Беларускі гурт дамогся выдалення з Youtube фільму пра «Белы легіён»
Па просьбе беларускіх музыкаў з гурту Irdorath сэрвіс Youtube выдаліў фільм Белтэлерадыёкампаніі «Белый легион чёрных душ».
Адзін са стваральнікаў гурту Уладзімір распавёў Радыё Свабода, што музыкі падалі скаргу на тэлеканал, паколькі той без дазволу гурту выкарыстаў іх кампазіцыю.
«Мы сваю музыку ніколі не асацыявалі з палітыкай, а тым больш з дзяржпрапагандай. Тым больш пад такім кантэнтам мы б ніколі не падпісаліся. Гэты фільм быў зроблены па замове пасля вядомых падзеяў. Наша музыка там гучаць не павінна, і нашага імя там быць не павінна».
Аўтарскія правы на выкарыстаную песню належаць Надзеі, ідэйнай натхняльніцы гурту Irdorath. Менавіта яна падала скаргу. Аднак, паводле музыкаў, судзіцца з БТ яны не збіраюцца.
«Судзіцца з такім гігантам — гэта трэба жыццё на гэта пакласці. Але нас задавальняе і гэты вынік. Youtube адрэагаваў хутка. І пакуль мы не плануем судзіцца», — сказаў Уладзімір.
Без дазволу праваўладальніка ў фільме БТ была выкарыстаная вось гэтая кампазіцыя:
Фільм «Белы легіён чорных душ» БТ паказала 12 красавіка. Свабода падрабязна прааналізавала змест і пасланні фільму, якія афіцыйная прапаганда выслала праз яго грамадству.
svaboda.org