«Поўная лухта». Ва Украіне зняпраўдзілі заяву Лукашэнкі пра ўдар ракетай па тэрыторыі Беларусі

Сённяшняя заява Аляксандра Лукашэнкі пра ўдар ракетай «Кропка У» па тэрыторыі Беларусі — гэта поўная лухта. Так ахарактаразываў гэтую інфармацыю сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) Украіны Аляксей Данілаў.

danilau_1503.jpg

«Мы цывілізаваная нацыя, мы не забіваем дзяцей і жанчын, а абараняем сваю зямлю», — падкрэсліў ён.

Як распавядае «Еўрарадыё», пра ракетны ўдар сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, інцыдэнт адбыўся два дні таму дзесьці каля Прыпяці. Аніякіх доказаў сваіх слоў ён не прывёў.

Таксама Данілаў выказаўся пра беларускае войска. Паводле яго слоў, Украіна мае звесткі, што «пераважная большасць беларускіх вайскоўцаў адмаўляюцца ўступаць у вайну на баку рашыстаў. Беларусы бачаць, што сёння дух нашага войска, нашага грамадства, — велізарны. Акрамя таго, яны бачаць, колькі трупаў расіян і параненых прывозяць з Украіны».

Сакратар РНБА мяркуе, што Украіне трэба заключыць новы абарончы саюз. Саюзніцай павінна стаць дзяржава, якая валодае ядзернай зброяй: сёння гэта Вялікабрытанія.