Алеся Яўдаху абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў
Пра гэта ў сваім акаўнце Facebook напісаў Усевалад Сцебурака.
«Асобы з КДБ, што рабілі вобшук уначы на кватэры Алеся прадʼявілі родным ордэр і сказалі, што Алесь арыштаваны па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (Крымінальны кодэкс РБ арт 293, частка № 3). Паведамілі, што Пракуратура будзе «ізвешчана» сёння. Паколькі верагодна затрыманы ў СІЗА КДБ — перадачаў пакуль не возьмуць. З кватэры ўзялі нешта сімвалічнае. Вярнулі ключы ад машыны, на якой Алесь прыехаў на Кастрычніцкую (месца затрымання)», — напісаў ён.
Алеся Яўдаху скралі невядомыя 21 сакавіка, адразу пасля літаратурнай прэміі «Дэбют», на якой ён прысутнічаў.
Перад затрыманнем у кватэры кнігараспаўсюдніка КДБ правёў ператрус.
«Збіраюць вінаватых пад справу асіповіцка-бабруйскіх лагераў баевікоў. Гэта не содні. Гэта гады і маштаб Эрдаганаўскага «перавароту». Трэба апраўдваць тэрор сілавікоў і вертыкалі. Будуць новыя Кавалевы…», — падсумаваў Усевалад Сцебурака.
У 2012-ым годзе Алеся Яўдаху прызналі вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і прысудзілі год «хатняй хіміі» ды 57 мільёнаў штрафу.
Таксама ўначы стала вядома пра арышт ды жорсткае збіццё аднаго з лідараў колішняга «Белага Легіёну» Міраслава Лазоўскага.
Паводле belsat.eu