці з ваенных, палітычных і эканамічных саюзаў з Расіяй, якія падрываюць нацыянальныя інтарэсы нашай краіны.
Спадар прэзідэнт Зяленскі, у адным са зваротаў вы сказалі: "Мы не просім свет змагацца замест нас, мы просім даць нам дапамогу". Беларусы таксама не просяць змагацца замест нас. Мы прапануем Украіне і ўкраінскаму народу збудаваць альянс з дэмакратычнай Беларуссю. Абʼяднаны Пераходны Кабінет гатовы да супрацы з Украінай і ўсталявання дыпламатычных і палітычных адносін. Мы гатовыя дзейнічаць разам з Украінай».
Гэта не першы раз, калі Ціханоўская звяртаецца да Зяленскага і спрабуе ўсталяваць сувязі з кіраўніцтвам Украіны. Прапанова стварыць альянс была агучана амаль тыдзень таму на Варшаўскім форуме бяспекі, а на пачатку верасня дэмакратычная лідарка Беларусі сустрэлася з прадстаўніком Офіса Зяленскага Аляксеем Арастовічам. У выніку гэтай сустрэчы была абмеркавана роля прадстаўніка па справах беларусаў ва Украіне.