Вайна ва Украіне і будучыня Беларусі — тры варыянты развіцця падзей
Эксперты спрабуюць спрагназаваць будучыню Беларусі ў залежнасці ад развіцця падзей на фронце. Пазітыву мала, але надзея ёсць!
Перамога Украіны ў вайне супраць Расіі магла б прывесці да ўзнікнення ўнікальнай магчымасці для дэмакратычных сіл змяніць сітуацыю ў Беларусі, мяркуюць эксперты.
Агрэсія Расіі супраць Украіны наўпрост уплывае на сітуацыю ў Беларусі — нягледзячы на тое, што Аляксандр Лукашэнка не адпраўляў свае войскі праз паўднёвую мяжу. Аднак прысутнасць ПВК «Вагнер» на беларускай тэрыторыі і заявы пра трэніроўку «вагнераўцамі» арміі Беларусі зноў прыцягнулі ўвагу грамадскасці да таго, што адбываецца ў краіне, піша «Голас Амерыкі».
Якія наступствы для самога рэжыму і для дэмакратычных сіл Беларусі будзе мець ход вайны ва Украіне?
У дакладзе «Як вайна Расіі ва Украіне можа паўплываць на Беларусь», падрыхтаваным медыйна-аналітычнай платформай «Visegrad Insight» у супрацоўніцтве з незалежным аналітычным цэнтрам «Германскі фонд Маршала ЗША» (The German Marshall Fund of the United States), прыводзяцца тры сцэнары развіцця падзей.
Першы — эскалацыя вайны з боку Расіі і непасрэдны ўдзел войскаў Беларусі ў ваенных дзеяннях ва Украіне. У дакладзе падкрэсліваецца, што ўвод беларускіх войскаў ва Украіну прывядзе да пэўнага расколу сярод рэжыму, але маргіналізуе беларускія дэмакратычныя сілы. Беларускае грамадства, у асноўным, працягне выступаць супраць прамога ваеннага ўдзелу Беларусі ў вайне, але сама краіна акажацца ў яшчэ большай міжнароднай ізаляцыі.
Другі — вайна ва Украіне зацягваецца на нявызначаны тэрмін, ні адзін з бакоў не атрымлівае адчувальнай перавагі. У гэтым сцэнары залежнасць беларускага рэжыму ад Расіі ўзмацняецца, што яшчэ больш падрывае суверэнітэт і самастойнасць Беларусі. У шэрагах дэмакратычных сіл узмацняюцца ўнутраныя рознагалоссі, яны не могуць уплываць на грамадскую думку. Некаторыя прадстаўнікі Захаду заклікаюць да аднаўлення кантактаў з рэжымам пры пэўных умовах, сярод якіх можа быць вызваленне палітвязняў.
Трэці сцэнар — Украіна перамагае ў вайне, уплыў Расіі на Беларусь слабее, дэмакратычныя сілы ў Беларусі актывізуюцца і больш узаемадзейнічаюць з грамадскасцю, а ўвага з боку Захаду да Беларусі зноў узмацняецца. Лукашэнка спрабуе пазіцыянаваць сябе ў якасці міратворца, адначасова ўзмацняючы рэпрэсіі супраць апазіцыі.
У дакладзе адзначаецца, што цяжар наступстваў кожнага са сцэнарыяў для Беларусі істотна адрозніваецца, у той час як трэці варыянт з'яўляецца самым пераважным для апазіцыі, бо можа даць ёй магчымасць мабілізаваць насельніцтва на супрацьстаянне рэжыму.
«Прадэмакратычныя сілы як унутры Беларусі, так і за мяжой выразна прывязваюць свае надзеі на спрыяльнае развіццё падзей да перамогі або да прэваліравання Украіны ў вайне, — сказала экспертка фонду Маршала Марына Рахлей. — Любое паражэнне Пуціна і любое паслабленне рэжыму ў Расіі можа прывесці і да паслаблення яго ўплыву на Беларусь».
«Што тычыцца першага сцэнара, з прамым уцягваннем беларускіх войскаў у вайну ва Украіне, то ён, безумоўна, пагоршыць і без таго замарожаныя адносіны з Захадам», — адзначае эксперт па пытаннях еўрапейскай палітыкі «Vysegrad Insights» Войцех Пшыбыльскі. Ён падкрэсліў, што калі Беларусь увядзе войскі ва Украіну або будзе ўдзельнічаць у ёй больш актыўна, то Захаду трэба быць гатовым да ўвядзення «сур'ёзнага пакета санкцый» у дачыненні да Мінска, адначасова узмацняючы межы сваіх дзяржаў з Беларуссю.
У другім сцэнары, адзначае ён, Захаду варта прытрымлівацца палітыкі непрызнання рэжыму і не патрапіць у пастку, калі Расія заклікае да мірных перамоў, а Лукашэнка выстаўляе сябе ў якасці пасярэдніка. Аднак для дэмакратычных сіл у Беларусі другі сцэнар не ўяўляе аніякай магчымасці змяніць сітуацыю ў краіне, адзначае Пшыбыльскі.
Аўтар даклада, экспертка фонду Маршала Кацярына Лозка адзначыла, што, нягледзячы на тое, што трэці сцэнар разглядаецца аўтарамі даклада як самы аптымістычны, ступень уплыву яго на дэмакратычныя змены ў самой Беларусі вельмі складана ацаніць праз непрадказальнасць ступені расколу эліт рэжыму, здольнасць апазіцыі згуртавацца, а таксама агрэсіўнасць у падаўленні апазіцыйных настрояў.
Даклад заклікае дэмакратычныя краіны надаваць першарадную ўвагу падзеям унутры Беларусі і быць гатовымі да магчымага з'яўлення там новых палітычных лідараў і сіл. «Па меры таго, як пратэсты 2020 года ўсё больш сыходзяць у мінулае, а дэмакратычныя сілы становяцца ўсё больш раздробненымі, Захаду варта было б утрымліваць Беларусь у сваім парадку дня і аддзяляць яе ад Расіі, а народ — ад рэжыму», — падкрэсліваецца ў дакуменце.
У дакладзе адзначаецца, што вырашальным у вызначэнні сцэнара стане перыяд паміж вераснем 2023 года, калі стануць зразумелымі першыя вынікі контрнаступлення Украіны, і лютым 2024 года, калі пройдуць парламенцкія выбары ў Беларусі.