Ва Украіне не выключаюць паўторнае ўварванне з тэрыторыі Беларусі
Зяленскі даручыў праверыць гатоўнасць да ўварвання з Беларусі ў чатырох абласцях Украіны
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў шэрагу ведамстваў праверыць гатоўнасць да абароны краіны ў чатырох абласцях у выпадку паўторнага ўварвання з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ў чацвер, 16 чэрвеня, паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў у эфіры праграмы «Кажа вялікі Львоў».
«Што тычыцца напрамку з Беларусі. Я хачу паведаміць, што акрамя РНБА ёсць Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага... Учора прэзідэнт сабраў стаўку, і прагаворвалася менавіта гэтае пытанне — пытанне Беларусі.
Давалі ацэнку ўсе нашы органы, якія да гэтага датычныя, — што адбываецца, у якім стане знаходзіцца сёння войска Беларусі, колькі там вайскоўцаў РФ, якія планы. Усё гэта знаходзіцца на кантролі нашага прэзідэнта, і стаўка ўчора менавіта на гэты конт працавала даволі доўга. І я лічу, што дастаткова эфектыўна.
У выніку ёсць даручэнне — цяпер будзе праходзіць праверка ў чатырох абласцях стану падрыхтоўкі ў выпадку, калі будуць праходзіць паўторныя выклікі для нашай краіны», — падзяліўся Данілаў.
Ён дадаў, што для абароны краіны праводзіцца шмат працы, якая не афішуецца, не з'яўляецца публічнай.
Паводле korrespondent.net