Украіна рыхтуецца да магчымага наступу з Беларусі: мініруе праходы і ставіць загароды

Украінская армія рыхтуецца да магчымага наступу з Беларусі. Украінскі генерал Сяргей Наеў адзначыў, што цяпер ідзе мініраванне небяспечных напрамкаў і ўладкаванне інжынерных загарод.

Камандуючы Аб'яднаных сіл Узброеных сіл Украіны генерал-лейтэнант Сяргей Наеў

Камандуючы Аб'яднаных сіл Узброеных сіл Украіны генерал-лейтэнант Сяргей Наеў

Камандуючы Аб'яднаных сіл Узброеных сіл Украіны генерал-лейтэнант Сяргей Наеў наведаў пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў на поўначы, а таксама праверыў падрыхтоўку да магчымага наступу з Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба камандавання Аб'яднаных сіл УСУ, піша korrespondent.net.

Па словах Наева, абарончыя рубяжы павінны стаць непраходным «шчытом», каб не паўтарыўся наступ з тэрыторыі Беларусі.

«Цяпер сітуацыя цалкам кантралюецца вайсковымі часткамі УСУ, падраздзяленнямі Дзяржаўнай памежнай службы, падраздзяленнямі іншых ваенных фарміраванняў і праваахоўных органаў. Штодня нашы абаронцы выконваюць комплекс мерапрыемстваў па паляпшэнні інжынернага абсталявання абарончых пазіцый», — заявіў генерал-лейтэнант падчас сустрэчы з абаронцамі мяжы.

Па словах Наева, цяпер ідзе мініраванне небяспечных напрамкаў і ўладкаванне інжынерных загарод. Праца працягваецца ў штабах і органах ваеннага кіравання. Дасведчаныя баявыя генералы распрацоўваюць стратэгію абароны, а камандзіры на месцах кіруюць асабістым складам, сказаў вайсковец. І заявіў, што упэўнены ў тым, што «абарона будзе ўстойлівай і непраходнай для праціўніка».