Украіна згодная на «велікоднае перамір'е» з Расіяй
Украіна пацвердзіла сваю згоду на прапанову Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша аб чатырохдзённай гуманітарнай паўзе на Вялікдзень.
«Цалкам падзяляем меркаванне, што гуманітарная паўза неабходная для бяспечнай эвакуацыі тысяч грамадзянскіх асоб, якія жадаюць пакінуць небяспечныя зоны рэальных і магчымых баявых дзеянняў, у першую чаргу са шматпакутнага Марыупаля», — гаворыцца ў заяве МЗС Украіны.
Украіна заяўляе, што Расія павінна спыніць напады на грамадзянскія аб'екты і паважаць міжнародныя намаганні па абароне медыцынскага і гуманітарнага персаналу, бальніц і іншых медустаноў.
«Адзначаем, што блакады расійскімі вайскоўцамі ўкраінскіх гарадоў, у прыватнасці, Марыупаля, яшчэ больш абвастраюць і без таго крытычную гуманітарную сітуацыю для грамадзянскага насельніцтва і перашкаджаюць эвакуацыйным намаганням. Расія павінна неадкладна спыніць гэтыя блакады», — заяўляе МЗС Украіны.
Нагадаем, учора генеральны сакратар ААН заклікаў Украіну і Расію абвясціць чатырохдзённае перамір'е на Вялікдзень і адкрыць гуманітарныя калідоры. Гутэрыш заявіў, што паўза дазволіць мірным жыхарам пакінуць месцы, дзе ўжо ідуць або чакаюцца баявыя дзеянні, а таксама падвезці гуманітарную дапамогу жыхарам Марыупаля, Херсона, Данецка і Луганска.
Паводле reform.by.