У Мінску з’явіліся ўлёткі з заклікам да ўсеагульнага страйку
Такая абвестка вісіць у ліфце аднаго з офісных цэнтраў Мінска, дзе знаходзіцца рэдакцыя «Новага Часу».
Працаўнікі мінскага электратэхнічнага заводу сабраліся на пратэст днём 11 жніўня. Хадзілі чуткі пра забастоўку, але некаторыя рабочыя вярнуліся да працы, чакаюць сустрэчы з кіраўніцтвам.
Як паведаміў Свабодзе адзін з рабочых, у цэху №11 на сходзе прысутнічалі каля 200 чалавек — кажа, «такіх сходаў не было з савецкіх часоў». З завадской сталовай некаторыя людзі сталі выходзіць праз галоўную прахадную, калона рушыла ў бок плошчы Перамогі.
Паведамляецца, што працаўнікі заводу патрабуюць спыніць гвалт супраць мірных грамадзянаў і «правакацыі для апраўдання дзеянняў сілавікоў», вызваліць дэманстрантаў і вярнуць доступ да інтэрнэту.
Некаторыя тэлеграм-каналы паведамляюць пра спыненне працы на Жабінкаўскім цукровым заводзе, Мінскім маргарынавым заводзе.
Таксама паведамляецца, што кіроўцы тралейбусаў 4-га тралейбуснага парка адмаўляюцца выходзіць на працу ўвечары пасля інфармацыі пра параненага кіроўцу аўтобуса.